Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
«Даруйце мне, шаноўная пані, за тое, што я, хоць і невядомы вам, пішу вам усё адкрыта. У сваім жыцьці я бачыў шмат жанчын, але ніводная з іх не зрабіла на мяне такога ўражаньня, як вы, бо ваш сьветапогляд і вашы думкі зусім супадаюць з маімі. Я глыбока пераконаны, што ваш муж — самы звычайны эгоіст, які цягае вас з сабою…»
«Нядобра», — сказаў сам сабе паручнік Лукаш, закасаваў schleppt mit [63] і замест гэтага напісаў:
«… які з-за асабістых інтарэсаў водзіць вас, шаноўная, на спэктаклі, якія выключна толькі яму да густу. Я люблю прастату і шчырасьць, зусім не хачу ўмешвацца ў ваша асабістае жыцьцё і хацеў-бы пагаварыць з вамі ў неофіцыйнай абстаноўцы пра чыстае мастацтва…»
63
Цягае з сабой.
«Тут у готэлях гэта будзе нязручна. Прыдзецца везьці яе ў Вену, — падумаў паручнік. — Вазьму камандыроўку».
«Таму я асьмельваюся, пані, прасіць вас сказаць, дзе і калі мы маглі-б спаткацца, каб мець магчымасьць бліжэй пазнаёміцца. Вы не адмовіце
Ён падпісаўся, дапіў каньяк, патрэбаваў сабе яшчэ бутэльку, павольна прачытаў ліст, запіваючы кожную фразу каньяком, і нават шчыра пусьціў сьлязу, перачытваючы апошнія радкі.
Было ўжо дзесяць гадзін раніцы, калі Швэйк пабудзіў паручніка Лукаша:
— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, вы праспалі службу, а мне пара ўжо ісьці з вашым лістом у Кіраль-Хіду. Я вас ужо будзіў у сем гадзін, потым а палове восьмай, потым у восем, калі ўсе ўжо вышлі на заняткі, а вы толькі на другі бок перавярнуліся. Пан обер-лейтэнант, пан обэр-лейтэнант!..
Прабурчаўшы нешта, паручнік Лукаш хацеў быў зноў перавярнуцца на другі бок, але яму гэта не ўдалося: Швэйк бязьлітасна трос яго і крычаў над самым вухам:
— Пан обэр-лейтэнант, дык я пайду і занясу гэты ліст у Кіраль-Хіду.
Паручнік пазяхнуў:
— Ліст?.. Ах, так! Але гэта сакрэт, разумееце? Тайна паміж нас. Кругом… марш.
Паручнік захінуўся ў коўдру, якую з яго сьцягнуў Швэйк, і зноў заснуў. А Швэйк пашоў у Кіраль-Хіду.
Знайсьці Шопроньскую вуліцу і дом № 16 было б ня так ужо і цяжка, каб Швэйк не напаткаў старога сапёра Вадзічку, які быў прыкамандыраваны да кулямётчыкаў, разьмешчаных у казармах ля ракі. Некалькі гадоў таму назад Вадзічка жыў у Празе, на Боішчы, і з прычыны такога спатканьня нічога лепшага нельга было прыдумаць, як зайсьці абодвым у шынок «Ля чорнага баранчыка» ў Бруку, дзе прыслужвала чэшкэ Ружэнка, вельмі популярная сярод усіх чэхаў-вольнапісаных, якія жылі ў лягеры і ўсе былі ёй вінаваты.
Сапёр Вадзічка, стары прайдзісьвет, у апошні час быў пры ёй кавалерам і меў на воку ўсе маршавыя роты, якім трэба было пакідаць лягер, сваячасова абходзячы ўсіх чэхаў-вольнапісаных з напамінаньнем пра доўг, каб яны ня зьніклі ў прыфрантовай мітусьні.
— Цябе куды гэта нясе? — запытаўся Вадзічка пасьля першай шклянкі добрага вінца.
— Гэта — сакрэт, — адказаў Швэйк, — але табе, як даўнейшаму прыяцелю, магу сказаць…
Ён расказаў яму ўсё падрабязна, і Вадзічка заявіў, што ён, як стары сапёр, Швэйка пакінуць ня можа і пойдзе разам з ім перадаваць ліст.
