Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Вы думаеце?
– нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён.
– Ва ўсякiм выпадку, у пакоi служанкi была нейкая таўстушка, ад якой пахла вiном.
I гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемнiц, чые прозвiшчы вялiкiмi лiтарамi красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць вiном, як ад вясковых дзевак.
Абодва, Мэгрэ i Жустэн, замоўклi i, седзячы са сваiмi чаркамi, удыхаючы водар мiмозы, белага вiна i сiтро, адчуваючы патылiцамi ласкавае цяпло сонечных промняў, задумалiся кожны пра сваё. I Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калi голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаiснасцi:
–
Раздзел III
ПАЧОСТКА ТАТУЛI ПАМЭЛЯ
"Iнспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокiнг i пiнжак, без чаго доступ у пэўныя свецкiя колы будзе ўскладнёны".
Нiводная з iнструкцый яшчэ не выветрылася з памяцi Мэгрэ. Але гэтыя iнструкцыi былi складзены, вiдаць, вялiкiм аптымiстам. Ва ўсякiм разе, слова "пэўныя" варта было акрэслiць болей дакладна.
Напярэдаднi вечарам Мэгрэ прымерваў свой фрак з намерам заўтра ж пранiкнуць у тое асяроддзе, дзе бывалi Жандро: хоць бы ў клуб Гоша, да прыкладу, альбо ў клуб Гаўсмана, але хапiла i аднюсенькай заўвагi жонкi, каб вярнуць яму здольнасць зноў разважаць цвяроза.
– Ну i прыгажунчык ты, Жуль!
– усклiкнула яна, гледзячы, як ён любуецца сабой у люстры.
Яна i не думала кпiць з яго. Наадварот, жонка, несумненна, была зусiм шчырая. Аднак у тым, як яна вымавiла гэтыя словы, ва ўсмешцы яе было нешта такое, што насцярожыла яго i дазволiла недвухсэнсоўна зразумець, што яму не варта i спрабаваць выдаваць сябе за юнага ветрагона.
На плошчы Бастылii iгралi вячэрнюю зару. Мэгрэ стаяў ля расчыненага акна ўзбоч жонкi, спакойна перагаворваўся з ёю, але чым болей ядранела, тым меней упэўненасцi заставалася ў iм.
– Разумееш, калi мне ўдасца давесцi справу да канца, то я амаль напэўна траплю на Набярэжную Арфеўр. А калi ўжо траплю туды...
Пра што большае ён мог яшчэ марыць? Трапiць у Вышукную палiцыю, ды яшчэ ў славутую апергрупу шэфа, як тады называлася група па расследаванню забойства!..
А для гэтага дастаткова было з поспехам завяршыць распачатае iм следства iнакш кажучы, не прыцягваючы ўвагi, раскрыць глыбока захаваную тайну багатага асабняка на вулiцы Шапталь.
Спаў ён неспакойна, а калi ў шэсць гадзiн ранiцы падняўся, яшчэ адно з настаўленняў прымусiла яго з iронiяй прыгадаць свой падручнiк.
"Кепкi, шыйнай хусцiнкi, ношанага пiнжака, як праверана практыкай, зусiм дастаткова для маскiроўкi".
На гэты раз, калi ён аглядаў сябе ў люстэрку, мадам Мэгрэ i не думала смяяцца:
– З наступнай палучкi трэба будзе купiць табе гарнiтур, - з пяшчотай сказала яна.
Якая тонкая хiтрасць! Гэта азначала толькi адно: што яго стары пiнжак выглядаў не лепей, чым тое, што iменавалася яго так званым парадным гарнiтурам. Iнакш кажучы, яму не было анiякай патрэбы ў маскiроўцы.
I ён толькi надзеў манiшку, завязаў гальштук i прыхапiў кацялок.
Надвор'е стаяла цудоўнае, як па наўмыснаму заказу дзеля каранаванай асобы, якую сёння павязуць у Версаль. Сотнi парыжан ужо рушылi да каралеўскай рэзiдэнцыi, дзе да вечара ўсе лаўкi вакол палаца будуць закiданы бруднай паперай i парожнiмi пляшкамi.
