Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты ж ведаеш, - нагадаў яму Джэк, - Сэм яшчэ не з'ехаў.
– З'едзе, - абыякава азваўся Рой.
– Ён паедзе!
Джэк здаўся. Больш ён не прамовiў нi слова ажно да наступнай ранiцы, калi яны падышлi да хрыбта, па якiм Зел i Рой павiнны былi пайсцi да хацiны Скоцi i Самсона.
– Я пастараюся, каб Сэм застаўся, - сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя.
– А Эндзi, магчыма, i з'едзе.
– Фермер Джэк!
– гукнуў Рой i памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце.
– Да вясны?
– крычаў ён, не азiраючыся i згiнаючыся пад цяжарам заплечнага
– Вясной убачымся!
– А сам сабе дадаў вельмi спакойна: "Калi давядзецца!"
Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгi, але больш лёгкi шлях да Лiтл-Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлi на сцежку да хацiны Скоцi i Самсона. Хутка вечарэла, i Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканомiць час. Ён паскорыў крок, i ўсё адно было ўжо зусiм цёмна, калi яны падышлi да разнасцежаных дзвярэй хацiны, з якой клубамi валiў дым.
– Хто гэта там?
– сустрэў iх голас Самсона.
Скоцi быў здзiўлены, але Мэрэй вiтаў iх:
– Хэло, Рой, хэло, Зел, - у яго словах не было здзiўлення, толькi звычайнае вiтанне - i нiчога больш.
– Дык ты тут?
– напаў на яго Зел.
– Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.
– А я якраз збiраўся iсцi па цябе, - сказаў Мэрэй, дапамагаючы iм скiнуць мяхi.
– Позна ж ты сабраўся, - разышоўся Зел.
Мэрэй не стаў з iм спрачацца, i ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць - цi ўзяць Зела, цi пакiнуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.
– Значыць, i ты сабраўся?
– сказаў Скоцi Рою.
– Падобна на тое, Скоцi, - неахвотна адказаў Рой.
– Гэта няправiльна, Рой, - пакруцiў галавой Скоцi.
Рой не спрачаўся, не называў Скоцi прападобным.
– Правiльна цi няправiльна, - сказаў ён, - якая рознiца?
– Што i казаць, падманеш ты iнспектара, - сказаў Самсон.
Мэрэй пазiраў на Роя i бачыў толькi лепшага звералова Муск-о-гi. Але сiтуацыя яму падабалася.
– Гэта праўда, Рой, - сказаў ён, - iнспектар надта здзiвiцца, калi даведаецца, што ты залез у заказнiк! Ён, вядома, перакананы, што ты ловiш больш за норму, але ўсё-ткi лiчыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзiвiўся б ён, калi б убачыў цябе з намi! Уяўляю!
– Яны не ўслухоўвалiся ў няспешную гаворку Мэрэя, i ён не меў прэтэнзiй.
– Адным цудоўным днём не толькi Рой здзiвiць гэтага нягоднiка iнспектара, - гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.
– А чаму ты, Самсон, не iдзеш з намi?
– хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулiсты твар напружыўся, маленькiя вочы схавалiся ў зморшчынах, калi ён здзеклiва зiрнуў на Самсона.
– Спытайся ў Скоцi, - сказаў Самсон.
– Калi пойдзе ён, пайду i я.
– Пайшлi з намi, Скоцi, - сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклiк.
– Чаму ты не iдзеш?
– Каб табе было не сорамна туды iсцi?
– сказаў Скоцi.
Роя гэта не кранула, i Скоцi пашкадаваў, што сказаў гэта.
– Я жанаты, Рой, - сказаў Скоцi, каб вылучыць неабвержны аргумент i iстотную прычыну.
– Жанаты i Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.
– А што такое?
– умяшаўся Зел.
– Сахаты жанаты, i я жанаты.
– Так, - марудна запярэчыў Скоцi, - i калi б вы маглi атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапiлiся б у iх зубамi i рукамi. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкi?..
– Ладна, Скоцi, - спакойна прамовiў Рой, i больш да гэтай тэмы яны не вярталiся.
– А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой?
– спытаў Самсон.
– Калi iнспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.
Рой кiўнуў.
– Я i хацеў папрасiць цябе i Скоцi, каб вы час ад часу правяралi мае пасткi. Усё, што трапiць у iх - вашае, толькi стаўце iх зноў. Можаце карыстацца маiмi хацiнамi. Як? Згода?
Скоцi i Самсон пераглянулiся.
– Ладна, - сумна адказаў Скоцi.
– А калi ты вернешся?
– спытаў Самсон.
– Пра гэта ты спытай у Сахатага, - адказаў Рой.
– Не ведаю, - сказаў Мэрэй.
– Гледзячы, як пойдуць справы. Лавiць баброў цяжка, калi балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.
Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоцi.
– Калi хто-небудзь будзе наводзiць пра мяне даведкi, - сказаў ён Скоцi. кажы, што я тут паблiзу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.
– I ўсё адно ты дзейнiчаеш няправiльна, Рой, - даказваў Скоцi.
– Навошта тады законы пра паляванне, калi кожны будзе парушаць iх?
Гэта быў працяг iхняй нявырашанай спрэчкi, бо калi Скоцi шчыра паважаў закон i захапляўся iм, то Рой адносiўся да закону звысоку. Скоцi баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькi пакарання згодна з законам. Яны не маглi сысцiся наконт гэтага, i Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для iх спосабам прыкладаў i пярэчанняў. Рой не адрознiваў у гэтым пытаннi невiнаватага ад вiнаватага, гэта не прыходзiла да яго само, i ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калi закон парушаў Скоцi, ён пакутаваў, але калi яго парушаў Рой, сумленне ставiла пад сумненне сам закон, i ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькi тое, што ён парушаў уласныя iнтарэсы звералова. Якiм бы цяжкiм нi было паляванне ў Муск-о-гi, ён ведаў, як ведаў i Бэрк, i Скоцi, i любы звералоў, што пушныя заказнiкi - гэта адзiнае спадзяванне трапераў. Лавiць у iх было грахом для звераловаў, але становiшча склалася так, што Рою даводзiлася душыць у сабе гэта прафесiйнае сумленне. Ён дзейнiчаў так, як мусiў дзейнiчаць, i разважаць тут не было пра што.
– Застаецца толькi спадзявацца, што цябе не зловяць, - такiм было апошняе слова Скоцi.
Рой пацiснуў плячыма i працягваў даядаць фасолю.
Раздзел дзесяты
Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку i таптаў снег Рой. Згодна з указаннямi Мэрэя ён кiраваўся то на адзiнокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў далiну. Большай часткай нельга было абысцiся без плеценых канадскiх лыжаў, i на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясiльваючая праца, але i ў гэтым выпадку два iншыя ледзь паспявалi за iм. Рой iмкнуўся наперад так, нiбыта адчай падганяў яго, i ногi яго iшлi самi, якiм бы глыбокiм нi быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкi груз, у тым лiку большую частку пастак; нават гэтаму велiкану даводзiлася паскараць свой шырокi крок, каб паспець за Роем. Мэрэй iмкнуўся скарачаць дарогу, iдучы нацянькi, але Рой кожны раз выбiраў да таго ж i больш лёгкi варыянт i нi на хвiлiну не збаўляў тэмп.