Сад Замкнёных Гор
Шрифт:
Зь вялікім намаганьнем я пагасіў у сабе вулькан.
— Сёньня ты будзеш не маёй, ты будзеш належыць паветру! — рэзка разьвярнуўся і пайшоў па стале.
Дзяўчына порсткай яшчаркай абегла мяне і, перакрываючы мой шлях, пачала танцаваць. Бубнар падхапіў яе тэмп.
Яна танцавала адмыслова для мяне, уся яе маладая жарсьць была сфакусавана на мне! Шалёныя, прагныя хвалі спакушальнага дзявочага цела, нібы кпілі: «Што ж ты…»
— Учора я выйграла цябе. А сёння ты выйграў мяне. Я належу табе, — яна сьмяялася
Я ахапіў яе за плечы, акуратна прыўзьняў і моўчкі паставіў за сабою. Потым саскочыў са стала:
— А-ну прапусьцеце! — крыкнуў у натоўп.
Я сышоў!
ІХ
Непадалёк ад гораду я ўзьлез адпачыць на вялікія трубы. Бактэрыі, якія разводзіліся ў іх, забясьпечвалі людзей электраэнэргіяй і цяплом. Трубы праходзілі праз усе паверхі, нібы зьядналі народы і плямёны, а самі калёніі бактэрый лічыліся прыродным багацьцем. Іх яшчэ у старажытнасьці разьвялі нашы агульныя продкі.
Спаць на трубах было ўтульна. Мяккая абалонка служыла добрым матрасам.
Але заснуць я не пасьпеў. Злосны сабачы брэх абудзіў мяне. Унізе стаяла дзяўчына, над касьмічнымі вачамі якой, квітнелі заплеценыя ў вянок чорныя ружы.
— Вось ты дзе! Што ж так хутка ўцёк, нават мяне не прыхапіў… Ад Берсара не схаваесься. Дый не хвалюйся, я адна.
– І што табе трэба?
— Мне трэба! Табе мала, што я прыйшла сама?
— Паслухай, я для вас — ідыёт зь нізу, ня ведаю вашых законаў і звычаяў. Я іду сваім шляхам…
— Куды?
— Вышэй.
— Выдатна! Там наш народ. А мне, як і табе, нязручна заставацца ў горадзе. Я ня выканала просьбу самога бургамістра. Пойдзем разам. Калі ты яшчэ захочаш на «арэлі», я з задавальненьнем пазмагаюся за цябе.
— Мне нармальна і аднаму, — сказаў я і адчуў, што зусім не хачу, каб яна сыходзіла.
— Берсар, хадзі дамоў, — Руата нібы не пачула маіх слоў, спусьціла сабаку з павадка.
Пёс журботна паглядзеў на гаспадыню.
— Гэта для маці, — дзяўчына зьняла з рукі бранзалет, — па ім яна здагадаецца, што са мною нічога кепскага. Ну, хадзі!
Разумны пёс, апусьціўшы хвост, пайшоў па цьмяным тунэлі.
— Бывай!
Дзяўчына спрытна ўзьнялася на трубы, лягла побач са мною.
— Я стаміўся і хачу спаць, — буркнуў я, сам не жадаючы таго.
— Прабач, я таксама вельмі хачу спаць.
Мы разам цудоўна выспаліся.
Па чорнай стальной лесьвіцы мы падняліся на наступны паверх і борзда пакрочылі па прасадзе невялічкіх пальмаў, што расьлі ў плястыкавых вёдрах.
— Руата, — сказаў я, — а ты не баісься ісьці разам зь незнаёмым чалавекам?
Яна засьмяялася.
— А хіба ты чалавек? Цябе ўстырнулі на шыбеніцы — ты жывы. Ты прагнеш мяне, але адмаўляесься кахаць. У цябе хоць ёсьць імя?
— Ты ж была маім катам! Магла чуць, як зваць злачынцу.
— Калі абвяшчалі прысуд, мне было не да таго. Увогуле, якая розьніца як клічуць шыбеніка?
Я сумяўся, а потым прамовіў:
— Я — Даляшорзах Ін-Йорм.
— Руата Наяроч Першая. Вельмі прыемна.
— Чаму Першая?
— Першая дзяўчына-спартсмэнка ў нашым родзе. Калі ў мяне будзе дачка — і яна стане спартсмэнкай, то будзе Наяроч Другая.
Мы моўчкі прайшлі некалькі мэтраў. Наперадзе пераліваўся штучным сьвятлом басэйн — не, дакладней, штучнае возера зь пясочнымі пляжамі.
Столь над ім была яскрава-блакітная.
— Даляшорзах… Цікавае імя. Яно нешта азначае.
— А што, імя абявазкова павінна нешта азначаць?
— Даляшорзах… — Зорныя вочы бліснулі хітрынкай, — хай тваё імя азначае: пацалуй мяне!
Просьба засьпела мяне, мякка кажучы, зьнячэўку. Я ніколі не цалаваўся! Я спыніўся. Нашы погляды сустрэліся. Мы не маглі адвесьці іх. Вусны самі навучылі мяне…
Руата цалавала прагна, яна запаляла мяне. Я цалаваў яе аксамітныя шчокі, шыю, чульлівыя, дрогкія павекі. Я забаўляўся імі.
Яна была шчасьлівая. Яе рукі абвівалі мяне цёпла-малочным плюшчам.
Мы апусьціліся на белы пясок.
Яе губы… яны выпівалі мяне!
Мае далоні… яны пяшчотна абалочвалі ўсю дзяўчыну хвальнымі рухамі. Руата, нібы імклівы дэльфін, песьцілася ў ласкавай плыні, створанай маімі рукамі…
Стома, ласкавая і мяккая.
Я раскінуўся на пляжы, усьцішаўся адпачынкам. Мне нічога, нічога-нічога не хацелася. Лянота і плёск хваляў. Там, у возеры, купалася мая каханая. Я глядзеў, глядзеў, глядзеў… Фаервэрк з кветак распускаўся ў розуме замест думак.
Руата выйшла на бераг, накінула туніку.
Па яе твары я здагадаўся, што нешта зьмянілася!
— Усё. Я іду дамоў.
Кветкі імгненна ператварылася ў попел…
— Я іду дамоў, — паўтарыла дзяўчына тым жа тонам і пайшла ад мяне гордай і прыгожай хадою.
Я сапраўды бачыў, як яна аддалялася, але не ўсьведамляў гэта. Я ня ведаў, што рабіць? Прасіць! Маліць: застанься! Крычаць: кахаю! Кахаю! Але я ня ведаю яе, ня ведаю звычак яе народа. Магчыма такіх дзяўчат можна цалаваць толькі адзін раз…
Руата спынілася, паглядзела ў мой бок, быццам у апошні раз…
І раптам пабегла да мяне.
Яе кулачкі небалюча ўдарылі мяне ў грудзі.
— Чаму!? Чаму ты ня можаш сказаць: «Застанься! Ідзі са мной!!!» Ну чаму ты такі!
Яна зарыдала ў маё плячо.
А пагладзіў яе па чорных са срэбным адлівам валасах і на мяккую мушлінку прашаптаў:
— Застанься. Ідзі са мной.
Руата надзьмула губкі, яшчэ з большым замахам, але лягчэй, гарэзьліва, ударыла мяне падушачкамі кулачкоу, а потым абняла.