Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Толькi сачыце за iхнiмi самалётамi, - папярэдзiў Мэрэй, а затым дадаў: Пайшлi, я пакажу вам возера.
Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей - строма. Пад ёй у крутой катлавiне знаходзiлася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзiне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабiлi бабры, калi перагарадзiлi каля вусця некалькi горных ручаёў.
– Так, гэтае месца вартае ўвагi, - сказаў Рой.
– Амаль што возера Фей. Ён назваў яго як мага далiкатней не толькi таму, што быў зачараваны iм, але i з-за яго крылатых абрысаў.
– Шкада, што мы не прыйшлi сюды
– А што я табе казаў, - абыякава зазначыў Мэрэй.
– Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калi б мы плылi сюды на чоўне да марозу, гэта сэканомiла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.
Рой паглядзеў на тонкую нiтку далёкай ракi, на тысячы блiскучых азёр, на бязмежны далягляд, якi адкрываўся з гэтай вышынi. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, якiя распасцерлiся далёка за межамi Муск-о-гi. Гэта былi прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзiкiя, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краiны, блукаць без перашкод па яе лясах i гарах, адчуваць дзiкую магутнасць гэтых ветраў - вось што прадчуваў зараз Рой.
– Не магу зразумець, - сказаў ён разважлiва сваiм сябрам, - як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай?
– I ўсмешка паволi скрывiла яго губы.
Мэрэй зарагатаў, што здаралася з iм вельмi рэдка.
Зел прапусцiў словы Роя мiма вушэй.
– Дык як мы распачнем паляванне?
– спытаў ён, фарсiруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.
– А як атрымаецца, - адказаў Мэрэй.
– Паслухай, - не сунiмаўся Зел, - лепш за ўсё было б вылавiць тут усё, што можна, i як мага хутчэй. Трэба ставiць пасткi густа, каб лавiць звера больш, а затым змывацца. Як ты лiчыш?
– Навошта такая спешка?
– спытаў Мэрэй.
– Тым разам ты не спяшаўся, таму i трапiўся, - укалоў яго Зел.
Мэрэй задумлiва зiрнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.
– А як лiчыш ты, Рой?
– паспешна спытаўся той.
Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён i сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краiну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкi i асцярожнасцi, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, i думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш i без спешкi. Але рэшта цвярозасцi i ўсведамленне, што лепш яму не станавiцца на нейчы бок, вызначылi яго адказ.
– Мне здаецца, што лавiць трэба хутка, - сказаў ён, - але наладжваць шалёную гонку не варта.
Мэрэй пацiснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.
– Па-мойму, так, - сказаў Рой.
– Мы з Зелам можам весцi аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлiвая. А пакуль мы зоймемся гэтым, - звярнуўся ён да Мэрэя, - ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставiць сiло на сцежках звяроў i наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лiсiцы, норкi i рысi. Як вы думаеце?
Яны згадзiлiся i прапанавалi сякiя-такiя ўдакладненнi. Усю пушнiну вырашылi зносiць у хацiну, скуркi было вырашана дзялiць пароўну, кожны сам мусiў разбiраць сваю долю, i дзялёжку праводзiць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былi выпрацаваны абавязковыя для ўсiх правiлы паводзiн. Не раскладваць агню для падвячорка, нiякiх кастроў па-за хацiнай. Але перш за ўсё i важней за ўсё - не страляць. У iх усiх з сабой былi вiнтоўкi, але тут гук стрэлу разносiцца на дзесятак мiль, i стральба магла выклiкаць да iх цiкавасць. Мэрэй лiчыў, што гэта лiшняя засцярога, але здаўся настойлiвасцi Зела i ўгаворам Роя. Нiякага палявання, нiякай стральбы, як бы спакушальна блiзка не з'яўляўся алень. Амаль зусiм сцямнела, а яны ўсё стаялi на схiле над возерам Фей. Нiбыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, i Рой апошнiм пакiнуў яго, калi яны, нарэшце, сабралiся вярнуцца ў хацiну.
Раздзел адзiнаццаты
Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца i задаволiў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнiчаць на возеры Фей так, нiбыта збiраўся раскiнуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальнiка i нiколi не браў з бабровай супольнасцi больш за тое, што маглi аднавiць ацалелыя сем'i. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзiчыны на сваiх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў iншых звераловаў, якiя выбiралi свае бабровыя хаткi падчыстую. Зараз гэта ўжо быў iнстынкт, i гэтак жа iнстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставiў пастак там, дзе, ведаў, былi малыя альбо цяжарныя самкi. Затое ён актыўна лавiў там, дзе было верагодна злавiць найбольш сама старых i буйных самцоў.
Пасля першай жа разведкi вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купiн, вакол рэдкiх зараснiкаў елкi i на тысячы створаных бабрамi астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалi ў яго апошнiя дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гi. Гадамi прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзiчыны, i ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным i падманутым. А тут ён, нарэшце, кiнуў выклiк прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закiпела кроў - стукнула ў ногi, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяцi квадратных мiлях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калi-небудзь даводзiлася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавiць сваiмi дваццацю пасткамi за шэсць гадзiн кароткага зiмовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павiнны быць шмат i iншых звяроў, якiя палююць на бабра: лiса, рысь, норка. I хутка Рой пачаў ставiць пасткi на драпежнiкаў вакол усяго балота, iмкнучыся стварыць адзiную сiстэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямi мiляў i шырынёй на паўмiлi; напачатку гэта яму ўдалося зрабiць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць i зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.
Кожны вечар усе яны вярталiся ў хацiну на строме, i па меры таго як накаплiвалася пушнiна, удача станавiлася ўсё больш вiдавочнай. Каб справiцца са сваiм уловам, iм даводзiлася займацца скурамi вельмi позна. Як i Рой, Зел аб'явiў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавiць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавiў сваiмi пасткамi баброў i ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела i Роя быў такiм жа разнастайным, як i здабыча Мэрэя на яго паляўнiчых сцежках. Мэрэй прыносiў менш пушнiны, што было натуральна, бо пасткi i сiло на паляўнiчых сцежках не маглi, вядома, даць столькi, колькi сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
– Гэта не тое, - уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання.
– Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калi б хапала пастак. Калi б узяцца як след, мы праз два тыднi маглi б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш i не панесцi. Эх, мала ў нас пастак!
– Ты заўсёды спяшаешся, - сказаў Мэрэй.
– Твая пушнiна нiкуды ад цябе не ўцячэ.
– Яно то так, - пярэчыў Зел, - але хутка скончыцца масла i сала.
– Зел быў галоўным кухарам: ён рабiў гэта лепш за ўсiх.
– Ды i мука, мяса канчаюцца.