Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Настане час, і не ўбачыш ты больш сваёй вышыні, а ўсё тваё нізкае будзе блізка; узнёслае тваё будзе палохаць цябе, быццам прывід, і ты крыкнеш тады: «Усё — ашуканства!»
Ёсць пачуцці, якія могуць забіць самотніка; калі ж гэта ім не ўдаецца, яны павінны памерці самі! Але ці здолееш ты зрабіцца забойцам?
Браце мой, ці вядомае табе слова «пагарда». І пакуты справядлівасці — быць справядлівым з тымі, хто пагарджае табою?
Многіх ты прымушаеш мяняць думку пра цябе: за гэта яны жорстка адпомсцяць. Бо ты ж наблізіўся да
Ты ўздымаешся над імі; але чым вышэй падымаешся, тым меншым ты здаешся воку зайздрасці. А найбольш ненавідзяць таго, хто здольны лётаць.
«Як вы хочаце быць справядлівымі са мною? — павінен ты казаць. — Я выбіраю вашую несправядлівасць як вызначаную мне долю».
Несправядлівасць і бруд кідаюць услед самотнаму; але, браце мой, калі ты хочаш зрабіцца зоркай, ты ўсё адно павінен свяціць ім!
Сцеражыся добрых і праведных! Яны любяць крыжаваць кожнага, хто сам стварыў сабе цноту: яны ненавідзяць самотнага.
Пільнуйся таксама святой прастаты! Усё, што не проста, не святое ў яе; яна таксама любіць бавіцца з агнём — з агнём вогнішча.
Бойся прыпадкаў сваёй любові! Надта ж бо хутка падае самотнік руку першаму лепшаму.
Сяму-таму-іншаму ты павінен падаць не руку, а толькі даць лапу; і я хачу, каб у лапы тваёй былі пазуры.
Але сама небяспечны вораг, які табе можа заступіць дарогу, — гэта ты сам: ты сам цікуеш сябе ў пячорах і ў нетрах.
Самотны, ты ў дарозе да самога сябе! І на гэтай дарозе ты абмінаеш самога сябе і пройдзеш міма сямі сваіх засмуціцеляў!
Ты будзеш сам сабе ерэтыком, і чарадзеем, і вешчуном, і шаленцам, і скептыкам, і бязбожнікам, і ліхадзеем.
Ты мусіш спаліць сябе ў сваім полымі, як бы інакш ты хацеў абнавіцца, не абярнуўшыся спачатку ў попел!
Самотны, ты ідзеш дарогаю стваральніка: ты хочаш стварыць Бога з тых сямі змусціцеляў-засмуціцеляў!
Самотнік, ты ідзеш дарогаю любові: самога сябе ты любіш і таму пагарджаеш сабою, як пагарджаюць толькі тыя, што любяць.
Тварыць хоча хай, хто любіць, бо ён пагарджае! Што ведае пра любоў той, хто не пагарджаў тым, што любіў!
З любоўю ідзі ў асамотненне і з прагаю стварання, браце мой; і толькі потым пакульгае за табою справядлівасць.
З маімі слязьмі ідзі ў сваё асамотненне, браце мой. Я люблю таго, хто імкнецца тварыць звыш сябе і таму гіне…»
Так сказаў Заратустра.
Пра старых і маладых жанчын
Чаго ты так баязліва крадзешся ўпоцемках, Заратустра? І што так старанна хаваеш пад палою?
Ці не скарб які, падараваны табе? Ці не дзіця, якое толькі што нарадзілася? А можа, ты спрыяцеліўся з ліхадзеямі і цяпер ходзіш дарогамі злодзеяў?»
«Сапраўды, браце мой, — адказваў Заратустра, — тое, што нясу
Калі сёння, на захадзе сонца, ішоў я адзін сваёй дарогаю, сустрэлася мне старэнькая бабка, і як бы звярнулася да маёй душы:
«Пра многае сказаў Заратустра і нам, жанчынам, але нічога не сказаў пра жанчыну».
І я запярэчыў ёй: «Гаварыць пра жанчыну трэба толькі з мужчынамі».
«Пагавары пра жанчын і са мною, — папрасіла яна, — я ўжо даволі старая, так што адразу і забудуся».
І я ўмілажаліўся са старое і сказаў так: усё ў жанчыне — загадка, і на ўсё ёсць адна разгадка: гэта — цяжарнасць.
Мужчына ў жанчыны — сродак; мэта заўсёды — дзіця. А што такое жанчына ў мужчыны?
Дзвюх рэчаў хоча сапраўдны мужчына — небяспекі і гульні. І таму патрэбна яму жанчына, як сама небяспечная цацка.
Мужчына павінен быць выхаваны для вайны, а жанчына — для выхавання воіна; усё астатняе — лухта.
Занадта салодкіх пладоў не любіць воін. Таму і любіць ён жанчыну: горкая яму найсаладзейшая жанчына.
Жанчына разумее дзяцей лепш за мужчыну, але ў мужчыне дзіцячага больш, чым у жанчыне. У сапраўдным мужчыне заўсёды схавана дзіця: яно хоча гульні. Знайдзіце ж у ім дзіця, жанчыны!
Хай будзе жанчына цацкаю, чыстай і далікатнай, быццам каштоўны камень, які блішчыць цнотамі яшчэ не створанага свету.
Хай зорны прамень ззяе ў каханні яе! Хай будзе яе недзеяй: «О, калі б мне нарадзіць Звышчалавека!»
Хай адвага будзе ў каханні яе! Каханнем яна пераможа таго, хто ёй страшны.
Хай будзе гонар у каханні яе! Зрэшты, жанчына мала глуздуе ў гонары. Хай жа стане гонарам яе — кахаць заўсёды мацней, чым кахаюць яе, і ў каханні ніколі не быць другою.
Мужчына хай асцерагаецца жанчыны, калі яна кахае: яна ідзе на любыя ахвяры, усё астатняе ў яе не мае вартасці.
Мужчына хай асцерагаецца жанчыны, калі яна ненавідзіць: бо мужчына ў глыбіні душы толькі злы, а жанчына — пахібная.
Каго ненавідзіць жанчына найбольш? — Так гаварыла жалеза магніту: «Найбольш за ўсё я цябе ненавіджу за тое, што ты цягнеш, не маючы даволі сілы, каб прыцягнуць».
Шчасце мужчыны завуць «Я хачу». Шчасце жанчыны — «Ён хоча».
«Бач, толькі цяпер свет удасканаліўся» — так думае кожная жанчына, калі ўпакорваецца з поўніцы свайго кахання.
Упакорвацца павінна жанчына і здабыць глыбіню для сваёй паверхні. Бо паверхня яе — неспакойнае, бурлівае шумавінне на плыткай вадзе.
Наадварот, мужчына глыбокі, яго бурлівы паток бушуе ў падземных пячорах: жанчына толькі ледзь-ледзь адчувае, але не спасцігае яго сілы». І тут запярэчыла мне жанчына: «Шмат вабнага сказаў нам Заратустра, асабліва занадта маладым.