Жалезныя жалуды
Шрифт:
Усе маўчалі, слухалі:
— Варыў у пушчы святы мёд, пітво Перуну рыхтаваў. Шмат кадоўбчыкаў ліповых нарабіў, расставіў іх на паляне пад сонцам. А лікам дванаццаць было тых кадоўбчыкаў. Сам жа пайшоў да катла, у якім мёд кіпеў, памешваў мёд апалонікам дубовым. Зварылася пітво, і разліў яго Кукша ў кадоўбчыкі. Перад тым жа як Перуну ахвяру-трэбу прыносіць, ліць мёд на залатыя яго вусы, вырашыў сам пакаштаваць. Глынуў з кожнага кадоўбчыка па кроплі. І памёр. Ведаеце, чаму памёр стары Кукша? У кожны кадоўбчык запаўзло якраз перад тым, як ён мёд разліваў, па гадзюцы. Звярнуліся клубком і грэліся на сонцы. Зрокам слабы быў Кукша, не разгледзеў. Вось і ўвесь мой сказ, маладзёны. Пашкадаваў Кукша змяю, і змяя ж яго забіла.
— Трэба
— Як жа я ўбачу цябе ў княжай шапцы? — засмяяўся вяшчун. — Спачатку стань князем, а потым ужо можна і ў вір мяне валачы.
VI
Калі памаладзіў зямлю першы сняжок, прыбег у Новагародак Міндоўг са сваёй дружынаю. У крыві прыбег, у вялікім адчаі. Князь Ізяслаў Васількавіч урачыста сустрэў кунігаса. Білі бубны, спявалі трубы. Залататканы кілім разаслалі надворныя халопы перад уваходам у княжы церам.
Ізяслаў разам з княгіняй Мар'яй, разам з Даліборам, Някрасам, Войшалкам і Рамуне стаяў на высокім ганку церама, дзе балясы былі выразаны-вытачаны з дубовых сукоў у выглядзе пераплеценых чалавечых рук. Ізяслаў хваляваўся. Калі Міндоўг рашуча ступіў нагою на кілім (пацёртыя скураныя боты былі ў балотным брудзе), новагародскі князь пайшоў яму насустрач, усміхаючыся, шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў. Яны сустрэліся якраз на самай сярэдзіне кіліма, там, дзе была выткана рагатая турава галава, моцна абняліся. Абодва знялі шапкі, і халодны вецер гуляў валасамі — русымі ў Ізяслава, цёмнымі, нават чорнымі, у Міндоўга.
— Вітаю слаўнага кунігаса Літвы, — звонкім, каб усе чулі, голасам сказаў Ізяслаў, хоць Міндоўг быў пакуль што толькі варуцкім кунігасам, ды і Варута належала ў гэты самы час Даўспрунку з сынамі.
— Вітаю слаўнага новагародскага князя, вітаю магутны Новагародак, — прамовіў у сваю чаргу Міндоўг.
Як вядзецца спрадвеку, госць паднёс гаспадару свае дарункі. Асабліва спадабаліся ўсім залатыя і срэбныя літоўскія аздобы, якія кунігасавы слугі з паклонам уручылі княгіні Мар'і. Мноства на дзіва прыгожых фібул, бляшак, званочкаў, нейкіх лісцікаў, і ўсе лёгкія, зіхоткія і шумлівыя. Любяць прыгажуні-літоўкі насіць на сабе такое. Павернецца, крутнецца літоўка, і зашуміць, зазвініць на ёй уся гэта прыгажосць, і здаецца, не жанчына стаіць перад табой, а раскашуецца пад вясновым ветрам аблітая срэбным дажджом бяроза.
І ўсё ж дарункі былі, калі параўноўваць з мінулымі, зусім нядаўнімі сонцаваротамі, беднаватыя. Усе бачылі гэта. Сам Міндоўг страшэнна перажываў, сказаў Ізяславу:
— Прабач, брат мой новагародскі, што з пустымі рукамі прыйшоў я да цябе. Але клянуся Пяркунасам: вазьму Літву, пакараю сваіх ворагаў, і маё багацце будзе тваім, і мой хлеб будзе тваім хлебам.
Супала так, што пасля кунігасавых слоў у вакольным горадзе ў храме Барыса і Глеба ўдарылі ў звон. Святы айцец Анісім, які таксама прысутнічаў пры сустрэчы, незадаволена зморшчыўся. Атрымлівалася, што Хрыстос, адзіны і ўсемагутны, вітаў Пяркунаса, вітаў, як роўнага сабе. Званару ж было строга загадана не спяшыць і не спазняцца, а біць у звон дакладна тады, калі будзе гаварыць новагародскі князь-хрысціянін. «Пачакай, — з гневам падумаў святы айцец, — накладу заўтра ж на разяваку эпітымію, і трыццаць дзён і начэй будзеш стаяць на пакаяннай малітве».
Пасля новагародскіх князя і княгіні Міндоўг з вялікім хваляваннем прывітаў сваіх дзяцей, Войшалка і Рамуне, а таксама Далібора і Някраса.
