Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Ценем прыйшла да мяне прыгажосць Звышчалавека. О братове мае! Што мне цяпер багі!»
Так сказаў Заратустра.
Пра мілажальных
Сяброве мае, пакеплівыя словы дайшлі да вашага сябра: «Падзівіцеся на Заратустру! Ці ж не ходзіць ён сярод нас, бы сярод звяроў?»
Але лепей сказаць так: «Той, хто спазнае, ходзіць сярод людзей, як
А сябе чалавек называе таму, хто спазнае: звер з чырвонымі шчокамі.
Як такое сталася ў яго? Ці не таму, што яму даводзіцца часта саромецца?
О, сяброве мае! Так гаворыць той, хто спазнае: «Сорам, сорам і сорам — вось гісторыя чалавека!»
І таму высакародны пастанаўляе сабе не сарамаціць: сарамлівасць ён пакідае сабе, саромецца перад усімі пакутнікамі.
Сапраўды, я не люблю мілажальных, святашчасных у сваім мілажалі: надта ж бо пахібныя яны ў сваім сораме.
Калі я павінен быць мілажальны, дык не хачу, каб мяне такім называлі; а ўжо калі я мілажальны, дык толькі на адлегласці.
Я лепей накрываю сваю галаву і ўцякаю прэч раней, чым пазнаюць мяне; і я заклікаю вас рабіць гэтаксама, сяброве мае!
Няхай лепей доля мая вядзе па дарозе тых, якія, як і вы, ніколі не пакутуюць, і з тымі, з кім я змагу падзяліць надзею, бяседу і мёд!
Сапраўды, я дапамагаў так ці іначай пакутнікам; але мне заўсёды здавалася лепшым навучыцца радавацца.
З таго часу, як жывуць людзі, надта мала радаваўся чалавек; толькі гэта, братове мае, ёсць спадчынны грэх!
І калі мы навучымся больш радавацца, дык так мы найлепей развучымся крыўдзіць іншых і выдумляць розныя цярпенні.
Таму я ўмываю рукі, якія памагалі пакутніку, таму я таксама ачышчаю і сваю душу.
Бо тое, што я мілажальна глядзеў на пакутніка, змушае мяне саромецца праз сорам ягоны; і калі я памагаў яму, дык гэта горка пакрыўдзіла гонар ягоны.
Вялікая запабеглівасць не робіць удзячным, а толькі ахвочым да помсты; і калі дробная дабрачыннасць не забываецца, дык, як чарвяк, точыць.
«Будзьце раўнадушныя, прымаючы што-небудзь! Рабіце гонар ужо тым толькі, што прымаеце» — так я раю тым, каму няма чым аддарыць.
Але я — дару: я ахвотна дару, як сябар дорыць сваім сябрам. А чужыя і бедныя няхай самі рвуць плады з майго дрэва: гэта не так сорамна.
А жабракоў след было б зусім звесці! Сапраўды, непрыемна і даваць ім і не даваць.
А разам з імі грэшнікаў, і каго грызе сумленне! Паверце мне, сяброве мае: згрызоты сумлення вучаць кусаць.
Але сама горшае — дробныя змыслы. Сапраўды, лепей рабіць ліхое, чым мець дробныя змыслы!
Хоць вы і кажаце: «Асалода ад дробных змыслаў ухіляе нас ад буйных ліхадзействаў». Аднак у гэтым выпадку не варта разменьвацца на дробязі.
Ліхадзейства — як скула: яно свярбіць, і чэшацца, і нарывае — яно заяўляе пра сябе сумленна.
«Глядзі,
А нікчэмны намысел падобны да грыбка: ён паўзе, пранікае, стараецца, каб яго не ўбачылі, — пакуль усё цела не струхлее і не зжухне ад гэтых драбнюткіх істотаў.
А таму, хто апантаны нячыстым, я кажу гэта слова на вуха: «будзе лепей, калі твой чорцік праявіцца чортам, — памажы яму! І ў цябе яшчэ ёсць дарога да велічы!..»
О братове мае! Пра кожнага з нас вядома занадта многа! Многія робяцца для нас празрыстымі, але мы яшчэ доўга не можам пранікнуць праз іх толькі па гэтай прычыне.
Цяжка жыць з людзьмі, бо цяжка маўчаць. І найбольш мы несправядлівыя не з тымі, хто нам агідны, а з тымі, да каго мы ніяк не дачыняемся.
А калі ў цябе ёсць сябар-пакутнік, дык стань яму месцам супакаення, але адначасова і мулкім ложкам, паходным ложкам: так ты найлепей дагодзіш яму.
І калі сябар учыніць табе ліхое, скажы так: «Я дарую табе за тое, што ты мне ўчыніў; але як дараваць за ліха, якое ты гэтым учынкам зрабіў сабе?»
Так гаворыць вялікая любоў: яна адольвае і дараванне, і шкадаванне.
Трэба стрымліваць сваё сэрца; бо варта толькі даць патуранне яму, як страціш галаву!
О, дзе ў свеце хто нарабіў большага глупства, як мілажальнікі? І што ў свеце спрычыніла болей пакут, чым дурасць мілажальных?
Гора тым, якія любяць, але яшчэ не дасягнулі вышыні, якая вышэй за іх мілажаль!
Сказаў мне аднаго разу д'ябал: «І ў Бога ёсць сваё пекла: гэта ягоная любоў да людзей».
А нядаўна я чуў ад яго: «Бог памёр; ад мілажальнасці да людзей памёр Ён».
Дык вось, я засцерагаю вас ад мілажальнасці: адсюль сунецца на людзей чорная хмара! Паверце, я разбіраюся ў прыкметах надвор'я!
Дайце ўвагі і такому слову: усякая вялікая любоў вышэйшая за ваш спагадны мілажаль, бо яна яшчэ мусіць стварыць тое, што любіць.
«Сябе самога прыношу я ахвяраю любові, і блізкага майго, як і сябе» — так гавораць стваральнікі.
Але ўсе стваральнікі жорсткія».
Так сказаў Заратустра.
Пра святароў
Аднаго разу Заратустра даў знак сваім вучням і сказаў такія словы:
«Вось святары: і хоць яны ворагі мае, спакойна ідзіце міма іх, і хай вашыя мячы спяць!
І сярод іх ёсць героі; многія з іх адпакутавалі ўдосыць: таму яны хочуць, каб і іншыя пакутавалі.
Злыя ворагі яны: нішто так не помсціцца, як іхняя пакорлівасць. І лёгка апаганьваецца той, хто чапае іх.
Але мая кроў зродненая з іхняй; я хачу, каб мая кроў шанавалася і праз іхнюю…»