Абодва захапіліся цікавай гутаркай пра даўнейшае. — і, калі яны вышлі з «Чорнага баранчыка» (была ўжо першая гадзіна па паўдні), усё здавалася ім вельмі простым і лёгкім. Сэрца ў абодвых было поўна адвагі. Па дарозе да Шопроньскай вуліцы, дом № 16, Вадзічка ўвесь час выказваў вялікую нянавісьць да мадзьяр і бяз сьціханку расказваў пра тое, як, дзе і калі ён з імі біўся ці што, калі і дзе пашкодзіла яму пабіцца з імі.
— Трымаем гэта мы раз адну такую мадзьярскую храпу за гарляк. Было гэта ў Паўсдорфе. куды мы, сапёры, прышл і выпіць Хачу гэта я яму даць папругаю па лабэціне. Кругом цёмна. Як толькі пачалася справа, мы зараз-жа запусьцілі бутэлькаю ў лямпу, а ён раптам як закрычыць: «Тонда [64] , ды гэта-ж я Пуркрабэк з 16-га запаснага!» Чуць ня вышла памылка. Але затое ля Нэзідэрскага возера мы з імі, мадзьярскімі няўклюдамі, як трэба расквіталіся! Туды мы заглянулі тыдняў тры таму назад. У суседняй вёсачцы кватаруе там кулямётная каманда нейкага гонвэдзкага палка, а мы выпадкова зайшлі ў шынок, дзе яны скакалі свой чардаш як вар‘яты, і крычалі на ўсе горла сваё: «Uram, uram, bir'o uram» ды «Lanok, lanok lanok a faluba» [65] . Мы сабе садзімся супроць іх. Палажылі свае толькі салдацкія папругі перад сабою на стол і гаворым паміж сабою: «Пачакайце, сукіны дзеці! Мы вам пакажам» «ланьок». А адзін з нашых, Мэйстршык, у якога кулачышча на-вялічкі з Белую гару [66] тут-жа падахвоціўся ісьці танцаваць і адбіць у каго-небудзь з гэтых абармотаў дзяўчыну. А дзяўчаты былі што трэба: лыткатыя, ляжкатыя, лупатыя. Па тым, як іх гэтыя мадзьярскія сволачы ціскалі, відаць было што грудзі ў іх цьвёрдыя і налітыя, як мячыкі, і што ім гэта да густу і што яны ведаюць смак у шчупанцы. Наш Мэйстршык ускочыў у кола і давай гэта адбіраць у аднаго гонвэда самую прыгожанькую дзяўчыну. Той нешта залапатаў, a Мэйстршык як дасьць яму раз, — ён і з капытоў зваліўся. Мы, ня доўга думаючы, схапілі свае папругі, абкруцілі іх каля рукі, каб не пагубляць штыхоў, кінуліся ў самы гушчар, а я крыкнуў хлопцам: «Вінаваты, не вінаваты — лупі ўсіх па чарзе!» І пашло, брат, як па масьле. Мадзьяры пачалі скакаць праз вокны, мы іх лавілі за ногі і сьцягвалі назад у залю. Усім ім здорава папала. Умяшаліся былі ў гэту справу іхні стараста з жандарам, дык і ім папала на абаранкі. Шынкара таксама адлупцавалі за тое, што па-нямецку стаў лаяцца, што мы ўсю вечарынку псуем. Пасьля гэтага мы пашлі па вёсцы лавіць тых, хто ўздумаў ад нас схавацца. Аднаго іхняга ўнтэра мы знашлі ў сене на вышках у суседнім маёнтку. Яго выдала яго дзяўчына, бо ён танцаваў у шынку з другой. Яна закахалася ў нашага Мэйстршыка па вушы і пашла з ім па дарозе на Кіраль-Хіду. Там шмат адрын з сенам. Яна зацягнула яго ў сена, а потым патрабавала ад яго пяць крон, а ён даў ёй па мордзе. Мэйстршык дагнаў нас ля самага лягеру і расказваў, як раней ён пра мадзьярак думаў, што яны гарачыя, a што гэта сьвіньня ляжала, як бервяно і толькі лапатала кешта бяз сьціханку.
64
Памяншальнае імя ад Антоні.
65
Мадзьярскія песьні: uram biro — пан судзьдзя, lanok a faluba — вясковая красуня.
66
Узвышша каля Прагі. Гістарычнае месца бойкі чэхаў з сваімі прыгнятальнікамі ў XVII стагодзьдзі.
— Карацей кажучы, мадзьяры — дрэнь, — скончыў стары сапёр Вадзічка сваё апавяданьне, на што Швэйк заўважыў: — Іншы мадзьяр не вінаваты ў тым, што ён мадзьяр.
