Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Калі я ўгары, я заўсёды адчуваю сябе самотна. Ніхто не гаворыць са мною, холад адзіноты кідае мяне ў дрыжыкі. Чаго ж мне трэба на вышыні?
Мая пагарда расце разам з запалам; чым вышэй я падымаюся, тым больш пагарджаю тым, які падымаецца. Чаго ж мне трэба ўгары?
Мне брыдка за тое, што я падымаюся і што спатыкаюся! Я смяюся са сваёй задышкі! Як ненавіджу тых, якія лётаюць! Як я стаміўся на вышыні!»
Тут хлопец змоўк. А Заратустра зірнуў на дрэва, каля якога яны стаялі, і сказаў:
«Самотна стаіць
І калі б яно загаварыла, не знайшлося б нікога, хто зразумеў бы яго, — так вынёсла яно вырасла.
І вось яно чакае і чакае, — а чаго яно чакае? Так блізка ссуседзілася яно з хмарамі: ці не чакае яно першай маланкі?»
Калі Заратустра сказаў гэта, хлопец усклікнуў, пляснуўшы рукамі: «Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагібелі, калі імкнуўся ўгору, і ты — маланка, якое чакаў я! Паглядзі, што зрабілася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе разваліла мяне!» — так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго і павёў за сабою.
І калі прайшлі яны крыху дарогі, загаварыў Заратустра: «Заходзіцца сэрца маё. Лепш за ўсякія словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.
Ты яшчэ не свабодны — ты толькі шукаеш свабоды. Стамілі цябе твае пошукі і забралі твой сон.
Ты імкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але і благія твае памкненні прагнуць свабоды.
Твае дзікія сабакі рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасці ў сваіх падзямеллях, пакуль твой дух імкнецца разбурыць усе вязніцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такіх вязняў, але разам з тым падступная і нядобрая.
Свабодны духам павінен ачысціцца. Бо ў ім яшчэ шмат астрожнага змроку і цвілі — вока яго павінна ачысціцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклінаю цябе сваёй любоўю і надзеяй: не адкідай сваёй любові і надзеі!
Высакародна ты любіш пакуль што, і высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зіркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсім папярок дарогі.
«Добрым» таксама ён заважае; калі ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогі.
Высакародны хоча стварыць новае і новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробіцца добры, а што знахабіцца, зробіцца перасмешнікам і знішчальнікам.
Я ведаў высакародных, якія страцілі сваю найвышэйшую надзею. І вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокія памкненні.
І вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткія ўцехі і ставяць перад сабою мізэрныя мэты — не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
«Дух — таксама салодкі шал» — так кажуць яны. І разбіліся крылы ў іх духу, і цяпер ён поўзае ўсюды і апаганьвае ўсё, што грызе.
Калісьці
Але любоўю сваёй і надзеяй заклінаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!»
Так сказаў Заратустра.
Пра прапаведнікаў смерці
Ёсць прапаведнікі смерці, і на зямлі поўна людзей, якім патрэбна пропаведзь агіды да жыцця.
Зямля кішыць лішнімі, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калі б можна было абяцаннем «вечнага жыцця» вынадзіць іх з гэтага жыцця!
Прапаведнікаў смерці называюць «жоўтымі» або «чорнымі». А я хачу паказаць вам іх у іншых колерах.
Вось яны, гэтыя жахлівыя, што носяць у сабе драпежнага звера і не маюць іншага выбару, акрамя пажады і самакатавання. Але і пажада іхняя — таксама самакатаванне.
Яны яшчэ нават не рабіліся людзьмі, гэтыя жахлівыя: няхай жа яны прапаведуюць агіду да жыцця і гінуць самі!
Вось яны, сухотныя душою — толькі нарадзіліся, а пачынаюць ужо паміраць і трызняць вучэннем пра стому і адмаўленне.
Яны вельмі хацелі б смерці, дык давайце ж пахвалім іх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывіць гэтых мерцвякоў і не пашкодзіць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; і адразу кажуць: «жыццё абвергнута»!
Але абвергнуты толькі яны самыя і іхнія вочы, якія бачаць толькі аблічча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага і выпадковага, што цягне з сабою смерць, — так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлівасці; трымаюцца за жыццё, як за саломіну, і кпяць, што трымаюцца за саломіну.
Іх мудрасць маўляе: «Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! І ў гэтым — уся дурнота жыцця!»
«Жыццё — толькі пакута» — так кажуць іншыя і не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабіць так, каб вашае жыццё спынілася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас — пакута!
І хай такою будзе запаведзь вашае цноты: «Забі сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!»
«Салодкае пахацінства — грэх, і так кажуць адны прапаведнікі смерці, дазвольце ж нам пайсці і не рабіць дзяцей!»
«Нараджаць вельмі цяжка, — кажуць другія, — ды і навошта? Нараджаюцца толькі няшчасныя!» Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
«Спагада патрэбная, — кажуць трэція, — забярыце ўсё, што я маю! Забярыце і мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!»
Калі б яны былі ў аснове спагадлівыя, яны адвярнулі б ад жыцця сваіх блізкіх. Быць злымі — вось што было б іх сапраўдным дабром.