Тры таварышы
Шрифт:
— Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведаміў пра нас, — сказаў я.
— Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце. — Яна строгім выпрабавальным позіркам аглядала мяне. — Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?
— Ах, выдатна, наколькі можна сёння ўжываць гэтае слова.
Яна кіўнула галавой і зноў зірнула на мяне, ацэньваючы.
— Вы даўно знаёмыя?
«Сапраўдны экзамен», — падумаў я і далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позірк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, відаць, было больш даверу, чым да мяне.
— У вас ёсць пакой для нас? — спытаў я.
— Калі
Пат усміхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.
— Пойдзем глянем, — сказала яна.
Яны пайшлі ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялічкі сад. Я цягнуўся ззаду, як лішні тут — фройляйн Мюлер звярталася толькі да Пат.
Пакой, які яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмі мне спадабалася. Пакой быў даволі вялікі, светлы і ўтульны. З аднаго боку, у нішы, стаялі два ложкі.
— Ну як? — спытала фройляйн Мюлер.
— Выдатна, — сказала Пат.
— Нават шыкоўна, — дадаў я, каб падлізацца да гаспадыні. — А дзе другі?
Фройляйн Мюлер павольна павярнулася да мяне.
— Другі? Які — другі? Вы гэтага не хочаце? Ён вам не падабаецца?
— Пакой проста цудоўны, — адказаў я. — Але…
— Але? — сказала фройляйн Мюлер крыху з'едліва. — На жаль, лепшага за гэты ў мяне няма.
Я ўжо хацеў растлумачыць ёй, што нам патрэбны два асобныя пакоі, але яна дадала:
— Вашай жонцы пакой спадабаўся…
«Вашай жонцы…» Мне здалося, што я нават адступіў на крок. На самай справе я не зрушыўся з месца. Я асцярожна зірнуў на Пат, якая, прыхіліўшыся да падаконніка, намагалася не засмяяцца, убачыўшы мой выгляд.
— Вядома, мая жонка… — сказаў я і ўтаропіўся на залаты крыжык на грудзях фройляйн Мюлер. Нічога не зробіш, не тлумачыць жа ёй, як і што. Яна, пэўна, адразу самлела б.
— Мы проста прывыклі спаць у двух пакоях, — сказаў я. — Кожны ў асобным.
Фройляйн Мюлер незадаволена пахітала галавой.
— Дзве спальні для жанатай пары… што ні дзень, то новая мода…
— Ды не, — сказаў я, пакуль яна не перастала верыць мне. — Мая жонка вельмі чуйна спіць. А я, на жаль, вельмі моцна храпу.
— Ах, вось што, вы храпеце! — сказала фройляйн Мюлер, усім выглядам паказваючы: як я раней не здагадалася! Я ўжо спужаўся, што яна зараз выдзеліць яшчэ адзін пакой на другім паверсе. Але сям'я была ў яе справай свяшчэннай. Яна адчыніла дзверы маленькага пакойчыка побач, у якім стаяў толькі ложак.
— Цудоўна! — сказаў я. — Тое, што трэба. Але ці не буду я каму перашкаджаць? — Мне хацеяася даведацца, ці не будзе каго на паверсе, акрамя нас.
— Вы нікому не перашкодзіце, — заявіла фройляйн Мюлер, і яе ганарыстасць раптам знікла. — Акрамя вас, тут ніхто жыць не будзе. Усе астатнія пакоі — пустыя. — Яна пастаяла хвілінку, потым схамянулася. — Вы будзеце есці тут, у пакоі, ці ў сталовай?
— Тут, — сказаў я.
Яна кіўнула і пайшла.
— Ну, фраў Локамп, — звярнуўся я да Пат, — вось мы і ўліплі. Але я не рызыкнуў прызнацца: у старой вядзьмаркі ёсць нешта царкоўнае. Здаецца, я ёй не спадабаўся. Цікава — мне ж заўсёды шанцавала са старымі дамамі.
— Яна не старая дама, Робі. Гэта вельмі сімпатычная старая дзева.
— Сімпатычная? — Я паціснуў плячыма. — Праўда, трымацца яна ўмее. Ніводнага чалавека
— Не такая яна ўжо велічная.
— З табой — не.
Пат засмяялася.
