Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Сапраўды, была мэта ў Заратустры, у яе шпурляў ён меч свой; ад сёння вы, сяброве, будзеце пераемнікамі мэты маёй, вам я кідаю залаты мяч.
Найпрыемней мне глядзець на вас, сяброве мае, калі падкідаеце вы яго! Вось чаму я затрымаюся яшчэ на зямлі: даруйце мне за гэта!
Так сказаў Заратустра.
Пра цноту, якая адорвае
Калі Заратустра развітаўся
«А скажыце мне: як зрабілася золата найвышэйшай каштоўнасцю? — А таму зрабілася, што яно рэдкае, і няма ў ім патрэбы, і пяшчотны бляск у яго; яно заўсёды дорыць самое сябе.
Толькі як адлюстраванне найвышэйшай цноты золата пачало лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю. Золатам свецяцца вочы ў таго, хто дорыць. Залаты бляск азначае мір паміж сонцам і месяцам.
Найвышэйшая цнота рэдкая і бескарысная, яна ззяе і пяшчотная ў сваім ззянні; цнота, якая дорыць, — найвышэйшая цнота.
Папраўдзе, я вас разгадаў, вучні мае: вы, як і я, парываецеся да цноты, якая дорыць. Сапраўды, што ў вас супольнага з катамі і ваўкамі?
Вашая прага ў тым, каб самім стаць і дарункам, і ахвяраю: таму і прагнеце вы прыняць у душу ўсе скарбы.
Ненаедна імкнецца ваша душа да багаццяў і каштоўнасцяў, бо і вашая цнота ненаедная ў сваім жаданні дарыць.
Вы прыцягваеце ўсе рэчы да сябе і ў сябе, каб яны выліваліся з вашай крыніцы дарункамі вашай любові.
Сапраўды, рабаўніком усіх каштоўнасцяў павінна зрабіцца любоў, якая дорыць; але здароваю і святою я называю гэтую сябелюбнасць.
Ёсць яшчэ і другая сябелюбнасць, якая нічога не мае, галодная, заўсёды гатовая ўкрасці; такая сябелюбнасць у хворых, хворая сябелюбнасць.
Вачыма злодзея глядзіць яна на ўсё бліскучае; з галоднай прагавітасцю прымерваецца яна да таго, хто многа есць; заўсёды лісліва плазуе яна каля стала тых, якія дораць.
Хвароба і нябачная звыраднеласць праглядваюцца ў гэтай прагавітасці; пра кволае цела сведчыць зладзюжніцкая прагнасць гэтай сябелюбнасці.
Скажыце мне, братове мае: што лічыцца ў нас кепскім і найгоршым? Ці ж не звыраднеласць? — А якраз жа яе мы маем там, дзе няма душы, каб дарыла.
Угору вядзе наша дарога, ад роду да вышэйшага роду. Але нас жахае пачуццё, калі яно звырадняецца і кажа: «Усё — дзеля мяне».
Наша пачуццё ляціць угору: яно сімвал нашага цела, сімвал узвышэння. Сімвалы такіх узвышэнняў — гэта імёны цнотаў.
Так праходзіць цела праз Гісторыю — у станаўленні і змаганні. А дух — што ён для цела? Ён — вяшчун ягоных бітваў і перамог, таварыш і водгалас яго.
Усе назовы дабра і зла — сімвалы: яны не гавораць, а толькі намякаюць. Дурань, хто шукае ведання ў назовах.
Зважайце ж, братове мае, на тую часіну, калі
Тады ваша цела ўзвышаецца і ўваскрасае; сваёй мілатою яно адчыняе ваш дух, і ён робіцца творцам і ацэннікам, і нясе любоў і дабро ўсім рэчам.
Калі ваша перапоўненае сэрца хвалюецца і разліваецца, нібы паток, гэта — дабро і небяспека тым, што жывуць на беразе: там выток вашай цноты.
Калі вы ўзвысіліся над пахвалой і дакорам і ваша воля хоча загадваць усім рэчам як воля таго, хто любіць, — там выток вашай цноты.
Калі вы грэбуеце мяккім ложкам і ўсім прыемным, але лёгка засынаеце нават побач з раскошнымі пасцелямі распешчаных — там выток вашай цноты.
Калі вы пачынаеце жадаць адной воляй і гэты паварот ад усяго, што вас турбуе, называеце неабходнасцю — там выток вашай цноты.
Сапраўды, яна — новае дабро і новае ліха! Сапраўды, голас новай крыніцы з глыбіні!
У ёй магутнасць, у гэтай новай цноце; яна — пануючая думка, а вакол яе — мудрая душа: залатое сонца, а вакол яго — змей пазнання».
Тут Заратустра прымоўк на хвіліну і любоўна зірнуў на вучняў. Пасля казаў далей, і ў голасе перамяніўся:
«Заставайцеся верныя зямлі, братове мае, з усёй уладаю вашае цноты! Ваша любоў, якая дорыць, і ваша пазнанне, хай паслужацца яны сэнсу зямлі! Так прашу я і заклінаю вас.
Не дазваляйце цноце вашай адляцець ад зямнога і біцца крыламі аб вечныя сцены! О, як шмат цноты адляцела заўчасна!
Вярніце — як зрабіў гэта я, — вярніце адляцелую цноту назад, на зямлю, зноў да цела і жыцця: хай аддае яна зямлі свой сэнс, сэнс чалавечы!
Сотні разоў ляцелі ўпрочкі і збіваліся з тропу дух і цнота. І дагэтуль жывуць у нашым целе ўсе гэтыя мроі і аблуды: яны сталіся нашай воляй і плоццю.
Сотні разоў маніліся вырвацца і памыляліся дух і цнота. Праўда, якраз чалавек і быў іх спробаю вырвацца! О, колькі невуцтва і аблудаў сталася ў нас плоццю!
Не толькі розум тысячагоддзяў, але і іхняя неразумнасць выяўляюцца ў нас. Небяспечна быць спадчынай.
Ідучы крок за крокам, мы змагаемся з волатам-выпадкам, і над чалавецтвам да сённяга яшчэ навісае неразумнасць і бязглуздасць.
Хай паслужацца вашыя дух і цнота зямлі, братове мае: хай будзе каштоўнасць усіх рэчаў зноў устаноўлена вамі! Дзеля гэтага павінны вы змагацца. Дзеля гэтага — ствараць!
Спазнаючы — ачышчаецца цела; набываючы вопыт ведання, узвышаецца яно; у спазнаўца ачышчаюцца ўсе яго памкненні; душа радуецца ў таго, хто ўзвысіўся.
Лекар, ацалі сябе сам, тады вылечыш ты і свайго хворага. Найлепшым ацаленнем яму будзе, калі ён на свае вочы ўгледзіць таго, хто сам сябе ацаліў.
Ёсць тысячы сцежак, якімі ніхто яшчэ не хадзіў, і тысячы здароўяў і схаваных выспаў жыцця. Яшчэ не адкрытыя і не даследаваныя чалавек і яго зямля.
Чувайце і слухайце, самотнікі! Таямнічыя вятры веюць на крылах будучыні; і да чуйнага вуха далятае добрая вестка.