Сад Замкнёных Гор
Шрифт:
А ўзрушаная абаяльная смуглянка ўзьнялася і ўскочыла і ўзьняла рукі да гараджан!
Перамога!
Засіпелі дудкі і сурмы аркестра.
— Слава Руаце!
Фантаны кветак узьняліся ў паветра і пакрылі пастамэнт жывым кілімам.
— Слава пераможцы, пекнай Руаце!
Мяне апанаваў страх.
Чорная пятля абмяжоўвала зрок і сьвет…
Там, у пятлі, разьзяваліся тысячы ратоў, у якіх трэсьліся белыя, жоўтыя, чорныя зубы. Здавалася яны грызьлі паветра… разам з маім жыцьцём.
Перамога!
Прыгожая перамога азначала пачатак маёй сьмерці.
Юная дзяўчынка з букетамі
— Калі ласка, ціха. Жыхары горада! Паводле закону Цэнтральных Скрыжаваньняў пераможца робіцца караючай рукой правасудзьдзя. Ціха! Але пераможца можа адмовіцца ад сваёй перамогі і ўзяць сабе асуджанага. У такім выпадку перамога, гэты вянок славы і большая частка ганарару перадаецца яго спаборніку. Таксама нагадаю, што стаўкі, якія рабіліся на пераможцу, у такім выпадку прайграюць, а стаўкі яго спаборніка выйграюць! — крыкнуў паліцмайстар, а потым незаўважна нахіліўся да Руаты.
— Бургамістар ня супраць, каб вы ўзялі сабе няшчаснага хлопца, — шапнуў ён і зноў паўтарыў публіцы «літары закона».
Упала цяжкая цішыня! Сотні вачэй углядаліся ў твар юнай дзяўчыны.
— Руата! — сьвяточна прамовіў паліцмайстар. — У вас права выбару! У вас адной на ўсёй плянэце права караць і мілаваць.
Я адчуў подых надзеі.
Руата павольна падышла да шыбеніцы. Я адагнаў ад сябе страх: мужчына не павінен выкрываць свой страх перад жанчынай! Паглядзеў на яе шчыра і ясна. Яна першая адвяла погляд! Я адчуваў, што там, у чорнай бездані яе вачэй, нарадзілася жаданьне: мець свайго моцнага, сьмелага, прыгожага мужчыну…
Нарадзілася жаданьне!
Тонкія пальцы зь вінаградзінамі пазногцікаў, дзе з-пад скуранога далягляду ўзыходзіць пэрлямутравае сонейка, накінулі на мяне пятлю… Яе вочы апальвалі мяне. Яна выпрабоўвала мяне, чакала страху. Я ж нішчыў свой страх.
Капронавая луска агідна заласкатала скуру. Я праглынуў камяк сьліны.
Дзяўчына апошні раз пільна паглядзела мне ў вочы, зноў там у глыбіні мільганула цікавасьць і жаданьне…
Яна хутка адвярнулася.
— Толькі вам дадзена права караць і мілаваць, — прагугнявіў паліцмайстар.
Ён перахапіў погляд бургамістра і цёмна, густа пабарвавеў, амаль зьліўся колерам са сваім балахонам.
Смуглянка рэзкімі крокамі выйшла на сярэдзіну сцэны — чорныя вочы сачылі за тварамі людзей — потым паглядзела на бургамістра.
Перамога, ці маё жыцьцё.
Перамога, ці «так» бургамістру.
Юная, прыгожая, абаяльная дзяўчына яшчэ раз азірнула натоўп, імкліва падбегла да мяне і… выбіла нагой услончык.
Луска пераўтварылася ў дрот, здушыла горла, сьціснула пазванкі, разам з тым зьявілася асалода ў нагах.
Я памёр.
VІ
Пратнеце мне плячо! Зрабеце балюча!
Я памёр!?
Я ўсёй сваёй істотай, цяпер празрыстай і сьветлай, сатканай з маіх мінулых і новых думак, заўважаў… бачыў сябе ТАГО, які недарэчна хістаўся пад бэлькай, а паліцмайстар побач узнагароджваў дзяўчыну мэталічным вянком чорных ружаў.
Што я адчуваў? Усьведамленьне сьмерці, канца? Бездані?
