Зацюканы апостал
Шрифт:
Мама ідзе да дзвярэй і робіць усё так, як навучыў яе сын. Але, на жаль, мама кінулася на шыю не дзеду. З магазіна вярнуўся тата з бутэлькай каньяку. Першыя заўважылі памылку дачка і сын, але было позна. Мама з лямантам: «Тата, мілы!» — павісла на шыі ў мужа.
Дачка. Мама, ой…
Тата (ад нечаканасці пачаў заікацца). Т–ты што? А–а–шалела?
Мама
Сын. Я сказаў — я зрабіў. Маё слова — закон. Дачка пацалавала браціка.
Тата. Зноў твае штучкі?
Дачка. Мы думалі — дзядуля…
Сын. Гэта памылка. Ты, тата, хіба ніколі не памыляўся?
Дачка. Я хоць раз убачыла, як мама абдымае тату. Няўжо табе не ўпадабалася, тата?
Сын. А табе, мама?
Дзверы былі расчынены. Дзед увайшоў і спыніўся на парозе. Ніяк не адсапецца. Цераз плячо вісяць на лямцы спераду невялічкая сумка, а ззаду — мініяцюрны чамадан. Падняўшыся на трэці паверх, ён хапае паветра, як рыбіна на пяску. Яго ніхто не заўважае.
Дачка. Няўжо яны ніколі не абдымаліся?
Дзед. Было і такое, калі вас не было.
Дачка (шчыра ўзрадавалася). Дзядуля!
Дзед. Ну, што вы аслупянелі? Аслабаніце! Я стары і слабы.
Сын. Ну, я ж казаў — слабаразвіты.
Дачка. Нядобра гэтак пра дзядулю!
Сястра штурхнула брата пад бок. Той бяжыць да дзеда і здымае з пляча чамаданчык і сумку.
Дзед. Ну, цалуйце мяне, кусайце! Кусайце!
Вітаюцца, цалуюцца, абдымаюцца: шчыра, радасна. Асабліва ласкавыя і пяшчотныя ўнук і ўнучка.
Сын. Дзякуй табе, дзядуля!
Дзед. А што здарылася?
Сын. Разбірайся сам. Паназірай. (Уголас.) Дзед, а чаму ты лысы?!
Дзед. Абрыдла валасам пад капелюшом, яны і перасяліліся з галавы ў бараду. На свабоду. Волю нават волас любіць.
Сын. Брава! Брава вольналюбівым валасам!
Мама. Тата! Можа, памыешся з дарогі, ды будзем абедаць?
Дзед. Можна і паабедаць.
Унучка прыносіць чысты ручнік. Мама ідзе на кухню.
Дачка. Дзядуля! Вось табе чысты ручнічок.
Дзед. Вах–вах–вах! Колькі самалётаў! Гэта ўсё твае? Ды яны
Сын. Спытай у таты. Тут палавіна татавага заробку ляснула.
Дзед (сур’ёзна). Ну і дурні! Хіба можна столькі траціць?
Сын. Не толькі мы, не адны мы столькі трацім.
Дзед. Я і кажу: неразумна так траціць грошы.
Сын. Смела, дзядуля! Занадта смела ты ў мой адрас.
Унучка павяла дзеда мыцца.
Тата. Ты хоць з дзедам будзь далікатнейшы. Не хамі.
Сын. Хочаш ці не хочаш, а трэба. А то як паедзем туды, дык дзед усё прыпомніць.
Тата. Куды паедзеш? Хто паедзе?
Сын. Відаць, і я, і мая сястрычка будзем жыць у дзеда.
Тата. Жы–ыць?
Сын. I вучыцца.
Тата. Што за навіна?
Сын. Мама так сказала.
Тата. Можа, пагасціць, можа, на канікулы?
Сын. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці свежыя яблыкі, капусту, моркву, піць сырадой! Весяліць дзядулю і бабулю.
Тата. Ну, ты кінь… Я цябе ведаю… Не мялі глупства.
Сын (кліча). Сястрычка!
Прыбягае сястрычка.
Што нам мама сказала? Куды нам трэба ехаць?
Дачка. Да дзедкі і бабкі. На ферму.
Тата. Пагасціць? На канікулы?
Дачка. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці моркву, піць малако і…
Сын (падказвае). Весяліць дзеда…
Дачка. Так, і весяліць да слёз дзеда і бабку.
Сын. А ты што, супроць такой эміграцыі? Тата!
Тата. Так–так–так… Вось яно як!!!
Сын. Тата, не бядуй. Не гарачыся. Я таксама не забываю пра свае інтарэсы. Мы з сястрычкай можам аб’явіць сядзячую забастоўку.
Уваходзіць мама. Накрывае стол. Ставіць посуд.
Мама. Дачушка! Памагай!
Сын. Мама! Ты павінна пагаварыць з дзядулем пра татавы справы.
Мама. Я нікому нічога не павінна. (З пагрозай.) Але пагаварыць магу. Магу і пагаварыць. Давядзецца!..
Сын. Дзядуля павінен нашаму тату…
Мама. Наш дзядуля нікому не павінен. Усе павінны яму…