— Як гэта не вінаваты? — зазлаваў Вадзічка. — Кожны з іх у гэтым вінаваты — трэба-ж табе ляпнуць! Папробаваў-бы ты папасьці ў такую калатушу, у якую папаў я, какі прыехаў на курсы. У той-жа дзень сагнялі нас, як якую-небудзь жывелу, у школу, і нейкі асталоп пачаў нам там на дошцы маляваць і тлумачыць, што такое бліндажы, як капаюць аснову і як робяць вымярэньні. «А заўтра рана, — кажа, у каго ня будзе ўсё гэта нарысована, як ён тлумачыў, таго ён загадае зьвязаць і пасадзіць». — «Ліха табе, думаю, чаго-ж гэта я на фронце запісаўся на гэтыя курсы: для таго, каб уцячы з фронту, ці для таго, каб па вечарох рысаваць у сшытачку аловачкам, як у нулявушцы?» Такая, брат, злосьць на мяне найшла, цярплівасьці не хапае. Вочы-б мае, здаецца, на гэтага ёлапа, што нам тлумачыў, не глядзелі, так-бы са злосьці, здаецца, усё пашкуматаў. Я нават не чакаў вячэрняй кавы, а хутчэй пашоў у Кіраль-Хіду і толькі пра тое і думаў, як-бы знайсьці ў горадзе які-небудзь ціхі шынок, набрацца там, колькі ўлезе, зрабіць вэрхал, заехаць каму-небудзь па храпе і з палягчэньнем на сэрцы прысьці дадому. Але чалавек мяркуе, а бог разьмяркоўвае. Знашоў я ля ракі сярод садоў сапраўды ніштаваты шынок: ціха, як ў капліцы, усё нібы знарок зроблена для скандалу. Там сядзелі толькі ўдвух, гаварылі між сабою па-мадзьярску. Гэта мяне яшчэ больш падшыхнула, я нахлябтаўся яшчэ хутчэй і больш грунтоўна, чым меркаваў, і п‘яны нават не заўважыў, што побач знаходзіцца яшчэ адзін пакой, дзе сабраліся, пакуль я наліваўся, чалавек восем гусар, якія на мяне і населі, як толькі я даў кожнаму з маіх суседзяў разок па мордзе. Шэльмы гусары ганялі мяне па ўсіх садох і так, брат, мяне аддубасілі, што я трапіў дадому толькі раніцою і проста ў шпіталь. Ледзь адбрахаўся, што ўпаў у цагляную яму. Потым мяне прышлося цэлы тыдзень у мокрую прасьціну ўкручваць, пакуль сьпіна загаілася. Ня зычу табе, брат, папасьці ў такую кампанію. Хіба-ж гэта людзі? Гэта — зьвяры!
— Як гукнеш, так і адгукнецца, — сказаў Швэйк. — Нічога дзіўнага, што раззлаваліся, калі ім прышлося пакінуць усё віно на стале і ганяцца за табою папацёмку па садох. Яны-б павінны былі расправіцца з табою там-жа на месцы, потым цябе выкінуць. Каб яны расквіталіся з табою там-жа каля стала, гэта было-б і для іх лепш і для цябе. Знаў я аднаго шынкара, Пароўбэка, у Лібні. У яго ў шынку перапіўся раз ядлаўцоўкаю вандроўны гандляр мышынымі пасткамі і стаў буяніць, што ядлаўцоўка вельмі нямоцная, што шынкар разводзіць яе вадою. «Калі-б, — кажа, — я сто гадоў таргаваў мышынымі пасткамі і на ўвесь свой заработак купіў ядлаўцоўкі ды зразу ўсю выпіў, то пасьля гэтага мог-бы яшчэ хадзіць па канаце, а цябе, Пароўбэк, насіць на руках». Да гэтага ён дадаў, што Пароўбэк шалёны сабака і гнюсная жывёліна. Тут Пароўбэк саколіка схапіў, схвастаў аб яго галаву ўсе яго машыныя пасткі, выкінуў яго на вуліцу, а на вуліцы малаціў па ім кіем, якім жалезныя ролеты апускаюць (да таго азьвярэў), і пагнаўся за ім цераз пляц інвалідаў у Карліне да самага Жыжкава, а адтуль цераз Жыдоўскія Печы [67] ў Малешовіцы, пакуль нарэшце не паламаў аб яго кій, пасьля гэтага толькі вярнуўся назад у Лібэнь. Добра. Але ў гарачцы ён забыўся, што ў шынку засталася ўся публіка і што, напэўна, гэтыя нягоднікі пачнуць там гаспадарыць. У гэтым яму і прышлося пераканацца, калі ён нарэшце дабраўся назад у свой шынок. Жалезная ролета ў шынку напалову спушчана і каля яе два паліцэйскія, якія таксама добра хапілі (калі наводзілі парадак усярэдзіне). Усё, што было ў шынку, напалову выпіта, на вуліцы парожная бочачка з-пад рому, а пад прылаўкам два п‘яныя суб‘екты, якіх паліцэйскія не заўважылі і якія, пасьля таго, як іх Пароўбэк выцягнуў, хацелі заплаціць яму па два крэйцэры: На больш, кажуць, гарэлкі ня выпілі… Вось як караецца гарачка. Усёроўна, брат, як на вайне: сьпярша няпрыяцеля разаб‘ем, потым за ім ды за ім, а потым самі ня ведаем, як уцякаць…
67
Пустка на ўскраіне Прагі.
