Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Але яны хочуць выбавіцца ад жыцця; што ім да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваімі ланцугамі і дарункамі іншых людзей!
І нават вас, каму жыццё — гэта цяжкая праца і неспакой, хіба вас жыццё не стаміла? Хіба вы яшчэ не выспелі на пропаведзь смерці?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца і ўсё імклівае, новае, нязведнае, — вы самі сабе цяжкія сталі; ваш імпэт — гэта толькі ўцёкі ад сябе і жаданне забыцца.
Калі б вы болей верылі ў жыццё, вы менш аддаваліся б імгненнасці. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць,
Усюды чуюцца галасы прапаведнікаў смерці; і поўніцца зямля людзьмі, якім патрэбная пропаведзь смерці.
Альбо «вечнага жыцця»: мне ўсё адно — толькі б зніклі яны з улоння зямлі!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну і ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам літасці, а таксама і ад тых, каго мы любім да глыбіні душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзін з вас, і цяпер я такі самы. І я — сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавісць і зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькі вялікія, каб не ведаць нянавісці і зайздрасці. Няхай жа ў вас будзе досыць велічы, каб не было брыдка за саміх сябе!
І калі вы не можаце быць апосталамі пазнання, дык будзьце, прынамсі, ваярамі яго. Бо яны — спадарожнікі і прадвеснікі апосталаў.
Я бачу безліч салдатаў — хацелася б пабачыць безліч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзіраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўніформай. Хай жа не будзе гэтакі аднастайны змест пад іх уніформай!
Будзьце такія, як тыя, чыё вока заўсёды цікуе за ворагам — іхнім ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавідзець з першага позірку.
Свайго ворага вы павінны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананні! Калі ж вашыя перакананні будуць разбітыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любіце мір як сродак да новай вайны. І мір кароткі любіце мацней за доўгі.
Не да працы заклікаю я вас, а да змагання; не да міру, а да перамогі. Хай будзе праца ваша — змаганне, а мір ваш — перамога!
Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькі дабро вайны асвячае ўсякую мэту.
Вайна і мужнасць стварылі больш вялікае, чым любоў да блізкага. Не спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.
«Што такое дабро?» — пытаецеся. Дабро — гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткі кажуць: «Дабро — гэта тое, што прыгожае і разам з тым кранальнае».
Вас называюць бессардэчнымі: але сэрца ваша шчырае, і я люблю сарамяжлівасць вашай сардэчнасці. Вы саромеецеся прыліву чуллівасці, іншыя саромеюцца адліву яе.
Вы брыдкія? Ну што ж, братове мае! Ахініцеся ўзвышаным, апраніцеся
І калі душа ваша робіцца велічнай, яна робіцца пагардлівай, і сама яе ўзнёсласць тоіць у сабе ліхату. Я ведаю вас.
У ліхаце сустракаецца пагардлівец з бяссільцам. Але яны не разумеюць адзін аднаго. Я ведаю вас.
Вы павінны мець толькі ворагаў, вартых нянавісці, а не ворагаў дзеля пагарды. Вы павінны ганарыцца сваімі ворагамі: тады толькі поспехі вашых ворагаў будуць вашымі поспехамі.
Паўстанне — гэта слушнасць рабоў. Хай будзе вашай слушнасцю паслушэнства! А кожны ваш загад — гатоўнасцю.
Кожнаму добраму ваяру «ты павінен» гучыць прыемней, чым «я хачу». І ўсё тое, да чаго схільнае сэрца ваша, павінна быць спачатку загадана вам.
Хай будзе ваша любоў да жыцця любоўю да найвышэйшай надзеі: а гэтай надзеяй хай зробіцца найвышэйшае ваша перакананне!
Але і яго вы павінны атрымаць ад мяне як загад — ён такі: чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець.
Дык жывіце жыццём паслушэнства і вайны! Які сэнс у доўгім жыцці! Які ваяр хоча літасці!
Я не літую вас, я люблю вас усім сэрцам, мае супольнікі па вайне!..
Так сказаў Заратустра.
Пра новых куміраў
Сям-там яшчэ ёсць плямёны і народы, але не ў нас, братове мае; у нас ёсць дзяржавы.
Дзяржава? Што гэта такое? Дык вось, слухайце ж мяне цяпер, бо скажу я вам слова маё пра пагібель народаў.
Дзяржаваю называецца сама халодная пачвара. Холадна хлусіць яна; і вось якая хлусня лезе з вуснаў яе: «Я, дзяржава, — гэта народ».
Гэта хлусня! Родапачынальнікамі народаў былі творцы — яны надзялілі вераю і любоўю сваіх супляменнікаў: так яны служылі жыццю.
А тыя, што паставілі пасткі на людзей і назвалі гэта дзяржавай, — знішчальнікі: меч і сотню жаданняў навязалі яны ўсім.
Там, дзе яшчэ ёсць народ, не разумее ён дзяржавы і ненавідзіць яе як сурочлівае вока і замах на правы і звычаі.
Такую азнаку даю вам я: у кожнага народа ёсць свая мова дабра і зла, і ў гэтым адзін народ не разумее другога. Свая мова здабываецца кожным народам у спрадвечных правах і звычаях яго.
Але дзяржава хлусіць на ўсіх мовах дабра і зла; і ўсё, што яна кажа — хлусня, і ўсё, што яна мае, — украдзена ёю.
Усё ў ёй — фальшывае; крадзенымі зубамі кусаецца яна, пачвара. Нават вантробы ў яе — фальшывыя.
Месіва моваў у разуменні дабра і зла — гэтую азнаку я даю вам як азнаку дзяржавы. Сапраўды, цяга да пагібелі — азнака гэтая! Сапраўды, яна кліча прапаведнікаў смерці!
Народзяцца многія мноствы: лішнім і была прыдумана дзяржава!
Глядзіце, як надзіць яна гэтыя многія мноствы! Як яна душыць іх, як жуе і перажоўвае!