Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
Пах таксама быў непаўторны. Iшоў ён, вiдаць, з люка ў падлозе, якi вёў у склеп.
Адтуль кiсла патыхала сiдрам i кальвадосам, старымi бочкамi i цвiллю, а да гэтага букета прымешваўся яшчэ i кухонны чад. У глыбiнi памяшкання мелася вiнтавая лесвiца, якая вяла наверх, i ўсё разам узятае чамусьцi выглядала, як тэатральная дэкарацыя, а гаспадар - камлюкаваты i каратканогi, з упартым iлбом i маленькiмi блiскучымi вочкамi - сноўдаўся туды-сюды, як акцёр.
Хiба Мэгрэ мог адмовiцца ад прапановы гаспадара? Праўда, зранку яму яшчэ нiколi не даводзiлася пiць сiдр. Гэта
– Таварыша чакаю!
– абвясцiў ён, адчуваючы патрэбу хоць нешта сказаць.
– А мне што!
– адрэзаў гаспадар, пацепваючы шырознымi плячыма, i Мэгрэ стала ясна: ён не верыць нiводнаму яго слову. Ды i ў позiрку яго таiлася такая хiтрынка, што Мэгрэ хацелася скрозь зямлю правалiцца.
Гаспадар таксама снедаў за прылаўкам, запiваючы тоўстыя скрылi каўбасы сiдрам, i праз чвэрць гадзiны ягоны жбаночак, напоўнены з бочкi ў склепе, быў апарожнены.
А па двары Жандро няспешна пахаджваў шафёр. Скiнуўшы куртку, ён мыў са шланга аўтамабiль, ад якога вiднелiся толькi пярэднiя колы. Але гэта быў не "дыён-бутон", а чорны лiмузiн з вялiкiмi меднымi фарамi.
На вулiцы зрэдку паяўлялiся прахожыя: спяшалiся да метро чыноўнiкi, да крам па вулiцы Фантэн праставалi служанкi або гаспадынi.
Нiхто не заходзiў у "Стары Кальвадос". Тым часам на вiнтавой лесвiцы паказалiся ногi ў чырвоных пантофлях, потым узнiкла кудлатая мадам, якая моўчкi, не сказаўшы нi слова, знiкла на кухнi.
"Палiцэйскi, якому даручана сочка, ужо не належыць сам сабе; яго паводзiны фактычна абумоўлiваюцца ўчынкамi паднагляднай асобы".
У акне на другiм паверсе рассунулiся шторы - гэта быў пакой Рышара Жандро. Было роўна дзевяць гадзiн. Гаспадар "Старога Кальвадоса" сноўдаўся па пакоi з анучай у руцэ з такiм выглядам, нiбыта ён знарок робiць гэта, каб не завязваць размову з наведвальнiкам.
– Нешта познiцца мой прыяцель, - сказаў Мэгрэ, каб парушыць няёмкае маўчанне.
"Стары Кальвадос" дакладней было б назваць не барам, а рэстарацыяй-сталоўкай. Сталы былi акрыты настольнiкамi ў дробную чырвоную клетку, гэткiя ж шторы вiселi на вокнах. З дзвярэй у глыбiнi пакоя паўзлi ўжо кухонныя пахi i было чуваць, як адна за адной плюхалiся ў вядро абабраныя бульбiны.
Чаму гаспадар i яго жонка не размаўляюць? З таго часу як жанчына сышла ўнiз, абое яны, дакладней, усе трое - выглядалi так, нiбыта разыгрывалi нейкую дзiўную пантамiму.
Гаспадар працiраў чаркi i пляшкi, ярасна цёр алавяную стойку, потым нерашуча прыпынiўся ля батарэi глiняных жбаночкаў, выбраў адзiн. Затым рашуча напоўнiў дзве чаркi i, паказваючы на гадзiннiк, што вiсеў на сцяне побач з календаром-рэкламай, прамовiў:
– Пара.
Яго маленькiя вочы пiльна прасачылi за тым, як Мэгрэ выпiў прапанаваную чарку кальвадосу; потым глынуў налiтае сабе, прыцмокнуў i зноў узяўся за анучу, якую затыкаў за падцяжкi, калi не карыстаўся ёю.