Жустэн Мiнар павiнен быў цягнiком адправiцца ў Канфлан на пошукi славутай Жэрмены, пакаёўкi
– Калi яна толькi трапiць у мае рукi, - сказаў ён з мяккасцю, якая заўсёды абяззбройвала, - я ўпэўнены, што яна мне ўсё раскажа. Я i сам не ведаю, у чым тут справа, але людзi заўсёды ахвотна дзеляцца са мной сваiмi тайнамi.
Не пазней сямi гадзiн ранку Мэгрэ, калi можна так сказаць, узяў пад сваю ўладу вулiцу Шапталь. I ён мысленна павiншаваў сябе, што не надзеў кепку, бо першым, каго ён сустрэў, аказаўся супрацоўнiк з камiсарыята, i той прывiтаў Мэгрэ, назваўшы яго па iменi.
Ёсць вулiцы, дзе вечна людна, дзе на кожным кроку крамы, кавярнi - там лёгка займацца сочкай. Але вулiца Шапталь, кароткая i шырокая, без нiводнай крамы i амаль заўсёды бязлюдная не адносiлася да iх лiку.
Усе шторы ў асабняку Жандро-Бальтазараў былi апушчаны. Мэгрэ пастаяў спачатку на адным рагу вулiцы, потым перайшоў на другi. Ён пачуваў сябе даволi няёмка, i першая ж служанка, што выйшла па малако на вулiцу Фантэн, як яму здалося, змерыла яго падазроным позiркам i прыспешыла крок.
Настаў самы нязручны для яго час дня. Сонца свяцiла ўжо ярка, але было яшчэ халаднавата, а ён, выходзячы з дому, не апрануў плашч. На тратуарах - каб жывая душа. Толькi а палове восьмай адчынiлася тытунёвая крамка на рагу, i Мэгрэ выпiў там шклянку такой кепскай кавы, што яго ледзь не званiтавала.
Прайшла яшчэ адна служанка з малочным бiтонам, затым другая. Мэгрэ здавалася, што яны толькi-толькi ўсталi з пасцелi i нават не паспелi ўмыцца. То тут, то там сталi расчыняцца аканiцы, жанчыны ў папiльётках выглядвалi з акон i ўсе, як адна, дапытлiва азiралi яго. А ў Жандро па-ранейшаму панавала мёртвая цiшыня, i толькi ў восем з чвэрцю з вулiцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт з'явiўся шафёр у бездакорна пашытай чорнай куртцы i пазванiў ля брамы.
На шчасце, якраз адчынiўся бар "Стары Кальвадос" - адзiная мясцiнка, дзе можна было схавацца ад староннiх вачэй. Бар гэты знаходзiўся на рагу вулiцы Энэр, трошкi ў баку ад асабняка Жандро. Мэгрэ паспешлiва пераступiў парог "Старога Кальвадоса".
Луi ў паласатым жылеце адчынiў браму, перакiнуўся некалькiмi словамi з шафёрам. Брама заставалася расчыненай, праз яе вiдзён быў залiты сонцам двор, зялёныя газоны i гараж, а па цокату капытоў можна было здагадацца, што тут жа размешчана i стайня.
– Жадаеце перакусiць?
Мэгрэ ўздрыгнуў. На яго спакойна глядзеў тоўсты, чырвоны як рак мужчына з маленечкiмi вочкамi.
– Як вы глядзiце на порцыю каўбасы i куфаль сiдру? Лепей не прыдумаеш, каб замарыць чарвячка.
Так пачаўся гэты дзень, i сходных яму яшчэ нямала перападзе ў жыццi Мэгрэ, але гэты ўрэзаўся ў яго памяць, як нейкi кашмарны сон.
Ужо сам прытулак быў даволi незвычайны. На гэтай вулiцы, дзе размясцiлiся прыватныя асабнякi i даходныя дамы, "Стары Кальвадос" быў падобны на правiнцыяльны шынок, якi забылiся знесцi, калi Парыж разросся, захапiў i гэту частку прыгарада. Будыначак быў нiзкi, вузкi. Адна прыступка ўнiз прыводзiла ў даволi цёмны, досыць такi халаднаваты паўпадвальчык з алавянай, да бляску надраенай стойкай. Да пляшак, якiя стаялi на ёй, здавалася, стагоддзi нiхто не датыкаўся.