— Я гэтых свалачэй добра ў твар памятаю, — сказаў Вадзічка. — Няхай толькі пападзецца мне хто-небудзь з гэтых гусараў на вузенькай дарожцы, — я з імі хутка распраўлюся. Калі ўжо нам, сапёрам, што-небудзь прыдзе ў голаву, дык мы наконт гэтага зьвяры. Мы, брат, не якія-небудзь там апалчэнцы. На фронце перад Перамышлем быў у нас капітан Ецбахер, сволач, горшай на сьвеце ня знойдзеш. Так, брат, зьдзекваўся з нас, што адзін з нашай роты, Бітэрліх хоць і немец, але добры хлопец, — праз яго застрэліўся. Ну, мы дадумаліся, як толькі рускія пачнуць сыпаць, то капітану Ецбахеру прыдзе каюк. І сапраўды: не пасьпелі рускія пачаць перастрэлку, мы, нібы не знарок, пусьцілі ў яго гэтак з пяць набояў. Жывучы быў, гадзіна, як кошка, — прышлося яго дабіць двума стрэламі, каб потым на нас бяды ня было. Толькі прамармытаў нешта, ды так, брат, сьмешна — проста падарвацца. — Вадзічка засьмяяўся. — На фронце такія рэчы ня сходзяць з парадку дня. Адзін мой таварыш (цяпер таксама з намі ў сапёрах) расказваў, што, калі ён быў у пяхоце пад Белградам, яго рота застрэліла ў часе атакі свайго обэр-лейтэнанта, таксама добрага сабаку, які сам застрэліў двух салдат у паходзе за тое, што тыя змагліся і не маглі больш ісьці. Обэр-лейтэнант, калі ўбачыў, што прышлі яму канцы, пачаў раптам сьвістаць, даваць сыгнал да адступленьня. Кажуць, хлопцы тады чуць не паўміралі са сьмеху.
Пры такой цікавай і навучальнай гутарцы яны дайшлі нарэшце да крамы з жалезам пана Каконя на Шопроньскай вуліцы № 16.
— Ты-б лепш пачакаў тут ля варот, — сказаў Швэйк Вадзічку, — я зьбегаю на другі паверх, перадам ліст, атрымаю адказ і ў момант прыду назад.
— Пакінуць цябе аднаго? — зьдзівіўся Вадзічка. — Дрэнна, брат, ты ведаеш мадзьяраў, колькі раз я табе казаў! З імі трэба быць асьцярожным. Я яго я-ак трахну!..
— Слухай, Вадзічка, — сур‘ёзна сказаў Швэйк, — справа не ў мадзьяры, а ў яго жонцы. Калі мы з табою і з чэшкай-кельнэршай сядзелі за сталом, я-ж табе казаў, што нясу ліст ад свайго обэр-лейтэнанта і што гэта вялікі сакрэт. Мой обэр-лейтэнант на прамілы бог прасіў, каб ніхто пра гэта ня ведаў. Твая-ж кельнэрша сама згадзілася, што гэта вельмі сакрэтная справа і што ніхто не павінен ведаць пра тое, што пан обэр-лейтэнант перапісваецца з замужкаю. Ты-ж сам згаджаўся з гэтым і падтакваў. Я вам растлумачыў усё, як належыць, што павінен дакладна выканаць загад обэр-лейтэнанта, а цяпер ты намогся ісьці са мною наверх.