А палове дзесятай паднаглядны шафёр апрануў куртку i праз хвiлiну данёсся шум заведзенага матора. Аўтамабiль
Няўжо гаспадар рэстарацыi гэткi разявяка? Цi, наадварот, ён даўно пра ўсё здагадаўся? Ён паглядзеў спярша ўслед аўтамабiлю, якi праехаў мiма, затым перавёў позiрк на Мэгрэ, потым злёгку ўздыхнуў i зноў узяўся за работу.
А палове дзесятай гаспадар зноў прайшоў за стойку, выбраў чарговы жбанок, налiў дзве невялiкiя чаркi i моўчкi пасунуў адну з iх свайму клiенту.
Толькi пазней, апоўднi, да Мэгрэ дайшло, што гэта своеасаблiвы рытуал, цi, дакладней, манiя таўстуна. Роўна праз кожныя паўгадзiны яму неабходна было кульнуць чарку кальвадосу - вось адкуль гэтыя барвовыя плямы на твары i вiльготны бляск вачэй.
– Дзякуй вам, але...
Яшчэ чаго! Адмовiцца было немагчыма. Утаропiўся позiркам у Мэгрэ, i ў позiрку было столькi ўлады, што ён палiчыў за лепшае не адмаўляцца, хоць i адчуваў, што пачынае ўжо хмялець.
А дзесятай гадзiне ён спынiўся:
– У вас ёсць тэлефон?
– Наверсе, насупроць прыбiральнi.
Мэгрэ падняўся па вiнтавой лесвiцы i апынуўся ў невялiкiм пакойчыку з нiзкай столлю. Тут стаялi толькi чатыры столiкi, акрытыя клятчастымi абрусамi. Вокны пачыналiся амаль ад падлогi.
– Кававае аб'яднанне "Бальтазар"... Авеню дэль Опера... Склады... Набярэжная Вальмi... Дырэкцыя... Вулiца Абер...
Ён пазванiў на вулiцу Абер.
– Я хацеў бы пагаварыць з Рышарам Жандро.
– Хто пытаецца?
– Скажыце, што Луi.
Амаль адразу ж на другiм канцы провада пачуўся знаёмы голас Жандро:
– Алё! Луi?
Голас быў занепакоены. Мэгрэ павесiў слухаўку. Праз акно яму вiдзён быў дварэцкi ў паласатым жылеце. Стаiць чалавек на вулiцы i спакойна палiць цыгарэту. Але неўзабаве чамусьцi заспяшаўся ў дом. Вiдаць, пачуў тэлефонны званок.
Яму званiў з канцылярыi ўстрывожаны гаспадар.
Цудоўна! Значыцца, Рышар Жандро цяпер у сваiм офiсе, дзе звычайна праводзiў добрую палову дня. Луi не вяртаўся, але брама па-ранейшаму была расчынена.
У акне на трэцiм паверсе рассунулiся шторы i паказаўся зусiм юны тварык. Гэта была Мары, дробненькая вастраносенькая пакаёўка з тоненькай, як у абшчыпанага птушаняцi, шыйкай, i ў прыгожым карункавым чэпчыку на пышных валасах. На дзяўчыне была чорная сукенка i фартушок пакаёўкi. Гэткiх дзяўчат Мэгрэ даводзiлася бачыць толькi ў тэатры.
Каб не выклiкаць насцярожанасцi гаспадара, доўга бавiцца наверсе ён пабаяўся. Сышоў унiз - i якраз наспеў на трэцюю чарку кавальдосу, якая была прапанавана яму з той жа настойлiвасцю, як i папярэднiя. Разам з чаркай гаспадар падсунуў яму i сподачак, на якiм ляжала некалькi скрылiкаў каўбасы.
– Я з Панфарсi!
Ён прамовiў гэтыя словы з такой сур'ёзнасцю, нiбыта яны змяшчалi ў сабе нейкi таемны сэнс. Што яны павiнны былi растлумачыць? Шчодрасць на каўбасу? Цi мо людзi з Панфарсi маюць звычай кожныя паўгадзiны выпiваць чарку кальвадосу?