Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— Вось вам ваш злот, — сказаў Швэйк. — He хачу разжывацца вашым дабром. А калі атрымаю ад обэр-фэльдкурата другі, то таксама аддам яго вам, каб вы ня плакалі. Вам павінна быць толькі прыемна, што начальства пазычае ў вас грошы. Вельмі вы ўжо эгоіст вялікі. Справа ўсяго ў якіх-небудзь няшчасных двух злотах. Паглядзеў-бы я, што-б вы запелі, каб вам прышлося жыцьцё аддаць за начальства. Скажам, калі-б ён ляжаў паранены за няпрыяцельскай лініяй, a вам-бы прышлося яго ратаваць і вынесьці яго на руках з лініі агню, а ў вас-бы стралялі шрапнельлю і чым папала…
— Вы то ўжо напэўна нарабілі-б у порткі, — абараняўся капрал. — Вёска!
— У час атакі то шмат хто сябе ў порткі накладае, — заўважыў нехта з канвою. — Нядаўна ў Будэйовіцах расказваў нам
— А іншы раз, — сказаў Швэйк, — пры рукапашнай бойцы чалавека ад чаго-небудзь так занудзіць, што рады няма. У Празе ў Падгарэльцы, у шынку «Панорама» адзін з каманды ачуньваючых, паранены пад Перамышлем, расказваў, як яны дзесьці пад нейкай крэпасьцю пашлі ў штыхі. Адкуль узяўшыся, палез на яго рускі салдат, хлопец-гара, штых на перавес, а з носа ў яго вісеў здаровы сапляк. Няшчасны толькі глянуў на яго валізарны нос з сапляком, і так яго зразу занудзіла, шго прышлося бегчы ў палявы шпіталь. Яго там палічылі за халернага і паслалі ў халерны барак ў Будапэшт, дзе ён сапраўды захварэў на халеру.
— Кім ён быў: радавым ці капралам? — запытаўся вольнапісаны.
— Капралам, — спакойна адказаў Швэйк.
— Тое-ж самае можа здарыцца і з кожным вольнапісаным, — па-дурному заўважыў капрал і пры гэтым з пераможным выглядам паглядзеў на вольнапісанага, нібы кажучы: «А што, выкусіў? I крыць няма чым».
Але вольнапісаны не адказаў і лёг на лаўцы.
Цягнік падходзіў да Вены. Хто ня спаў, глядзеў праз вакно на драцяныя загароды і ўмацаваньні для абароны Вены. Гэта ўсіх прыгнятала. Нават нясьціханы лямант, які чуўся з вагонаў, дзе ехалі «бараны», з Кашпэрскіх гор, — Wann isch kum, wann isch kum, wann isch wieda, wieda kum — сьціх пад уплывам цяжкога пачуцьця, выкліканага выглядам драцяных загарод, якімі была абведзена Вена.
— Усё ў парадку — сказаў Швэйк, гледзячы на акопы, — усё ў поўным парадку. Адно толькі нядобра, што венцы могуць падраць сабе штаны, калі паедуць за горад, каб падыхаць чыстым паветрам. Тут трэба быць вельмі асьцярожным. Наогул Вена — вельмі важны горад, — гаварыў ён далей. — Узяць напрыклад, дзікіх зьвяроў у шэнбрунскім зоолёгічным садзе. Калі я некалькі гадоў таму назад быў у Вене, я ахватней за ўсё хадзіў глядзець на малпаў, але калі праяжджае якая-небудзь асоба з імпэратарскага палацу, то нікога, на жаль, туды праз кардон ня пускаюць. Са мною быў адзін кравец, з Вены з дзесятага раёну, дык яго арыштавалі за тсе, што яму загарэлася абавязкова паглядзець на гэтыя малпы.
— А ў палацы вы былі? — запытаўся капрал.
— Там надзвычайна, — адказаў Швэйк. — Я там ня быў, але мне расказваў адзін чалавек, які там быў. Самае цікавае, што там ёсьць, гэта палацавы канвой. Кожны з іх павінен быць два мэтры на вышкі, а потым атрымоўвае трафіку [60] . А прынцэс там як сабак нярэзаных.
Цягнік прамільгнуў паўз нейкую станцыю, і адтуль, паступова заціхаючы, даносіліся гукі аўстрыйскага гімну. Капэля была выслана на станцыю для спатканьня эшалёну, мусіць памылкова, бо цягнік праз досыць доўгі кавалак часу спыніўся на другім вакзале, дзе для эшалёну быў нарыхтаваны абед і ўрачыстае спатканьне.
60
Крамка, у якой прадаюцца паштовыя і гербавыя маркі, папяросы і тытунь (у Аўстра Вэнгрыі была тытунёвая дзяржаўная монополія) і інш. Концэсія на трафіку давалася інвалідам, удовам салдат і інш. і была як-бы пэнсіяй.
