Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
«Будзь, прынамсі, маім ворагам!» — кажа сапраўдная пачцівасць, якая не адважваецца прасіць сяброўства.
Калі ты хочаш мець сябра, ты павінен быць гатовы весці за яго вайну; а каб весці вайну, трэба ўмець быць ворагам.
У сваім сябры трэба шанаваць яшчэ і ворага. Хіба можаш ты падысці да свайго сябра, не падступіўшыся да яго?
Хай будзе твой сябар сама годным ворагам тваім. Будзь сама блізкі да сэрца ягонага, супраціўляючыся яму.
Ты не хочаш перад сваім сябрам насіць вопратку?
Хто не маскуе сябе, той абурае: у вас аж столькі падстаў баяцца сваёй галізны! Былі б вы багамі, тады вы саромеліся б сваёй вопраткі!
Не прыхарошвайся дзеля сябра, бо стралой і парывам да Звышчалавека маеш ты быць яму.
Ці глядзеў ты на сябра, калі ён спіць, каб убачыць, які ён тады? Што такое твар твайго сябра? Гэта — сама твой твар, але ў грубым і недасканалым люстры.
Ці бачыў ты сябра свайго, калі ён спіць? Ці не спалохаўся ты яго выгляду? О, чалавек ёсць нешта такое, што трэба пераадолець.
Здагадвацца і ўмець маўчаць павінен сябар: не ўсё ты павінен хацець бачыць. Хай сон твой адкрые табе, што робіць твой сябар, калі чувае.
Хай здагадка твая будзе мілажальная: даведайся спярша, ці хоча сябар твайго мілажалю. Можа, ён любіць у табе цвёрды пагляд і позірк вечнасці.
Хай будзе твой мілажаль да сябра схаваны пад моцнай абалонкай, на ёй ты павінен скрышыць свае зубы. Тады спагада набудзе вытанчанасць і слодыч.
Ці стаў ты чыстым паветрам, хлебам і лекамі свайму сябру? Некаторыя не ўмеюць скінуць з сябе ланцуг, аднак ратуюць сваіх сяброў.
Ты раб? Тады ты не можаш быць сябрам. Тыран? Тады ты не можаш мець сяброў.
Занадта доўга жылі ў жанчыне раб і тыран. Таму яна няздольная на сяброўства: яна ведае толькі каханне.
У яе каханні заўсёды ёсць несправядлівасць і слепата да ўсяго, чаго яна не любіць. Але і ў свядомым каханні жанчыны ёсць і раптоўнасць, і маланка, і ноч побач з святлом.
Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства. Жанчыны — усё яшчэ кошкі альбо птушкі. Альбо, у лепшым разе, каровы.
Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства: але скажыце вы мне, мужчыны, хто з вас здольны?
О вашая беднасць, мужчыны, о скнарыстасць вашай душы! Тое, што вы даяце сябру, я даю кожнаму свайму ворагу, але ж не раблюся бяднейшы.
Ёсць таварыскасць: хай будзе і сяброўства!
Так сказаў Заратустра.
Пра тысячу і адну мэту
Шмат краін і народаў пабачыў Заратустра: так ён адкрыў дабро і зло ў розных народаў. Не знайшоў ён на цэлай зямлі сілы, большай за дабро і зло.
Ніводзін народ не здолеў бы выжыць, не робячы ацэнкі — што дабро і што — зло; каб захавацца, ён павінен ацэньваць інакш, чым ягоны сусед.
Многае, што
Ніколі сусед не разумеў суседа; заўсёды здзіўлялася душа аднаго з шалу і злосці другога.
Скрыжаль даброцяў вісіць над кожным народам. Глядзі, гэта скрыжаль ягоных пераадоленняў, гэта голас ягонай волі да ўлады.
Вартае хвалы ў яго тое, што цяжка робіцца; добрым называецца цяжкае і непазбежнае; а тое, што настолькі моцнае, што аж можа вызваліцца ад найвялікшай гароты, — сама рэдкае і цяжкае — ён абвяшчае свяшчэнным.
Тое, што дазваляе яму панаваць, перамагаць і ззяць на зайздрасць суседу, мае ў яго значэнне найвышэйшага, сама першага мерніка каштоўнасцяў і сэнсу ўсіх рэчаў.
Сапраўды, браце мой, калі ты ўведаў патрэбу народа, яго зямлю, і неба, і суседа ягонага, ты адкрыў закон пераадолення яго і адгадаў, чаму ён падымаецца па гэтай лесвіцы да надзеі сваёй.
«Ты заўсёды павінен быць першы і стаяць наперадзе іншых; нікога не павінна любіць твая раўнівая душа, акрамя сябра», — словы гэтыя ўзрушалі душу грэка, і ён ішоў сцежкай сваёй велічы.
«Гаварыць праўду і добра валодаць лукам і стрэламі», — лічылася годнаю, але і нялёгкаю справаю кожнага народа, ад якога паходзіць маё імя — імя, якое я нашу з годнасцю і гонарам, хоць і нялёгка мне гэта.
«Шанаваць бацьку і маці і да патаемных глыбіняў душы аддавацца іх волі» — такая скрыжаль пераадолення другога народа, які ўзвёў яе над сабою і зрабіўся магутнай і вечнай сілай яе.
«Захоўваць вернасць і ў імя яе ахвяраваць крывёю і гонарам нават у ліхіх і небяспечных дзеях» — так, павучаючыся, пераадольваў сябе другі народ, і, пераадольваючы, вялікія надзеі панёс ён у сабе.
Сапраўды, людзі самі сабе зрабілі ўсё сваё дабро і зло. Сапраўды, не пазычалі яны і не знайшлі нічога, і нішто не ўпала само да іх, быццам голас з неба.
Спачатку чалавек даў каштоўнасць рэчам, каб гэтым захаваць сябе; ён даў рэчам сэнс, чалавечы сэнс. Таму і назваў сябе чалавекам, што пачаў ацэньваць.
Ацэньваць — гэта ствараць. Чуеце вы, творцы! Ацэнка прыўлашчвае каштоўнасць усім ацэненым рэчам. Толькі праз ацэнку з'яўляецца каштоўнасць: без ацэньвання быў бы пусты арэх быцця. Чуеце вы, творцы!
Перамена каштоўнасцяў — гэта перамена творцаў. Заўсёды будзе разбуральнікам той, хто робіцца творцам.
Калісьці творцамі былі цэлыя народы, і толькі потым — асобныя людзі; сапраўды, асобны чалавек — гэта сама маладое з усяго створанага.
Скрыжалі даброцяў павесілі над сабою народы. Любоў, якая імкнецца загадваць, і любоў, якая прагне слухацца, разам стварылі гэтыя скрыжалі.
Імкненне да статка больш даўняе за імкненне да свайго «Я»: і пакуль добрае імкненне азначае волю статку, толькі дрэннае сумленне скажа: «Я».