Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
Яму хацелася быць i ў "Атэлi дзю Луўр", i на авеню дзю Буа, i нават у Ансевалi.
Але з усiх людзей, з якiмi звязаў яго выпадак за два днi перад гэтым, толькi адзiн чалавек быў даступны яму, i ён iнстынктыўна чапляўся за яго.
Цiкавая рэч! Пачуццё, якое валодае iм, каранiлася ў iм яшчэ з дзяцiнства. Праўда, смерць бацькi перапынiла яго заняткi медыцынай на трэцiм годзе навучання, але калi на тое пайшло, то ён нiколi не прагнуў стаць доктарам, лячыць хворых.
Па праўдзе кажучы, ён нiколi не ведаў, якiм рамяством хацеў бы заняцца. Яшчэ падлеткам, калi жыў
I вось, уяўлялася яму, з'яўляецца разумны, кемлiвы чалавек, нехта падобны на доктара i на пастара адначасова, якi з першага погляду можа вызначыць прызначэнне другога чалавека.
Да таго празарлiўца прыходзiлi б за парадай, як да лекара. Ён быў бы накшталт нейкага ўпарадчыка лёсаў. I не толькi таму, што ён разумны. Мусiць, няма патрэбы валодаць выключным розумам. Проста ён павiнен умець глядзець на свет вачыма таго чалавека, з якiм яму прыйдзецца сутыкнуцца.
Мэгрэ нiколi не размаўляў пра гэта, ён не асмельваўся нават занадта глыбока раздумваць над падобным, каб нават самому сабе не здавацца смешным. Не маючы магчымасцi закончыць вучобу ў медыцынскiм, ён выпадкова пайшоў служыць у палiцыю. Але калi сказаць папраўдзе, дык цi абсалютна выпадкова атрымалася так? Хiба i палiцэйскiм, калi разабрацца, не прыходзiцца часам быць упарадчыкам лёсаў?
Усю папярэднюю ноч, то дрэмлючы, то выбiваючыся са сну, ён жыў жыццём людзей, якiх мала ведаў альбо амаль не ведаў - узяць хоць бы старога Бальтазара, што памёр пяць гадоў назад. Цяпер Мэгрэ iшоў да Жэрмены, каб пазнаёмiцца з iмi блiжэй. Ён пастукаўся ў дзверы.
– Заходзьце!
– данёсся ў адказ млявы голас.
I адразу ж дадаў:
– Хвiлiначку! Я забылася, што дзверы замкнёныя.
Пачулася шлэпанне босых ног па ходнiку. Дзверы расчынiлiся. Жэрмена была ў кашулi, якая мякка ахiнала яе пышныя тугiя грудзi, распушчаныя валасы спадалi аж да пояса. Прачнулася ж яна, вiдаць, даўнавата, бо на начным столiку стаяла талерка з рэштай шакаладкi i крошкамi здобы.
– Вы па мяне? Мне трэба апранацца?
– Можаце сабе адпачываць, а можаце i апрануцца. Мне хацелася б трошкi пагаварыць з вамi.
– А вам не смешна быць пры поўным парадзе, калi я - у адной кашулi?
– Нiколькi.
– Ваша жонка не раўнiвая?
– Не. Я хацеў бы, каб вы расказалi мне пра графа д'Ансеваля. Цi лепей... Вы ж ведаеце дом i ўсiх, хто там жыве i хто ў iх бывае... Уявiце сабе на хвiлiнку, што зараз гадзiна ночы... Гадзiна ночы... У пакоi мадэмуазель Жандро ўсчынаецца сварка... Прашу вас слухаць мяне ўважлiва... Хто, па-вашаму, мог у гэты час знаходзiцца ў пакоi паненкi?
Жэрмена прынялася расчэсвацца перад люстэркам, блiскаючы русым лямцам пад пахамi i ружавiзнай цела, што прасвечвалася праз кашулю. Яна, як здалося, намагалася зразумець, чаго ён хоча.
– Луi?
– падказаў Мэгрэ, жадаючы дапамагчы ёй.
– Не. Луi не зайшоў бы так позна.