— Мне яна спадабалася. Але давай прынясём валізкі і дастанем наша адзенне для купання.
Я гадзіну паплаваў і цяпер ляжаў, загараў. Пат была яшчэ ў вадзе. Яе белая шапачка час ад часу паказвалася на блакітнай гойданцы хваль. Крычалі чайкі. На гарызонце павольна рухаўся параход, над якім, як сцяг, віўся дым.
Сонца прыпякала. Яно плавіла волю, мяне ахутвала бяздумная дрымота. Я заплюшчыў вочы і выцягнуўся. Гарачы пясок храбусцеў. У вушах аддаваўся слабы шум прыбою. Ён мне нешта напамінаў… дзень, калі я ляжаў, як цяпер…
Гэта было ўлетку 1917 года. Наша рота размяшчалася ў той час у Фландрыі. Мы нечакана атрымалі водпуск на некалькі дзен і паехалі ў Остэндэ — Маер, Хольхоф, Браер, Лютгенс, я і яшчэ некалькі чалавек. Большасць з нас ніколі не былі на моры, і гэтыя некалькі дзён, гэта амаль незразумелая паўза паміж смерцю і смерцю, былі аддадзены цалкам сонцу, пяску і мору. Мы цэлы дзень прабылі на пляжы, мы падставілі голыя целы сонцу — а голае цела, не абцяжаранае зброяй і формай, азначала ў нас мір — мы дурэлі на пяску і ўвесь час кідаліся ў мора, мы адчувалі сваё цела, дыханне, рухі з усёй сілай, якая звязвала нас жыццём, мы забывалі ў гэтыя гадзіны пра ўсё, і нам хацелася пра ўсё забыцца. Але ўвечары, на змярканні, калі сонца заходзіла і шэрыя цені з-за гарызонту беглі на бляклым моры, тады памалу ў шоргат прыбою запаўзаў іншы гук, ён мацнеў і нарэшце перакрываў яго, як прыглушаная пагроза: гарматны гром з фронту. Тады здавалася, што раптам невыразнае маўчанне перарывала размовы і з вясёлых твараў зняможаных гульнёй дзяцей пазіраў жорсткі абрыс салдат з імгненна выхапленым выразам здзіўлення, тугі, у якой было ўсё, пра што ніколі не гаварылася: мужнасць, і горыч, і прага жыцця, воля выканаць абавязак, адчай, надзея і загадкавая жалоба так рана пазначаных. Праз некалькі дзён пасля гэтага пачалося вялікае наступленне, і ўжо трэцяга ліпеня ў роце засталося толькі трыццаць два чалавекі. Маер, Хольтхоф і Лютгенс загінулі…
— Робі! — паклікала Пат.
Я расплюшчыў вочы. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб прыпомніць, дзе я. Заўседы, калі наплывалі ваенныя ўспаміны, я адразу адключаўся. Пры іншых успамінах гэтага не было.
Я прыўзняўся. Пат выходзіла з вады. Яна ішла якраз па дарожцы, утворанай на моры сонечным святлом, блішчастая стужка сцякала з яе плячэй. Яна так была ахутана святлом, што здавалася амаль зялёнай. З кожным крокам набліжаючыся да пляжа, яна нібы ўрастала ў шырокі сонечны прамень, пакуль вечаровае сонца не стала над самай яе галавой, як німб.
Я зусім міжволі ўскочыў — нібы з іншага свету з'явіўся гэты вобраз: бязмежнае сіняе неба, белыя пенныя марскія хвалі і прыгожая стройная фігура на пярэднім плане, — мне здалося, што я адзін на белым свеце, а з вады да мяне крочыць першая жанчына. На хвіліну я адчуў незвычайную ціхую прываблівую сілу прыгажосці і зразумеў, што яна была мацнейшая за ўсё крывавае мінулае, што яна і павінна быць мацнейшай — інакш рухне ўвесь свет, задыхнецца ў жудасным тлуме. І яшчэ больш за ўсё гэта я адчуў, што я існую, проста існую, і што Пат існуе, што я жыву, што я неяк уратаваўся ад жахаў, што ў мяне ёсць вочы, і рукі, і думкі, і палкія хвалі крыві і што ўсё гэта — цуд, які цяжка зразумець.