Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Сапраўды, падступнае і бессардэчнае «Я», якое шукае сваёй выгоды ў выгодзе многіх, — не пачатак статка, а пагібель яго.
Хто любіць і стварае — вось ён быў заўсёды творцам дабра і зла. Агонь любові і гневу палае на імёнах усіх дабрачыннасцяў.
Шмат краін і народаў пабачыў Заратустра, але не знайшоў ён на цэлай зямлі большае сілы, чым творы тых, што любяць: Дабро і Зло — іх імёны.
Сапраўды, пачварная сіла і ўлада гэтай пахвалы і гэтага паганьбення. Скажыце мне, братове мае, хто адолее іх? Хто накіне аковы на тысячагаловага звера,
Тысяча мэт было дагэтуль, бо была тысяча народаў. Цяпер не хапае толькі кайданоў на тысячагаловага звера, не хапае адной мэты. У чалавецтва яшчэ пакуль што няма мэты.
Але скажыце мне, братове мае: калі ў чалавецтва дагэтуль няма мэты, дык ці ёсць яно само, ці яго яшчэ няма?
Так сказаў Заратустра.
Пра любоў да блізкага
«Вы туліцеся да блізкага і гаворыце прыгожыя словы. А я кажу вам: ваша любоў да блізкага — гэта толькі любоў да самога сябе.
Вы ўцякаеце да блізкага ад саміх сябе і хацелі б выдаць гэта за дабрачыннасць; а я наскрозь бачу вашу «самаадданасць».
«Ты» старэйшае за «Я»; «Ты» абвешчана свяшчэнным, але пакуль што не прызнана свяшчэнным «Я»: і вось — чалавек туліцца да блізкага.
Хіба ж заклікаю я вас любіць блізкага? Я лепей параю вам уцякаць ад блізкіх і любіць далёкіх!
Вышэй за любоў да блізкага стаіць любоў да далёкага і будучага; вышэй за любоў да чалавека — любоў да дзеяў і прывідных яваў.
Гэтая прывіднасць, што лунае над табой, браце мой, прыгажэйшая за цябе; чаму б табе не аддаць ёй сваё цела і кроў? Але ты баішся і ўцякаеш да блізкага.
Вы не трываеце сябе і недастаткова сябе любіце: і вось вы хочаце спакусіць блізкага свайго на любоў да вас і пазалаціць сябе ягонымі аблудамі.
Я хацеў бы, каб вы не трывалі ўсіх гэтых блізкіх і суддзяў іхніх; тады вы мусімеце стварыць з саміх сябе сябра з перапоўненым сэрцам.
Вы запрашаеце сведку, калі хочаце, каб вас пахвалілі; і калі вы пераканалі яго думаць пра вас добра, тады і самі пачынаеце думаць пра сябе добра.
Хлусіць не толькі той, хто гаворыць насуперак таму, што ён ведае, а найперш той, хто гаворыць насуперак свайму няведанню. Менавіта так вы стасункуецеся паміж сабою, уводзячы наконт сябе ў зман сваіх суседзяў.
Неразумны гаворыць пра сябе так: «Стасункі з людзьмі псуюць характар, асабліва калі яго няма».
Адзін ідзе да блізкага, бо шукае сябе, а другі — бо хоча страціць сябе. Ваша неразумная любоў да сябе ператварае вашу адзіноту ў турму.
Далёкія расплачваюцца за вашу любоў да блізкага; і кожны раз, калі вы зберацеся ўпяцёх, шосты павінен памерці.
Я не люблю вашых святаў: надта багата актораў сустракаю я там, і нават гледачы часта прыкідваюцца акторамі.
Не пра блізкага я вучу вас, а пра сябра. Хай будзе сябар вам святам зямлі і прадчуваннем Звышчалавека.
Я вучу вас пра
Я вучу вас пра сябра, пра шалю дабра, на якой свет стаіць, дасканалы і завершаны; я вучу вас пра стваральнага сябра, які заўсёды гатовы адарыць такім светам.
І як гэты свет разгортваецца перад ім, так, згортваючыся, зноў вяртаецца да яго, падобна да станаўлення дабра праз зло, падобна да станаўлення мэты праз выпадак.
Хай будзе табе будучае і далёкае прычынаю твайго сённяшняга: у сябру сваім любі Звышчалавека, як прычыну сваю любі.
Братове мае, любіць блізкага не запрашаю я вас, я заклікаю вас любіць далёкага».
Так сказаў Заратустра.
Пра дарогу стваральніка
«Браце мой, ты хочаш асамотніцца? Хочаш шукаць дарогі да самога сябе? Пацярпі крыху і выслухай мяне.
«Хто шукае, той лёгка губляе сябе. Усякае асамотненне ёсць грэх» — так кажа статак. А ты доўга быў у статку.
І голас ягоны яшчэ доўга будзе гучаць у табе. І калі ты скажаш: «У мяне ўжо не адно сумленне з вамі», — гэта будзе скарга і боль.
Бачыш, гэты самы боль народжаны ў табе адным сумленнем: апошнім водбліскам гэтае сумленне яшчэ ўспыхвае на смутку тваім.
Але ты хочаш ісці дарогаю смутку, бо гэта дарога да цябе самога? Тады пакажы, што маеш на гэта і права, і новую сілу!
А ці ёсць ты новае права і новая сіла? Першы рух? Кола, якое круціцца само сабою? Ці можаш ты прымусіць зоркі абарочвацца вакол цябе?
О, як многа любацерпцаў за вышыню! І тых, каму яна курчамі славалюбства выходзіць! Пакажы мне, што ты не любацерпец і славалюбец!
О, як многа вялікіх ідэй, дзеянне якіх падобнае да кавальскіх мяхоў: ад іх чалавек надзімаецца і робіцца яшчэ пусцейшы.
Ты сябе лічыш свабодным? Я хачу пачуць тваю галоўную думку, а не тое, што ты ўцёк з-пад ярма.
Ці з тых ты, хто меў права скінуць ярмо? Ёсць і такія, што пазбыліся сваёй апошняй вартасці, адкінуўшы паслужлівасць.
Свабодны ад чаго? Што Заратустры да гэтага! Але позірк твой павінен сказаць мне: дзеля чаго ты свабодны?
Ці можаш ты стварыць сабе сам дабро і зло? І ўцвердзіць над сабою волю сваю як закон? І быць самому сабе помснікам і суддзёю закону свайго.
Страшна быць сам-насам з такім суддзёю і помснікам. Так кінута зорка ў пустую прастору і ў ледзяное дыханне адзіноты.
Сёння ты яшчэ пакутуеш ад людскога мноства, ты самотны; пакуль яшчэ з табою ўся твая мужнасць і ўсе твае надзеі.
Але прыйдзе час, і ты стомішся ад самотнасці, і сагнецца твая ганарыстасць, і заскрыгоча зубамі твая мужнасць, і ты крыкнеш: «Я адзінокі!»