Не — сумную ўсьмешку і палёгку.
Я лунаў над людзьмі. Сам Я, цалкам, адразу, над усімі…
А самае галоўнае, што зьмянілася — зьнік час!
Чым жа мы яго адчуваем?
Рухам?
Старэньнем?
Мы ўсе нясем важкую ношу часу! Груз сэкунд, хвілін, месяцаў, гадоў. І калі ён робіцца для нас непасільным, мы скідваем яго і ляцім… быццам пазбаўленыя катвігі паветраныя балёнікі.
Вясёлы натоўп, пастамэнт і я-не-я на капронцы аддаляліся. Але само аддаленьне таксама было незвычайнае, не прастора-часавае, мае думкі ўспрымалі прапарцыянальнае зьмяншэньне і, здавалася, па жаданьні, я мог карцінку рэчаіснасьці павялічыць, ці разьвярнуць пэўным чынам, ці расфарбаваць, ці закаруселіць, ці яшчэ надаць ёй шмат іншых рухаў, якія я сам ня ведаў, а толькі адчуваў, што здатны на іх.
Праўда, жаданьня не было!
Неадчувальны паветраны струмень узносіў мяне.
Я наталяўся свабодай палёту…
Там, наверсе, сярод чыстай плыні, раптоўна і ў той жа міг чакана, узьнікла яркае бела-празрыстае сьвятло. Яно не асьляпляла, наадварот, лагодзіла! І мяне напаткалі словы нашага старога вешчуна, а мусіць, то быў ён сам?
— Ты не памёр… Калі твой розум прыняў покліч сьмяротнай небясьпекі, у глыбіні тваёй падсьвядомасьці пачала раскручвацца бясконцая сьпіраль маіх замоваў, маіх думак, якія настаўнікі далі тваёй памяці пры навучаньні. Замовы пасьпелі абвіць тваё цела, зрабілі яго непашкодным і бязважкім. Вер мне, аніякая сіла на сьвеце цяпер ня зможа парушыць аніводнай тканкі, аніводнай клеткі, нават аніводнай вейкі твайго падпарадкаванага цяпер мне цела. Яно здранцьвелае, бязважкае, непрацінальнае, непашкоднае, цалкам падуладнае маім думкам. Няхай тваё Я лунае асобна, не імкніся зноў вярнуцца ў рэчаіснасьць. Не імкніся! Цалкам аддайся найвышэйшае Сьпіральнае Замове Замоваў, не перашкаджай ёй сваёй воляй… Пакуль тваё Я будзе ў надрэчаіснай плыні, уся схаваная энэргія тваёй падсьвядомасьці і энэргія маіх ведаў будуць ашчаджаць тваю матэрыяльную абалонку. Калі вонкавыя абставіны зробяцца больш спрыяльнымі, тваё Я вернецца.
VІІ
— Халё, Нетайч, падтрымай, час здымаць. А то засьмярдзіць. Вэнтыляцыя ў нас — сам ведаеш. До, што ад кірмашу ў мяне ў носе кузуркі родзяцца.
— На парсючнік?
— А што, у трубу? Мяса ёсьць мяса.
— Так то ж далёка цягнуць.
— Нічога, ён, малойца, яшчэ сьвежанькі і не такі ўжо цяжкі, — засьмяяўся шляхетны з твару, статны вартаўнік. — Давай, бяры яго за ногі.
Сам ён стаў на ўслончык. Моцныя пальцы пашырылі пятлю, капронавая аборка прапаўзла па падбародзьдзі і зачапілася за нос.
«Вось, дурань, носа ня бачыць», — падумаў я…
— Ах, чорт, пагодзь, — ён цалкам зьняў пятлю.
— А-а-а, Упляйк, дапамагі, я ня можу!.. — закрычаў Нетайч унізе.
Гэты слабак ня змог утрымаць маё цела, я ўсім тулавам наваліўся на статнага вартаўніка, і мы ўтрох разам з услончыкам паляцелі на падлогу.
— Хіба акуратней ня можаце! — злосна прамовіў я.
Вочы Ўпляйка і Нетайча вылезьлі з арбітаў.
Вартаўнікі рвануліся зь месца.
— Ну, не-е, — я пасьпеў зачапіць Упляйка, — разьвяжы.