– Хвiлiнку. Адна дэталь, пра якую я зусiм забыў. Луi быў парадна апрануты, у фраку, у белай манiшцы, пры чорным гальштуку. Скажыце, ён заўсёды так
– Бывае. Але тады ён не застаецца пры парадзе. Толькi калi ў доме чужыя людзi.
– А вось Юберт Бальтазар, да прыкладу, дзядзька мадэмуазель Жандро, мог знаходзiцца ў пакоi сваёй пляменнiцы?
– Дзядзька! Ды што б ён рабiў у яе пакоi ў гадзiну ночы?!
– А калi б ён усё-такi прыйшоў, дзе яна прыняла б яго? У адным з салонаў на першым паверсе, так?
– Вядома, не. На вулiцы Шапталь свае парадкi. Хто што хоча, тое i робiць. Салоны толькi для прыёмаў. А звычайна кожны зашываецца ў свой куток.
– А Рышар Жандро мог зайсцi да сястры?
– Канешне. Ён гэта часта робiць. Асаблiва калi гневаецца.
– Ён носiць пры сабе рэвальвер? Вы калi-небудзь бачылi ў яго руках рэвальвер?
– Не.
– А мадэмуазель Жандро?
– Хвiлiначку! У месье Рышара ёсць рэвальверы, ажно два, вялiкi i маленькi, але яны ляжаць у ягоным стале. Мадэмуазель таксама мае адзiн, з перламутравай ручкай, ён у шуфлядцы ў яе начным столiку. Кожны вечар яна вымае яго наверх на столiк.
– Яна чаго-небудзь баiцца?
– Такую не напалохаеш. Проста на ўсякi выпадак. Ёй, як усiм ведзьмам, здаецца, што ўсе навокал толькi i думаюць, каб зрабiць ёй якое паскудства. Каб вы толькi ведалi, якая яна скупая, i гэта ў яе ўзросце! Знарок пакiне навiдавоку грошы, пералiчыўшы спачатку, а потым цiкуе, абкрадаюць яе цi не. Пакаёўка, якая была да Мары, спакусiлася, узяла, дык адразу ж была разлiчана.
– Ёй даводзiлася прымаць графа ў сваёй спальнi?
– Можа, у самой спальнi i не, а вось у будуары, што побач са спальняй, прымала.
– А гадзiне ночы?
– А што? Я чытала кнiгу пра Лiзавету, каралеву Ангельскую... Не чыталi? Раман, а вiдаць, усё праўда... Дык яна, аказваецца, была халодная жанчына, разумееце?.. Па-мойму, i мадэмуазель Жандро гэткая ж ягадка.
Жэрмена ўсё расчэсвалася, раз-пораз аглядваючы Мэгрэ ў люстра. Грэбень цiха патрэскваў у валасах.
– На шчасце, я зусiм не такая!
– Пачуўшы на трэцiм паверсе шум, месье Рышар мог прыбегчы туды з рэвальверам?
Яна пацiснула плячыма.
– Чаго яму там?
– Каб застаць знянацку палюбоўнiка сястры...
– От ужо на што яму сапраўды напляваць! Для гэткiх людзей значэнне маюць адны грошы!
Яна не пераставала круцiцца вакол Мэгрэ, не сумняваючыся, што ён быў далёка, што ён быў там, у пакоi, на вулiцы Шапталь, спрабуючы расставiць людзей на адпаведныя месцы, як на сцэне.
– Граф д'Ансеваль прыходзiў калi-небудзь са сваiм прыяцелем?
– Магчыма. Але ў такiм выпадку яго прымалi ўнiзе, а я спускаюся ўнiз рэдка.
– Мадэмуазэль Элiз тэлефанавала графу калi-небудзь?
– Не думаю, каб у яго быў тэлефон. Яна яму не званiла; сам ён дык тэлефанаваў гады ў рады, хутчэй за ўсё з якой-небудзь забягалаўкi.
– Як яна яго называла?
– Жакам, як жа яшчэ.
– Колькi яму год?
– Ды гадоў дваццаць пяць. Красун, але даволi нахабны з выгляду. Так i гатовы, здаецца, пакпiць з каго-небудзь.
– Гэткi чалавек можа насiць зброю ў кiшэнi, як вы думаеце?