Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты хто, нешта цябе я не памятаю?
– Я таксама з табой незнаёмы... не даводзiлася сустракацца... працадзiў дзед скрозь зубы.
– А ты, чорт стары, адказвай, калi з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткiя... Хто i адкуль?
– усё пытаў расчырванелы ад злосцi пан.
– Чалавек я... Вось хто я.
Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукi. Кастлявыя былi гэтыя рукi, з шырокiмi пляскатымi далонямi, з вечнымi мазалямi, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамi ад мазуту. Зiрнуў на iх пан i затросся аж.
– Недарма ты ацiраешся тут сярод
– засiпеў ён i, заўважыўшы Мiколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такi?
– Гэта мой дзед...
– адказаў напалоханы Мiколка.
– Якi дзед?
– А дзед... вось проста дзед, i ўсё тут.
– А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?
Хацелася Мiколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што нi на ёсць бальшавiкоў сын, але, зiрнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў цiха:
– А я дзедаў унук.
– А фамiлiя твая?
Зiрнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовiў: "Не ведаю..." Як уджалены, падскочыў пан.
– У склеп iх!
– грымнуў ён на ўсё горла.
Мiколку з дзедам адвялi ўбок да купкi людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганялiся за каровамi, за iншай жывёлай. Частку гналi ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралi для нямецкага войска. Сяляне аставалiся на дымных папялiшчах. Над папялiшчамi кружылiся крумкачы. Дымiлiся платы i дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалi два забiтыя чалавекi.
Мiколка з дзедам iшлi ў групе людзей. Iх падганялi салдаты. На салдатах былi чорныя венгеркi i чорныя шапкi. На шапках былi страшныя чарапы. На пражках паясоў паблiсквалi пад сонцам выбiтыя лiтары нямецкiх слоў: "З намi Бог!"
Кружылiся крумкачы над дымнымi папялiшчамi.
Паблiсквалi штыкi.
Людзей вялi ў склеп.
У нямецкiм палоне
Склеп быў нiзкi, вiльготны, з прапыленымi, бруднымi сценамi, з невялiкiмi акенцамi, узятымi ў жалезныя краты. У акенцы вiдаць былi ногi часавога. Другi часавы быў ля дзвярэй, ад якiх вяла ў склеп невялiчкая лесвiца. Гэты часавы хадзiў узад i ўперад ля дзвярэй i раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялi мiж сабой, каб сядзелi цiха, маўклiва. Было тут каля трыццацi чалавек. Было некалькi батракоў, адзiн каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалi, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеi, цi будзе калi збаўленне ад пана, ад немца, цi хутка прыйдзецца памiраць. Спрабавалi спытаць аб тым часавога:
– Што-та будзе з намi?
Часавы трохi разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзiўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:
– Вось што будзе з вамi...
Такi быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многiх забегалi мурашкi па целу i стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, старалiся заснуць, масцiлiся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскiданых у склепе. Мала гаварылi, бо ўсё ўжо было перагаворана памiж сабой i кожны знаў галоўную ўмову - не гаварыць немцам нiчога, не выдаваць нiкога. Толькi адзiн з сялян, з прычасанай у клiнок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:
– Ах, Божа мой, Божа... ах, Божа мой, Божа...
Адзiн з маладзейшых раздражнёна сказаў яму:
– Ды кiнь ты Бога трывожыць... Пражыў век свой сабакам, памры хоць па-людску.
Чалавек змаўкаў на хвiлiну, потым зноў пачынаў сваё:
– Ах, Божа мой, Божа...
А часам, забыўшыся i не зварочваючыся нi да каго, шаптаў сабе ўголас:
– Я ўсё раскажу... усё... усё... I хто што ў пана браў. I хто да бальшавiкоў быў блiзка. I хто бальшавiцкiм духам жыве.
Тады акружылi яго цiха i, наставiўшы кулакi да носа, папярэдзiлi грозна:
– Замоўч, божая гнiда... Толькi рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. I памятай, калi выдасi хоць аднаго чалавека, не жылец ты на гэтым свеце. Не гэтымi, дык другiмi рукамi задушым, з агнём-полымем пусцiм усе твае паганыя здабыткi.
Чалавек змаўкаў, бялеў i тросся ўвесь, як у лiхаманцы.
Гэта быў трапiўшы сюды па непаразуменню царкоўны стараста суседняга сяла. Ён баяўся за сваё жыццё, баяўся немцаў, каб не трапiць у немiнучую бяду. Але яшчэ болей баяўся ён сваiх сялян. Ён добра ведаў, што яны не кiдаюць сваiх слоў на вецер, што ўсiх iх не заб'юць, што заўсёды знойдуцца людзi, якiя здолеюць жорстка расправiцца з iм. I ён тросся, баяўся, як смоўж, уцiнаў галаву ў плечы, малiўся Богу.
Вельмi ненавiдзеў гэтага чалавека Мiколка, гатоў быў сваiмi рукамi задушыць яго, каб змоўк гэты паганы слiзкi рот, якi памiнае ўсё Бога, Багародзiцу.
Як жа! Багародзiца! Благадатная!
У склепе прасядзелi да самага вечара. Увесь дзень сядзелi галодныя, толькi далi iм па кубку халоднай салдацкай кавы, горкай, нясмачнай. Дзед аж плюнуў.
– I гэта ежа, называецца...
Вечарам зайшоў афiцэр i пачаў выводзiць па аднаму, па два са склепа. Неўзабаве павялi i дзеда з Мiколкам. Iх доўга вялi па розных калiдорах, закутках, урэшце прывялi ў вялiкi, прыгожа абстаўлены пакой. Тут было некалькi салдат, афiцэр. За сталом сядзелi памешчык i надзьмуты палкоўнiк.
– Абшукаць!
– быў кароткi загад.
Мiколку i дзеда старанна абшукалi. З кiшэняў вынялi з пару печаных бульбiн, урачыста паклалi iх на паперы, на стол. З-за пазухi дзеда дасталi невялiчкi пакунак, скручаны з розных анучак. Абодвух падвялi да палкоўнiка. Паказалi палкоўнiку знойдзеную пры вобыску бульбу. Той паглядзеў, пачаў смяяцца з памешчыкам.
– I гэта, называецца, людзi! Апора бальшавiкоў... Варвары, дзiкуны. Харчуюцца, як жывёла, як першабытныя людзi. I яны яшчэ, бачыце, хочуць свабоду. Iм хочацца, бачыце, улады... Яны хочуць быць уладарамi зямлi, уладарамi фабрык, заводаў, вялiкай чалавечай культуры. Дык я ж пакажу iм культуру, сапраўдную нямецкую культуру, культуру iмператарскай Германii.
I, павярнуўшыся да афiцэра i павысiўшы голас, ён грымнуў:
– На два гады ў канцэнтрацыйныя лагеры, як удзельнiкаў беспарадкаў...
– Дазвольце далажыць вам, гаспадзiн палкоўнiк, што гэтыя людзi, - тут афiцэр паказаў на Мiколку i на дзеда, - аказалi нам у лесе супрацiўленне.
– Тры гады турмы...
– кiнуў палкоўнiк.
– Дазвольце далажыць вам, гаспадзiн палкоўнiк, што салдат яго iмператарскага вялiчаства...
– На катаргу!
– усё больш свiрэпым рабiўся палкоўнiк.