Літоўскі воўк
Шрифт:
Буевіч гасцінна махнуў рукой, звяртаючыся да афіцэра:
— Прашу пана…
Жандар павесялеў. Ром забулькатаў у чарачку.
— Гм, здароўе паноў, — сказаў жандар, перакуліў чарку, пасмакаваў у роце, глынуў. — Я думаю, — жандар прадыхнуў, — што тут не павінна быць крыўды за ператрус. Прыйшла дэпеша — пад Рэйтанавам затрымалі чалавека з падрыўной літаратурай. Герцэн і ўсялякае такое. Вы разумееце, што гэта значыць? А ром харошы. З водарам.
Жандар панюхаў пустую чарачку. Яму налілі яшчэ.
Буевіч прапанаваў:
— Падмацуйцеся,
Жандар не стаў грэбаваць. Пэўна, выгаладаўся.
— Дык што, ангелец па-расейску ні бум-бум? — спытаў ён і далікатна ўзяў нейкі крэкер.
— Ні слова, — адказаў Буевіч.
— Гм, навучыцца, — сказаў, пражоўваючы, жандар. — Пацягнула ж яго ў такі час у дарогу.
— Які час, пане капітан?
— Ну… з палякамі, — адказаў жандар. — Але і твар у яго, у гэтага вашага ангельца, — паказаў ён на замежніка. — Нахаба. Быццам мы — не людзі.
— Ды ну, пане афіцэр, — здзівіўся Буевіч, паглядзеў на ангельца.
Той таксама паглядзеў на жандара і на Буевіча. Глядзеў і не міргаў нават.
— Гэта ж тыповая ангельская, выбачайце, морда, — сказаў Буевіч. — Яны толькі авёс, выбачайце, спажываюць… Слухайце, спадар афіцэр. Вось мой сакваяж з правізіяй. Давайце падсілкуемся па-сапраўднаму. У мяне і фляжка ёсць з цудоўным напіткам. Гэта, канечне, не ром, але рэч выдатная…
— Паглядзіце, майце ласку, вось гэтае апісанне, — сказаў жандар, прымаючы наступную поўненькую чарачку і падаючы Артуру складзены ў чатыры столкі ліст паперы. — Параўнайце апісанне з фізіяй гэтага аматара аўса.
Буевіч пачытаў, пажаваў вуснамі, скрывіўся.
— Абсалютна выпадковае супадзенне, — сказаў ён.
— Э, не, — пахітаў галавой жандар. — Не выпадковае. Я, выбачайце, хадзіў у свой час на публічныя лекцыі… Ведаем, што англы — арыйцы, індаэўрапейцы. Славяне — таксама… Чаму б, выбачайце за грубасць, мордамі не быць падобнымі?
— А гэта хто? — Буевіч падняў паперку.
— Крымінальны злачынец. Крымінальнік… Абрабавалі паштовы абоз.
Буевіч неадабральна пахітаў галавой, аддаў паперыну, наліў чарачкі.
— Ці ведаеце, спадар афіцэр, што, уласна кажучы, англасаксы пайшлі на астравы Брытаніі з вусця Лабы…
— Як? — здзівіўся капітан. — Гэта ж недалёка адсюль… Зрэшты, ці не намякаеце вы на Германію? І разам з тым на маё прозвішча.
— Выбачайце, я ўжо і забыў ваша прозвішча, хоць вы і прадстаўляліся… Фогель?
— Так точна, капітан жандармерыі Фогель… Думаю, у нас будуць прыязныя адносіны…
Мужчыны перакулілі чарачкі.
— Вось я і кажу, — адзначыў Буевіч, — што англасаксы перасяліліся недзе яшчэ ў VIII ці IX стагоддзі на Брытанскія астравы.
