Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Мне здалося, ты сам упамянуў пра гараж. Хiба ты не мяне пытаўся, калi прыйшоў сюды?
– Я ведаю, што Боб i вы - сябры.
– Якiя ўсё ж разумнiкi жывуць у Лiёне! За тваё здароўе, Жуль! Давай па-расейску! Адным духам! Вось так! Табе не падабаецца гэта вiно?
Баксёр ажно млеў ад асалоды ў сваiм кутку. Люсiль жа, якая пакрысе забывалася пра сваё гора, наадварот, выглядала ўстрывожанай. Мэгрэ i раз, i другi перахапiў яе запытальны позiрк, якi яна кiдала на Дэдэ.
Што яны збiраюцца зрабiць з iм? Была сама вiдавочнасць, што ўладальнiк гаража нешта
"Перш за ўсё, трымацца спакойна!" - загадваў сабе Мэгрэ, якога прымушалi спаражняць фужэр за фужэрам.
Зброi пры iм не было. Ён быў дужы, але што значыла яго сiла i спрыт супроць гэтай парачкi - Дэдэ з баксёрам? Ён усё больш i больш выразна ўсведамляў, як зацягваецца пятля вакол яго шыi.
Цi здагадвалiся яны, што ён з палiцыi? Верагодна. Магчыма, Люсiль заходзiла на вулiцу Брэй i ёй там расказалi пра настойлiвага вiзiцёра ў другой палове дня. Хто ведае, можа, яны менавiта яго i чакалi тут?
Як бы там нi было, станавiлася ясна, што гэтая гульня мае свой сэнс. Дэдэ абвясцiў, што грошай у яго навалам, i, вiдаць, гэтак яно i было: ён быў у той асаблiвай узбуджанасцi, якая заўжды авалодвае людзьмi яго кола, калi ў iх кiшэнях неспадзявана заводзяцца вялiкiя грошы.
Скачкi? Ён, пэўна, быў там часты госць, але Мэгрэ пакляўся б, што сёння i нагi яго там не было.
Што ж да слёз Люсi, то, вiдаць, зусiм не доля бацькi прымушала яе пралiваць iх з такой шчодрасцю. Чаму яна пачынала плакаць кожны раз, калi вымаўлялася iмя Боба?
Было дзевяць гадзiн вечара, а яны ўсё яшчэ сядзелi за сталом, i шампанскае ўсё пенiлася ў iх келiхах. Мэгрэ з усiх сiл змагаўся з хмелем, якi апаноўваў яго.
– Жуль, ты нiчога не маеш супраць, калi я патэлефаную?
Тэлефонная будка знаходзiлася ў зале, i Мэгрэ са свайго месца мог бачыць яе. Дэдэ мусiў набраць два цi тры нумары, перш чым датэлефанаваўся да таго, каго шукаў. Было вiдно, як варушылiся яго вусны, але ўгадаць словы было немагчыма. Люсiль выглядала яшчэ больш знервавана, яшчэ больш устрывожана. Што да баксёра, якi запалiў агромнiстую цыгарэту, то ён цiхамiрна ўсмiхаўся, час ад часу коратка зыркаючы на Мэгрэ.
З-за шыбы тэлефоннай будкi Дэдэ, здавалася, аддаваў нейкiя распараджэннi, павольна вымаўляючы паасобныя словы. На яго твары не засталося i следу весялосцi.
– Прашу прабачэння, старына, але мне вельмi хацелася, каб ты не размiнуўся са сваiм сябрам Бобам.
Люсiль, нервы якой былi гранiчна напяты, зноў разрыдалася, уткнуўшыся ў насоўку.
– Вы гэта Бобу званiлi?
– Не зусiм, але амаль. Я проста паклапацiўся, каб вы ўсё-такi сустрэлiся. А гэта адно i тое ж, праўда? Табе ж не церпiцца пабачыцца з iм, праўда?
У гэтых словах, мусiць, мелася нешта выключна дасцiпнае, таму што баксёр прыйшоў у захапленне i аж закудахтаў ад асалоды.
