Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Другі быў амаль недаступны і выбіраў прыдзірліва. Але раз і назаўсёды сапсаваў сваё таварыства — і называе гэта сваім шлюбам.
А той шукаў служанку з цнотамі анёла. І вось — сам зрабіўся служанкаю ў жанчыны, і цяпер яму самому трэба стаць анёлам.
Часта я заўважаю, якія асцярожныя пакупнікі і якія хітрыя ў іх вочы. Але нават сама хітры з іх бярэ сабе жонку не гледзячы.
Каханнем называецца ў вас мноства пустых шаленстваў. А шлюб ваш як адна вялікая дурасць кладзе крэс гэтым пустым
Ваша каханне да жанчыны і каханне жанчыны да мужчыны — о, калі б было яно спагадаю да схаваных, пакутных божышчаў! Але часцей за ўсё толькі дзве жывёліны адгадваюць адна адну.
Нават найлепшае каханне ваша — толькі падабенства кахання і хваравіты запал; тым часам яно павінна быць паходняй, якая асвятляе дарогу ў вышыню.
Прыйдзе час, калі вам трэба будзе любіць звыш сябе! Дык навучыцеся ж спачатку кахаць! І таму давядзецца вам выпіць горкі келіх кахання.
Нават у келіху вышэйшай любові ёсць горыч; так нараджае яна імкненне да Звышчалавека, абуджаючы прагу тваю, творца!
Прага творчасці, страла, якая ляціць да Звышчалавека: скажы, браце мой, ці такая воля твая, што імкнецца да шлюбу?
Святыя для мяне такая воля і такі шлюб.
Так сказаў Заратустра.
Пра свабодную смерць
Многія паміраюць занадта позна, а некаторыя — занадта рана. Пакуль яшчэ здаецца дзіўнай запаведзь: «Памры ў свой час».
Памры ў свой час: так вучыць Заратустра. Канечне, як можа чалавек памерці ў свой час, калі ён жыў не ў свой? Лепей было б яму не радзіцца! — Так раю я ўсім лішнім.
Але і лепшыя ганарацца сваёй смерцю, і нават сама пусты арэх хоча, каб яго раскалолі.
Усе ставяцца да смерці сур'ёзна; але пакуль што яна святам не стала. Людзі яшчэ не навучыліся шанаваць светлыя святы.
Я вам паказваю смерць, у якой здабываецца поўнасць і закончанасць, — смерць, якая зробіцца ўсім жывым — джалам і святым зарокам.
Сваёю смерцю памірае той, хто прайшоў дарогу сваю, памірае пераможна сярод тых, хто поўны спадзяванняў і даў свой святы зарок.
Так паміраць трэба навучыцца; хай не будзе свята там, дзе той, хто памірае, не асвяціў прысягі тых, што застаюцца жыць!
Такая смерць — сама лепшая; а яшчэ лепшаю будзе — памерці ў змаганні і растраціць вялікую душу.
Але і змагарнік і пераможнік аднолькава ненавідзяць вашую смерць: ашчэрыўшы зубы, яна скрадваецца, як злодзей, а прыходзіць да вас як валадарка.
Сапраўды свабодную смерць я хвалю, тую смерць, што прыходзіць да мяне, бо я хачу яе. Калі ж памкнецца да смерці воля мая? — У каго ёсць мэта і пераемнік, той захоча смерці ў свой час, калі гэта зручна мэце і пераемніку.
З глыбокага шанавання мэты і пераемніка не павесіць ён сухіх вянкоў у святыні жыцця.
Сапраўды,
Некаторыя робяцца надта старымі, каб перамагаць і знаходзіць ісціны; бяззубы рот ужо не мае права на ісціну.
Кожны спрагнены славы павінен загадзя развітацца з пашанаю і засвоіць цяжкае майстэрства: у свой час — сысці.
Не давайся, каб цябе елі тады, калі ты найбольш смачны; гэта ведаюць тыя, хто хоча, каб іх доўга любілі.
Бываюць, вядома, кіслыя яблыкі: іх доля — чакаць апошняга дня восені, і тады робяцца яны адначасова спелымі, жоўтымі і маршчыністымі.
У адных раней старэе сэрца, у другога — розум. Адны бываюць старымі ў маладосці, а хто позна малады, доўга застаецца такі.
Некаторым не ўдаецца жыццё: атрутлівы чарвяк точыць ім сэрца. Хай прыкладуць яны ўсю сілу сваю, каб смерць ім болей удалася.
Ёсць і такія, што ніколі не робяцца салодкімі: яны пачынаюць гнісці ўжо з лета. Толькі маладушнасць трымае іх на галіне.
Надта многа жывых, і залішне доўга трымаюцца яны на сваіх галінах. Няхай жа наляціць бура і страсе з дрэва ўсю гэтую гнілізну і чарвівасць!
Хай явяцца прапаведнікі хуткай смерці і, як тая бура, страсянуць дрэвы жыцця! Але я чую толькі пропаведзь павольнага памірання і цярплівасці да ўсяго «зямнога».
Вы прапаведуеце цярплівасць да ўсяго зямнога? Але гэта зямное і так занадта доўга трывае вас саміх, паклёпнікі!
Сапраўды, надта рана памёр той жыд, якога шануюць прапаведнікі павольнай смерці, і многім з таго часу зрабілася наканаваннем тое, што ён памёр так рана.
Толькі слёзную жыдоўскую скруху паспеў зведаць жыд Ісус, разам з нянавісцю добрых і праведных, і тады абняла яго прага смерці.
Чаму ён не застаўся ў пустыні, далёка ад добрых і праведных! Магчыма, ён навучыўся б жыць, і любіць зямлю, і нават смяяцца!
Верце мне, братове мае! Зарана памёр, ён і сам адмовіўся б ад вучэння свайго, дажыўшы да маіх гадоў! У ім было дастаткова высакароднасці, каб адмовіцца!
Але ён быў яшчэ няспелы. Нясталая любоў у хлопца, і нясталая нянавісць яго да зямлі і чалавека. Яшчэ звязаныя і цяжкія ў яго адчуванні і крылы духу.
Сталы мужчына больш дзіця, чым хлопец, і меней скрухі ў ім: лепш разумее ён смерць і жыццё.
Свабодны на смерць і свабодны ў смерці, ён вымаўляе свяшчэннае «Не», калі ўжо няма калі сказаць «Але»: так разумее ён смерць і жыццё.
Хай не будзе паміранне ваша наганаю чалавеку і зямлі, сяброве мае: з такою просьбаю звяртаюся я да лёду вашай душы.
Нават у смерці павінны палаць ваш дух і цнота, як вечная зара над зямлёю; інакш смерць ваша дрэнна вам удалася.
Так хачу памерці і я: каб вы, сяброве мае, дзеля мяне яшчэ болей любілі зямлю; я хачу зноў абярнуцца ў зямлю — знайсці спакой у той, што нарадзіла мяне.