— Жывыя, — абняўшы дзяцей, сказаў кунігас. — Добра, што вы жывыя. Ідзіце хутчэй да маці сваёй, бо вочы з-за вас выплакала.
Тыя адразу ж пабеглі да маці, што з малалеткамі Руклюсам і Рупінасам, з чэляддзю, з дзеўкай-векавухай Варварай, прывезенай з Цверы, чакала ў абозе, які
Някрас, дужа ссумаваўшыся па старэйшым браце, накінуўся з роспытамі.
— Ну як, шмат цікавага ўбачыў? У літоўскай пушчы начаваў?
Вочы ў яго аж гарэлі.
— Убачыў шмат чаго, — усміхнуўся Някрасу Далібор. — І ў пушчы быў, і ў Варуце, і на ловах. Ды што там ловы? Я, братка ты мой, чалавека ў сечы забіў.
— Чалавека? — Някрас аж адступіў крок назад.
— Чалавека. Літоўца. Каб не я яго, дык ён мне б галаву мачугай раструшчыў. Мячом я, як Костка вучыў, секануў.
Някрас з найвялікшай павагаю і захапленнем глядзеў на брата. Пакуль ён тут, у Новагародку, завостранай трысняговай палачкай-каламам, якую прывезлі з Візантыі, выводзіў пад наглядам святога айца Анісіма літары-казюркі на пергамене, старэйшы брат вастрыў меч аб чужыя шыі, бачыў такое, што можа ўбачыць толькі мужчынскае вока.
Далібор жа, заўважыўшы нясцерпны, нейкі галодны бляск у братавых вачах, раптам зразумеў, якім дарослым зрабіўся за гэтыя дні і ночы сам і якім зялёным дзіцянём застаўся брат. Гэта і ўзрадавала яго, і засмуціла. Ен стаў воем, ён забіў уласнай рукою ворага, на ім — жывая чалавечая кроў. Дзеля гэтага і нараджаюцца на свет князі. Караць, заваёўваць, ахоўваць — вось княжы хлеб. Але, першы і, пэўна ж, не апошні раз забіўшы чалавека, ён, Далібор, пасягнуў на божы запавет, у якім сказана: «Не ўбій». Колькі суровасці ў дарослым жыцці! Колькі болю і страт! А Някрас, малодшы, прыгожанькі, як дзяўчына, брат ляціць на злом галавы ў гэта зманлівае і прывабнае, быццам павуціна, жыццё, каб хутчэй ублытаць у яго свае крылы. І ў той жа самы час застаецца горкім дзіцянём. Яму б яшчэ ў жмуркі гуляць, прывязваць зялёных жаб да хвастоў церамных кошак. Вось і зараз, трохі астыўшы ад радаснай сустрэчы з братам, прапанаваў: «Пабеглі, пакатаемся з вала. Там дужа слізкая трава вырасла».
Далібор адчуваў, як пасталеў за апошні час. Ужо зусім не хацелася гуляць з Някрасам. Той дужа пакрыўдзіўся, калі старэйшы брат не захацеў бегчы разам з ім на вал, каб коўзацца па слізкай траве, але што паробіш. Пасля дарогі доўга спаў Далібор і, нарэшце прачнуўшыся, яшчэ раз канчаткова зразумеў сваю даросласць, калі пачуў, як маці гаворыць некаму пра яго: «Стаміўся. Спіць, як каваль».
Прачнуўшыся, ён адразу ж успомніў Рамуне, мяккую ўсмешку, светлыя валасы, незвычайныя чорна-зялёныя вочы. Ен зразумеў, што пакахаў прыгожую юную літоўку, і сэрца захлынулася ў халодным і адначасна салодкім суме: «А ці пакахае мяне яна? Ці спадабаюся я ёй?» Гэта было так важна ведаць, прычым ведаць неадкладна, зараз жа, бо кожны мужчына два разы нараджаецца на свет. Першы раз — для Бога і для сябе, другі раз — для жанчыны. Далібор хацеў паклікаць халопа Найдзёна, каб той занёс у вакольны горад і перадаў Рамуне сіняга шкла бранзалет. Ен чуў і ведаў, што мужчына павінен рабіць падарункі, а жанчына павінна з удзячнасцю іх прымаць. Але, падумаўшы, княжыч вырашыў такую важную і далікатную справу даручыць дружынніку Велю, свайму аднагодку, з якім вельмі сышоўся ў час паходу ў Варуту.
Бель зразумеў Далібора з паўслова.
Ен узяў бранзалет, любуючыся, пакруціў у руках, прыклаў да вока, каб паглядзець праз яго на сонца, нарэшце схаваў запазуху і сказаў:
— Я таксама насіў падарункі ў вакольны горад. І бранзалет насіў, толькі бяднейшы, чым твой.
— Каму ж ты насіў? — зацікавіўся Далібор.
— Жыве там Лукера, дачка залатара Івана.
— Тая, што да вешчуна на Цёмную гару ходзіць?
— Яна, — здзіўлена адказаў Вель. — Адкуль табе, княжыч, вядома такое?