Але ўрачыстыя спатканьні ўжо ня мелі такога характару, як у пачатку вайны, калі салдаты, якія накіроўваліся на фронт, атрымлівалі на кожнай станцыі што-небудзь перакусіць і калі іх усюды сустракалі цэлыя плоймы адзетых у ідыёцкія белыя сукенкі дзяўчатак з яшчэ больш ідыёцкімі тварамі і такімі-ж самымі ідыёцкімі букетамі. Але дурнейшымі за ўсё былі, вядома, прывітальныя прамовы тае ці іншай пані, муж якой лічыў сябе ўра-патрыётам.
Урачыстая дэлегацыя, што сустрэла эшалён, у якім ехаў Швэйк, складалася з трох пань — членаў аўстрыйскага таварыства Чырвонага Крыжу, дзьвюх пань — членаў нейкага вайсковага гуртка венскіх пань і паненак, аднаго офіцыйнага прадстаўніка венскага магістрату і аднаго вайскоўца. На іх тварах відаць была стомленасьць. Эшалёны праяжджалі днём і ноччу, санітарныя цягнікі з раненымі прыбывалі кожную гадзіну, на станцыях увесь час перакідваліся з аднаго шляху на другія цягнікі з палоннымі, і пры ўсім гэтым павінны былі прысутнічаць члены розных таварыстваў і корпорацый. Дзень-у-дзень было ўсё тое самае, і першапачатковы энтузіязм зьмяніўся пазяхотай. На зьмену адным прыходзілі другія, і ў кожнага з іх на любым з венскіх вакзалаў быў той-жа самы стомлены выгляд, як і ў тых, што сустракалі будэйовіцкі полк.
З цялячых вагонаў выглядвалі салдаты з безнадзейным выглядам людзей, якія ідуць на шыбеніцу.
Да вагонаў падыходзілі пані і раздавалі салдатам пернікі з цукровымі надпісамі: «Sieg und Rache», «Gott, strafe England!», «Der Osterreicher hat eine Vaterland. Er liebst und hat auch Ursach furs Vaterland zu kampfen» [61] .
Відаць было, як кашпэрскія горцы жаруць пернікі з тым-жа безнадэейным выглядам твараў.
Потым быў дадзен загад па ротах ісьці па абед к палявым кухням, якія стаялі за вакзалам. Там-жа была і афіцэрская кухня, куды накіраваўся Швэйк, каб выканаць загад обэр-фэльдкурата. Вольнапісаны застаўся ў цягніку і чакаў, пакуль яму пададуць: два канвойных пашлі па абед на ўвесь арыштанскі вагон.
61
«Перамога і помства». «Божа, пакарай Англію». «У сына Аўстра-Вэнгрыі ёсьць бацькаўшчына. Ён любіць яе, і ў яго ёсьць за што ваяваць».
Швэйк дасканала выканаў загад і, ідучы назад, калі пераходзіў цераз рэйкі, убачыў паручніка Лукаша, які пахаджваў па палатне чыгункі, чакаючы, што ў афіцэрскай кухні і на яро долю што-небудзь ды застанецца. Паручнік Лукаш быў у вельмі няпрыемным становішчы, бо пакуль што ў яго разам з паручнікам Кіршнэрам быў агульны дзяншчык. Гэты хлопец клапаціўся толькі аб сваім афіцэры і выяўляў поўны саботаж, калі справа датыкалася паручніка Лукаша.
— Каму вы гэта нясеце, Швэйк? — запытаўся небарак, паручнік, калі Швэйк скінуў далоў цэлую кучу рэчаў, уверчаных у шынэль, — здабычу, узятую з боем у афіцэрскай кухні.
Швэйк на момант зьбянтэжыўся, але хутка апамятаўся і з адкрытым і ясным тварам спакойна адказаў:
— Асьмелюся далажыць — вам, пан паручнік. He магу вось толькі знайсьці, дзе ваша купэ, і апрача таго баюся, што пан комэндант цягніка будзе супярэчыць супроць таго, каб я перасеў да вас, — гэта такая сьвіньня.
Паручнік Лукаш дапытліва глянуў на Швэйка. Той гаварыў далей інтымна і дабрадушна.
— Бясспрэчна сьвіньня, пан паручнік. Калі ён абходзіў цягнік, я яму зараз-жа далажыў, што ўжо адзінаццаць гадзін, час свой я адсядзеў, і маё месца ў цялячым вагоне, альбо з вамі. А ён мяне досыць груба перапыніў, каб я ня рыпаўся і заставаўся сядзець. Сказаў, што прынамсі не зраблю вам сорама ў дарозе. — Швэйк пакутна скрывіў рот. — Хіба-ж я вам, пан паручнік, калі-небудзь нарабіў сораму?