Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Шрифт:
Цiха падпоўз Мiколка да машынiста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Мiколка хуценька перадаў аб усiм, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго i глядзi, развiднее.
Доўга не збiралiся. Адзiн за адным з вялiкiмi перасцярогамi лезлi пад падлогу, па аднаму выбiралiся з-пад ганка i адтуль Мiколкавым спосабам паўзлi да дроў. Мiколка сядзеў пад ганкам i скрозь ранiшнi змрок сачыў за Паўлавымi сiгналамi. Апусцiць той руку за штабелем дроў - значыць можна паўзцi чалавеку. Падыме руку - значыць нельга, няйначай часавы ходзiць па насцiлу, над ганкам. Так i выпусцiў усiх восем чалавек, арыштаваных немцамi.
А
I, магчыма, доўга б прасядзеў так Мiколка, каб не выручылi рабочыя. Павел загадаў двум рабочым перайсцi на другi бок пакгаўза i там чым-небудзь адцягнуць увагу часавога, прымусiць яго перайсцi на другi бок. Так i зрабiлi. Рабочыя адышлiся на добрую адлегласць i пачалi гучную гутарку, нiбы ў сварку ўкiнулiся адзiн з адным. Услухаўся часавы, падняўся з месца, падаўся ў другi бок пакгаўза. Не то праверыць хацеў, што там робiцца, не то проста пабаяўся начальства, каб не заспела яго часам седзячым на пасту.
А Мiколка толькi i чакаў гэтай хвiлiны i, як маланка, сiгануў пад дровы. Там цiха i моўчкi пацiскалi яму руку, а стары машынiст Арлоў расцалаваў яго i, жартам пацягнуўшы за нос, цiха сказаў:
– I якi ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабiць вялiкiя... Ну, расцi, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такiх бальшавiкоў, як ты, не паважаюць...
"Такiх бальшавiкоў, як ты..." - ад такога гонару можна было падскочыць, прайсцiся калясом на руках сярод дроў. "Бальшавiкоў! Гэта не дзедавы турэцкiя крэпасцi, а куды важней..." - думаў i радаваўся Мiколка. Але трэба было хутка i непрыкметна разыходзiцца ад дроў ды хавацца, каб не папасцiся на нямецкае вока.
Так вызвалiў Мiколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькi, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавiцца ад нямецкага арышту.
Яшчэ не выспаўся Мiколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся i падумаў: "А што ж будзе там, ля пакгаўза?" I тут успомнiў: "А дзе ж дзед?" Учора, як разыходзiлiся ад пакгаўза, не заўважыў Мiколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.
Мiколка агледзеў вагон - няма дзеда. Выйшаў за дзверы - i там няма. Запытаў у мацi. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда i не ведае, дзе ён цяпер.
"Няйначай, там..." - мiльганула думка, i Мiколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо i, каб не быць заўважаным нямецкiмi часавымi, разам з рабочымi перабраўся праз пуцi пад штабелi дроў. Даволi высока забралася ўжо сонца i мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружылiся галубы, усё вышэй i вышэй узнiмаючыся над страхой, паблiскваючы на сонцы беласнежнымi крыллямi.
"Вiдаць, нехта папужаў iх..." - падумаў Мiколка.
I сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушылiся людзi. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкi вагон, якi сурова пазiраў на Мiколку сваiмi грознымi вокнамi з тоўстымi жалезнымi кратамi. На падножках вагона стаялi нямецкiя часавыя. Ля вагона i паравоза завiхалiся стрэлачнiк i счэпшчыкi, машынiст курыў цыгарку i злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Мiколку, ён сярдзiта замахаў на яго рукой з паравознай будкi i крыкнуў цiха:
– Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзiш ты дзе не трэба...
"Вiдаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе..." - падумаў Мiколка. Але ўспомнiў ноч i пусцiўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя... Вось заскачуць немцы, калi даведаюцца!
Мiколка хацеў яшчэ блiжэй падысцi да паравоза, каб разам з машынiстам пасмяяцца над дарэмнымi клопатамi немцаў. Машынiст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Мiколку рукой, нiбы хацеў сказаць: "Знаю, усё знаю... Не лезь на ражон дарэмна..."
Зразумеў Мiколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькi зiрнуў на пакгаўз. Той стаяў, як i раней. Той жа цяжкi замок вiсеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вiсела на замку. I толькi часавы быў не той, што ноччу.
У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамi, цiха падаўся ад вагона на стрэлкi. I тут успомнiў Мiколка пра дзеда: "Дзе ж ён падзеўся, аднак?"
I толькi падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Мiколка i пацiху падаўся ў дровы. Храп быў такi моцны, што станцыённыя вераб'i, прыляцеўшыя на дровы, палахлiва круцiлi з боку ў бок сваiмi дзюбамi. Яны скоса пазiралi на зямлю i палахлiва падымалiся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такiя страшэнныя, незразумелыя для iх гукi. Нават часавы ля пакгаўза пазiраў часам на штабелi дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго скiвiцы. Вiдаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.
На храп i дабраўся Мiколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшанiцу прадаўшы.
"З такiм гучным носам можна лёгка i ў турму патрапiць..." - падумаў Мiколка i пачаў асцярожна будзiць дзеда, торгаючы за руку.
Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:
– Другая арудзiя па бастыёну карцеччу, агонь!
Аж прысеў тут Мiколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвiлiся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:
– Эй! Хто там?
Аднак не iсцi ж Мiколку да часавога i растлумачваць яму, што ў дровах нiчога страшнага няма, што дзед Астап проста снiць свае турэцкiя баталii, ад якiх цяпер нiкому нi холадна нi горача. Мiколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй i лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.
Але Мiколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам i цiха шапнуў:
– Нiшкнi, дзед!
Часавы паслухаў, паслухаў - не чуваць нiчога - i паклыпаў на другi канец пакгаўза.
– Ну, цяпер выбiрайся, дзеду, з дроў i блiзка сюды не падыходзь. Аднак i падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту...
– хацеў Мiколка сказаць "заснуў", але не хацелася крыўдзiць дзеда.
– Што падкачаў, то падкачаў...
– вiнавата прамовiў дзед.
– Гады бяруць сваё, унучак мой... Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазiў, ды неяк i задрамаў... А тут i сняцца мне ўсякiя туркi ды крэпасцi. Усё наступаю ды наступаю. I вось-вось ужо ў атаку павiнен быў кiнуцца, а ты разбудзiў...