— Гм, дзівосы, панове, на зямлі бываюць, — пахітаў галавой жандар. — Вось адкуль інтарэс Англіі да бунту ў Польшчы. Голас крыві, выбачайце, хоць і далёкі, але чуюць… І вось што самае смешнае, там, у Варшаве, заклікаюць да крыві, а сама польская шляхта на барыкады не вельмі спяшаецца… Гэтых бунтуюць, якія тут. Прашу прабачэння, вас, значыць, праваслаўных.
— Нас?
— Тутэйшае, спрадвечна рускае насельніцтва… Нават з тых, якіх гвалтам апалячылі.
Чарговая чарачка кульнулася ў ружовы равок паміж шэрымі, абкуранымі вусамі і ніжняй губой.
— Не апалячаны, але пераведзены ў каталіцтва. Ды і не гвалтам, самахоць… — сказаў Буевіч і на гэты раз не выпіў.
— Згодзен, хоць не цалкам. Тутэйшае насельніцтва, маю на ўвазе Паўночна-Заходні край, богабаязнае і да падбухторванняў абыякавае, ці не так, пане Буевіч?!
— Так, пане афіцэр, — згадзіўся Буевіч і падаў жандару добры кус шынкі і кавалак хлеба.
— Вось я і кажу. Магнатам добра. Магнатам, увогуле памешчыкам, землеўласнікам царскія войскі ой як патрэбны, каб мужык ціха сядзеў. Вось калі мужыка зачэпяць, то гэта ўжо бяда. Гэта вам не польскі фанатызм, а нешта больш, гэтак сказаць, энергетычнае…
Жандарскі афіцэр перастаў сачыць, як ягоныя падначаленыя робяць вобыск. Яму хацелася пагаварыць.
— Яму, мужыку, няма чаго губляць. На некалькіх дзесяцінах сядзяць, з голаду пухнуць, бо ў кожнай сям'і шасцёра-сямёра дзяцей. Добра, калі ў каго дзесяцін тых за дваццаць, ды лугу-сенакосу яшчэ валока. Тады сядзі ды гора не ведай.
— Спадар афіцэр, прашу прабачэння, пан родам адкуль? — пацікавіўся Буевіч.
— Магілеўскі я. Ну, вядома, прозвішча паказвае нямецкі корань. Але мы сто гадоў, як абрушаныя. Ах, халера, хвайны ў ангельца ром. Калі можна, яшчэ чарачку.
Але наступную чарачку афіцэр не выпіў. Здарылася непрыемнасць. Жандары пачалі распакоўваць чарговы куфэрак і выцягнулі жаночае адзенне. Паненка прамовіла гучны санорны гук, падбегла да куфэрка і, моцна выгаворваючы жандарам па-польску, паспрабавала прыкрыць вечка.
— Так, хм… — насупіўся жандарскі афіцэр, даў каманду падначаленым, падышоў да куфэрка сам.
— Jak tak? — крычала паненка. — U kobiety moga by'c sekrety?! Panie oficerze?!
Паненка дастала з куфэрка прыгожанька аздоблены сакваяжык. Нельга было не заўважыць, што ён быў цяжкаваты. Настолькі, што паненка з напружаннем трымала яго ў руках. А каб гэтага не было відаць, яна прыціскала сакваяжык да грудзей.
— Jestem kobieta. Panowie nie rozumie?
Ангелец паціху абураўся, раззлавана сакатала паненка. Капітан Фогель махнуў рукой падначаленым, што азначала адбой ператрусу.
Раздзел IV. Даю вам волю
1. Бажэсцвенны інструмант
Тым часам Стасік дайшоў да вазка і па-змоўніцку абвясціў:
— Жандары новыя! Нікога не пазнаў… Вусаты капітан робіць вобыск. Будуць адкрываць і гэтыя скрыні. — Стасік пастукаў кулаком па вечку. — Артур сказаў, каб мы ў твань цяжэйшую закапалі. Толькі скрытна… Спачатку во гэтую, а другую скрынку — потым. Барзджэй толькі…