Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?
Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрывалiся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, якi пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...
– Не... На сёння ўсё...
– прамармытаў ён.
– Ах, праўда ж, я i забылася, што ў вас спатканне.
– Яе сакавiтыя вусны склалiся ў iранiчную ўсмешку.
– Тады да заўтра?
– Да заўтра.
Што ж, гэтага i трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кiнуўся ў метро. Шчоўкнулi аўтаматычныя дзверы, i ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкi, машынальна
Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вулiцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявiйет i не адшукаў нарэшце вялiкую стадолу, забiтую парожнiмi, з узнятымi ўгору, аглоблямi. У глыбiнi двара патыхала цеплынёй стайняў.
– Карнi? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калi хочаце.
Толькi а палове першай ночы з'явiўся п'янюткi рамiзнiк. Асавелым позiркам ён утаропiўся ў Мэгрэ:
– Дама з вулiцы Шапталь? Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцiнца. А высокi брунет...
– Якi высокi брунет?
– Той, што спынiў мяне на вулiцы Бланш, чорт пабяры, i загадаў мне пад'ехаць на вулiцу Шапталь i пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я нiколi не запамiнаю лiчбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...
– Вы адвезлi яе на вакзал?
– На вакзал? На якi вакзал?
Рамiзнiк пахiстваўся. Доўгiм цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэлiўшы на штаны Мэгрэ.
– Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...
Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.
– Яна ў гатэлi насупраць Цюiльры, на невялiчкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавiна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавiны... Во "Атэль дзю Луўр"! Но, малота!
– таргануў рамiзнiк свайго каня.
Метро ўжо не працавала, трамваi i аўтобусы не хадзiлi, i Мэгрэ мусiў тупаць пешкi па бясконца доўгай вулiцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.
Рэстарацыя "Клiшы" была, канешне, даўно зачыненая, i Жустэн Мiнар вярнуўся ў сваё жытло на вулiцы Ангiен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.
Раздзел V
ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКI МЭГРЭ
Мэгрэ галiўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкi аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную ранiцу хадзiць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - i для iх абаiх гэта былi самыя светлыя хвiлiны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так i ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялi вокны, з асалодай дыхалi свежым паветрам. Да iх даносiўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузнi, тарахценне вазоў, iржанне коней i нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайнi.
– Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?
– Калi б яна засталася ў сваiм сяле, выйшла замуж i нарадзiла дзесяцера дзяцей - нiхто гэтага, магчыма, i не заўважыў бы. Можа, проста дзецi былi б не ад аднаго бацькi, толькi i ўсяго.
– Зiрнi, зiрнi, Мэгрэ! Часам цi не твой гэта прыяцель топчацца ў нас пад вокнамi?
Мэгрэ з намыленай шчакой высунуўся ў акно i пазнаў Жустэна Мiнара, якi цярплiва чакаў яго на вулiцы.
– Ты не хочаш запрасiць яго да нас?
– Навошта? Я праз пяць хвiлiн буду гатовы. А ты не збiраешся пагуляць сёння?
Мэгрэ рэдка пытаўся ў жонкi, чым яна будзе займацца цэлы дзень, i яна адразу здагадалася, што ён мае на ўвазе.
– Ты хочаш, каб я папiльнавала паненку?
– Магчыма, мне сапраўды прыйдзецца прасiць цябе зрабiць гэта. Калi я прамаргаю яе ў Парыжы, а ёй, сама бачыш, проста няўцерп памалоць языком, дык адзiн бог ведае, што яна каму набалбоча.
– Ты зараз да яе?
– Неадкладна.
– Яна будзе яшчэ ў пасцелi.
– Магчыма.
– Магу прысягнуць, ты апынешся ў пiкантным становiшчы.
Як толькi Мэгрэ выйшаў з пад'езда, да яго падышоў Мiнар, пакрочыў побач i запытаў:
– Што робiм сёння, шэф?
Шмат гадоў пазней Мэгрэ прыпомнiць, што менавiта той нядэшлы флейтыст быў першы, хто назваў яго шэфам.
– Вы бачылi яе? Даведалiся што-небудзь? Я амаль не спаў. Толькi сабраўся легчы, як адно пытанне збiла ўвесь мой сон.
Iх крокi гулка раздавалiся ў ранiшняй цiшынi. Iдучы, яны назiралi, як воддаль паволi ажыўляецца бульвар Вальтэра.
– Раз стралялi, значыцца, стралялi ж у некага. I вось я задаюся пытаннем: а ў каго пацэлiлi?.. Я вам не дужа надакучыў?
Надакучыў? Якраз гэтае пытанне без канца задаваў сам сабе i Мэгрэ.
– Дапусцiм, куля нi ў каго не трапiла... Канешне, цяжка паставiць сябе на месца гэтых людзей... I ўсё ж, мне чамусьцi здаецца, што калi б не было нi параненага, нi забiтага, то навошта б iм вычвараць такую трагiкамедыю?.. Вы мяне разумееце? Як толькi мяне вышпурнулi за дзверы, яны кiнулiся прыводзiць у парадак пакой, каб пераканаць, што нiчыёй там i нагi не было... I яшчэ адна дэталь: помнiце, калi дварэцкi намагаўся выпхнуць мяне, нехта на другiм паверсе перасцярог Луi не марнаваць часу? А чаму яны замкнулi паненку ў пакоi служанкi? Безумоўна, таму, што яна была надта ўсхвалявана i, на iх думку, магла правалiць сваю ролю ў iгры...
– Я цэлы дзень вольны, - дадаў Мiнар без усялякай сувязi.
– Можаце распараджацца мною, як вам трэба.
Каля гатэля, у якiм начавала Жэрмена, была кавярня з тэрасай i круглымi столiкамi з белага мармуру. Гарсон з бакенбардамi, здавалася, сышоў са старонкi рэкламнага календара. Узабраўшыся на драбiнкi, ён чысцiў крэйдай шыбы.
– Пачакайце мяне тут.
Мэгрэ вагаўся. А можа, паслаць наверх Мiнара? Калi б хто запытаўся ў Мэгрэ, чаму яму захацелася зноў пабачыць пакаёўку, ён наўрад цi адказаў бы. Гэтым ранкам ён адчуваў дзiўную патрэбу быць адначасова ўсюды. Ён амаль нудзiўся па "Старому Кальвадосу", яму не цярпелася хутчэй сесцi там ля акна i назiраць за ўсiм, што адбываецца на вулiцы Шапталь. Цяпер, калi ён ведаў трошкi больш пра насельнiкаў асабняка, яму здавалася, што ўсе гэтыя воблiкi Рышара Жандро, якi садзiцца ў машыну, яго бацькi, якi прастуе да карэты, Луi, якi выходзiць на тратуар падыхаць свежым паветрам, - набылi б цяпер у ягоных вачах зусiм iншы сэнс.