Няўжо яны лiчылi, што Мэгрэ зусiм не разумее таго, што так добра разумелi яны? Граф альбо быў мёртвы, альбо нiчога не значыў, раз Дэдэ паабяцаў Мэгрэ наладзiць iх сустрэчу...
– Мне таксама трэба пазванiць, - як мага абыякава сказаў ён.
Нягледзячы на папярэджанне Максiма Лё Брэ, ён вырашыў падняць па трывозе свой камiсарыят: ён не смеў звярнуцца ў палiцыю iншага квартала. Сёння, здаецца, дзяжурыў Бесан альбо Каламбанi з брыгадным Дзюф'ё. Дастаткова будзе толькi расцягнуць час, каб яны паспелi прыехаць i паставiць пост каля аўтамашыны.
Тут нiхто не пасмее нiчога зрабiць яму. У рэстарацыi яшчэ сядзелi людзi, iх галасы даносiлiся з-за пераборкi, i нават калi большасць з iх мелi дачыненне да таго ж свету, што i Дэдэ, то маглi ж быць i iншыя.
– Каму пазванiць?
– Жонцы.
– Дык i жонка твая з табою? Во буржуi! Чуеш, Люсiль? Жуль жанаты. Так што не спадзявайся! I няма чаго цiснуць яму нагу пад сталом! За тваё здароўе, Жуль! Не турбуйся. Ангелiно пазвонiць замест цябе. Ангелiно! У якiм яна гатэлi, твая палова?
Гарсон паслужлiва чакаў i таксама, здавалася, цешыўся сiтуацыяй.
– Гэта не тэрмiнова.
Ён з гордасцю разгарнуў уласны партманет, напакаваны тысячафранковымi банкнотамi. Ён нават не глянуў на падрахунак, тыцнуў адну асiгнацыю ў руку Ангелiно i нядбайна кiнуў:
– Рэшты не трэба!
Цi не на тое было гэта разлiчана, каб заручыцца яго падтрымкай?
– А цяпер, дзеткi, у дарогу. Спачатку праводзiм Люсiль на вакзал, затым адправiмся да Боба. Як ты глядзiш на гэта, Жуль? Ты яшчэ трымаешся на нагах? Наш сябар Альберт паможа табе. Ды не пярэч, не пярэч!.. Вазьмi яго пад руку, Альберт. А я займуся Люсiль.
Было каля апоўначы. У гэтым канцы авеню дэ Ваграм толькi там-сям гарэлi лiхтары, яркае святло залiвала адно нiжнюю частку вулiцы, каля плошчы Тэрн. Гаспадар рэстарацыi неяк дзiкавата паглядзеў iм услед, i не паспелi яны зрабiць i дзесятка крокаў па тратуары, як ён кiнуўся паспешлiва зачыняць аканiцы, хоць у зале яшчэ сядзела двое цi трое клiентаў.
– Трымай яго мацней, Альберт. Не варта, каб ён прыпсаваў свой партрэт, а то яго сябар Боб яшчэ не пазнае яго. Сюдой, мадам i месье!
Калi б на рагу вулiцы стаяў палiцэйскi, Мэгрэ паклiкаў бы яго на дапамогу, таму што ён выдатна ведаў, што яго чакае. Яму занадта яскрава сказалi пра гэта, занадта яскрава паказалi. Ён разумеў, што з той самай хвiлiны, як ён зайшоў у iтальянскую рэстарацыю, лёс яго быў вырашаны.
Але паставога нiдзе не было вiдно. На процiлеглым баку авеню ў паўзмроку прагульвалiся нейкiя дзявулi. У верхняй частцы авеню на канцавым прыпынку тармазiў трамвай, але ён быў пусты, праз шыбы сачылася жаўтлявае, каламутнае святло.
Мэгрэ мог спадзявацца, што яго "прыяцелi" не стануць страляць. Таму што iм спатрэбiцца час, каб ускочыць у машыну i знiкнуць з квартала, перш чым усчнецца трывога.
Нож? Верагодна. Цяпер гэта модна. I Альберт-баксёр пад выглядам падтрымання так ушчамiў яго руку, што Мэгрэ не мог i варухнуць ёю.