Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Злодзей! Злодзей! Трымайце злодзея!
I ўвесь натоўп накiнуўся на Мэгрэ, а тып у кацялку тым часам непрыкметна знiк.
Цяпер жа яго апаноўвалi сумненнi наконт паказанняў свайго прыяцеля Жустэна Мiнара.
На трэцiм паверсе расчынiлася акно. Ну i што? Кожны з нас мае права расчынiць акно ноч-апоўнач. Цi мала што?! Хiба няма на свеце лунатыкаў? Хiба людзi часам не крычаць у сне?..
"Стары Кальвадос" зноў пусцеў. Гаспадар i гаспадыня ад самага ранку так i не перакiнулiся нi словам; кожны рабiў
I вось нарэшце ў дзве гадзiны дваццаць хвiлiн сёе-тое адбылося. Па вулiцы, збаўляючы хуткасць, рухаўся легкавы аўтамабiль - шэры "дыён-бутон", за рулём якога сядзеў мужчына ў тужурцы i вялiкiх акулярах.
Аўтамабiль не спынiўся ля дома Жандро, павольна праехаў мiма, i Мэгрэ заўважыў, што пасажыраў у iм няма. Кiнуўшыся да акна, ён паспеў разгледзець нумар: "Б.780".
Даганяць машыну, якая завярнула за рог вулiцы Фантэн, не мела сэнсу. Мэгрэ не скрануўся з месца, сэрца яго калацiлася, -i меней чым праз пяць хвiлiн шэры "дыён-бутон" зноў гэтак жа паволi праехаў мiма дома.
Павярнуўшыся да стойкi, Мэгрэ ўбачыў, што Памэль пiльна глядзiць на яго, i немагчыма было зразумець, пра што ён думае. Памэль здаволiўся тым, што налiў дзве чаркi i падаў адну свайму клiенту.
"Дыён-бутон" больш не паказваўся. Недзе ў адным з версальскiх паркаў кардэбалет Оперы ў гэты час паказваў танец нiмфаў святочна ўбранаму натоўпу. Шматтысячны людскi мурашнiк, дзецi на плячах бацькоў, чырвоныя шары, гандляры какосавымi арэхамi i папяровымi сцяжкамi - усё гэта там...
А вулiца Шапталь зацiхала. Толькi самотны фiякр, праязджаючы па брусчатцы, зрэдку парушаў цiшыню.
Без дзесяцi чатыры з'явiўся Луi: чорная тужурка паверх паласатага жылета, на галаве - чорны кацялок. На момант прыпынiўся ў парадным, запалiў цыгарэту, самаздаволена любуючыся кольцамi дыму, i нетаропка рушыў у бок вулiцы Фантэн. Мэгрэ бачыў, як ён зайшоў у тытунёвую крамку на рагу.
Неўзабаве ён выйшаў адтуль i вярнуўся назад. На адзiн мiг яго погляд затрымаўся на шыльдзе "Старога Кальвадоса". Але на вулiцы было занадта сонечна, а ў бары занадта прыценена, так што ён наўрад цi змог бы пазнаць сакратара камiсарыята квартала Сэн-Жорж.
Чакае некага? Цi проста не ведае, што рабiць?
Луi дайшоў да рога вулiцы Бланш, i па выразу яго твару можна было здагадацца, што там ён некага заўважыў, - каго iменна, Мэгрэ не мог угледзець, - а затым прыспешыў крок i знiк.
Мэгрэ ледзь стрымаўся, каб не кiнуцца следам. Але нешта не дазволiла яму зрабiць гэтага. Ён адчуў спiной, як прыкаваў яго да сябе мутны позiрк гаспадара. Яму трэба было неяк абгрунтаваць свае паводзiны, спытаць, колькi ён вiнен, расплацiцца, еле пакуль ён дойдзе да вулiцы Бланш, дварэцкi будзе, вядома, далёка.
У галаву прыйшоў iнакшы план: спакойна аплацiць рахунак, скарыстаць момант адсутнасцi Луi i забегчы ў дом Жандро, спытаўшы для прыклёпу мадэмуазель Жандро альбо Мары.
Ён не зрабiў нi таго, нi другога. I пакуль раздумваў, як быць, ад вулiцы Бланш паказаўся фiякр. Рамiзнiк у скураной кепцы ўважлiва ўглядаўся ў нумары дамоў i спынiўся ля асабняка Жандро. Ён цiхамiрна сядзеў на козлах i, здавалася, проста выконваў атрыманае распараджэнне. Лiчыльнiк яго быў выключаны.
Прайшло не болей дзвюх-трох хвiлiн. З параднага выглянула мышыная пысачка Мары, мiльганулiся яе фартушок i карункавы чэпчык. Затым яна знiкла, але неўзабаве вярнулася з сакваяжам у руках i, уважлiва акiнуўшы позiркам вулiцу, накiравалася да фiякра.
Мэгрэ не змог, разумеецца, пачуць, што яна сказала рамiзнiку. Той, не злазячы з сядзення, забраў сакваяж, якi, вiдаць, быў не цяжкi, i паставiў побач з сабой.
Мары подбегам вярнулася ў дом. У яе была такая тоненькая - проста асiная талiя, i сама яна ў стане была такая дробненькая, што, здавалася, яе пышная чупрына гатова была перакулiць пакаёўку.
Мары знiкла ў доме, а праз момант з'явiлася новая постаць - высокая, мажная жанчына цi дзяўчына ў касцюме колеру марской хвалi i ў сiнiм капелюшы, з белай вуалеткай у буйныя гарошыны.
Чаму Мэгрэ пачырванеў? Цi не таму, што бачыў гэту асобу толькi ў кашулi ў непрыбраным пакоi служанкi?
Гэта, безумоўна, не пакаёўка. Гэта магла быць толькi Элiз Жандро, якая, нягледзячы на паспешлiвасць, з вялiкай годнасцю, злёгку павiльваючы бёдрамi, шыбавала напрасткi да фiякра, у якiм i заняла месца.
Мэгрэ так расхваляваўся, што ледзь не праваронiў нумар экiпажа: "148". Але ён апамятаўся, запiсаў нумар i зноў залiўся чырванню - на гэты раз пад дапытлiвым позiркам Памэля.
– Вось такiя справы!
– уздыхнуў апошнi, прымерваючыся, за якi б гэта жбаночак узяцца цяпер.
– Якiя iменна?
– Вось як бывае ў прыстойных шчаслiвых сем'ях, як той казаў.
Ён выглядаў iмянiннiкам. Аднак не ўсмiхнуўся i суха спытаў:
– Гэтага вы i чакалi, цi не так?
– Што вы маеце на ўвазе?
На твары гаспадара адбiлася пагарда, ён насупiўся i падсунуў Мэгрэ новую чарку. Усё яго аблiчча так i сведчыла: "Ён яшчэ скрытнiчае!"
I Мэгрэ, спахапiўшыся i жадаючы зноў увайсцi ў давер да тоўстага рэстаратара, спытаў:
– Гэта была мадэмуазель Жандро, калi не памыляюся?
– Абсалютна правiльна, месье. Гэта i была "Кава "Бальтазар", i, як мне думаецца, цяпер мы не хутка ўбачым яе на нашай вулiцы.
– Вы думаеце, яна паехала надоўга?
Гаспадар кiнуў на яго знiшчальны погляд. I Мэгрэ адчуў сябе як у магiле пад цяжарам яго паўсотнi гадоў, яго жыццёвага вопыту, той процьмы чарак кальвадосу, выпiтых з самымi рознымi людзьмi, i яго глыбокiм веданнем усiх таямнiц квартала, у якiм ён жыў.