Жалезныя жалуды
Шрифт:
Але, астыўшы, цвяроза і сурова ўсё ўзважыўшы, зноў сеў.
— Проста ў сэрца пацэліў мне Даўспрунк. Гарпун, як у рыбіну, усадзіў. І гэты гарпун — мая Рамуне. Што ж ты нарабіла, дачка? Як быць мне, твайму бацьку і кунігасу?
— Трэба паслаць ганцоў у Варуту, — прапанаваў Далібор.
— Мірыцца з Даўспрункам? З Таўцівілам і Эдзівідам? Не! Лепей я з'ем свае ўласныя валасы.
Міндоўг зноў ускочыў, ды адразу ж сеў, ціха сказаў:
— Хай бы ты зараз была мёртваю, дачка.
І нерухомымі збялелымі вачамі паглядзеў на Далібора, але зразумеў княжыч,
Так ні з чым і вярнуўся Далібор да сваёй дружыны. Усю ноч яму снілася заплаканая Рамуне і быццам клікала некуды.
А раніцаю прыляцеў у балотны гарадок голуб. Сеў на вільчык Міндоўгавага нумаса. Усе адразу здагадаліся, што птушка ручная, вучаная чалавекам. Кунігасаў палясоўшчык Альгімонт пазнаў голуба, бо неаднойчы з пушчы ў Варуту і на балотны гарадок слаў Міндоўгу свае справаздачы-рэляцыі. Чырвоную нітку прывязваў да лапкі — усё добра, шмат зверыны развялося, можна збірацца на ловы. Сінюю — трэба пачакаць. Абпаленую, перапэцканую сажай — гуляе ў пушчы чырвоны певень, пажар.
Альгімонт паклікаў голуба, і той пырхнуў яму проста ў рукі. Адразу пабеглі за кунігасам. Да птушыных лапак былі прывязаны дзве лёгкія срэбныя бляшкі з галаўнога ўбора Рамуне. Прычым адна бляшка была цэлая, непашкоджаная, і вайдэлоты вытлумачылі гэта тым, што князёўна жывая і здаровая. Другая ж бляшка была сагнута, пакалечана з вялікай злосцю, і на ёй усе ўбачылі тры глыбокія рваныя драпіны, сляды нажа або мяча. Вайдэлоты, са страхам пазіраючы на Міндоўга, сказалі, што праз тры дні князёўну чакае вялікая страшная небяспека, а можа, нават смерць.
— Кунігас Даўспрунк паведамляе табе, што твая дачка Рамуне знаходзіцца ў яго руках і ад тваёй абачлівасці і мудрасці залежыць яе жыццё, — пакланіўшыся Міндоўгу, сказаў старэйшы з вайдэлотаў.
На кунігаса было страшна глядзець. Ен сеў на валун каля нумаса, абшчаперыў галаву рукамі і як здранцвеў. Ні слова не пачулі ад яго, толькі чырванеў і соп, нібы кавальскі мех.
Прыбегла княгіня Ганна-Паята. Упала перад мужам на калені, пачала слёзна прасіць.
— Выратуй дачку. Яна ж адна ў цябе. Адна саколка між арлоў.
Міндоўг маўчаў. Потым глухім, як з-пад зямлі, голасам прамовіў:
— Як жа я выратую?
— Пашлі ганцоў да кунігаса Даўспрунка.
У голасе ў Ганны-Паяты зацеплілася надзея. Але Міндоўг паныла і цяжка зірнуў на яе. Зорны холад неба стыў у кунігасавых вачах.
— З аднаго вала дзвюх шкур не лупяць, — сказаў Міндоўг.
Княгіня зразумела, што гэты камень, гэту скалу не ўзяць нічым. Дзяржава для яго вышэй за ўсё. І княгіня загаласіла так, як ва ўсе часы, ва ўсе вякі рабілі яе сёстры па целу і душы, жанчыны, кім бы ні былі яны на белым свеце — парфіраноснымі ўладаркамі ці чорнымі смердкамі.
Дочачка мая, зязюлечка мая, Ягадка мая, недаспелая мая, Без пары ты адкацілася ад мяне. Лісточак мой зялёненькі, Цвяточак мой чырвоненькі, БезУсе як знямелі. А Ганна-Паята аблівалася слязьмі.
Я жывая лягу ў калоду беладубовую… Дочачка мая, зорачка мая, Куды ж я цябе выпраўляю? Не ў царкву пад вянец, А ў магілу ў пясок.Міндоўг зморшчыўся, моўчкі пайшоў у нумас. І нават Казлейка не асмеліўся пайсці следам за ім.
«Заложніцай узялі Рамуне. Што ж рабіць? Засталіся ўсяго тры няпоўныя дні», — пакутліва думаў Далібор. Князёўна ўладна жыла ў сэрцы, звіла, як белая саколка, у ім гняздо. Ен адчуваў, што са стратай, смерцю Рамуне чорным будзе ягонае жыццё. У глыбокім одуме стаяў новагародскі княжыч каля балота, напружана ўзіраючыся ў супрацьлеглы бераг. Толькі паклычаны ветрам хмыз, толькі бурая асака і гнілая вада бачыліся яму. І раптам твар ягоны асвяціўся. І хоць не радасць была на твары, а толькі надзея, Далібор адразу павесялеў, клікнуў Найдзёна і загадаў, каб той адшукаў Войшалка.
— Перадай, што новагародскі княжыч просіць яго да сябе, — сказаў Далібор халопу, рашуча накіроўваючыся ў свой шацёр. Неўзабаве Найдзён прывёў Войшалка. Новагародскі і літоўскі княжычы доўга сядзелі ў шатры. Каб Найдзён не пачуў іхнюю гаворку, Далібор уласнаручна заляпіў яму вушы воскам са свечкі. Вернага халопа гэта страшэнна пакрыўдзіла, але каго цікавіць, аб чым думае і што перажывае халоп.
Ужо ноччу ў шацёр было загадана паклікаць ваяводу Хвала і ляха Костку. Найдзён іх раскатурхаў, бо спалі, і прывёў да княжыча, хоць Костка лаяў на чым свет стаіць дурнога халопа.
А раніцою нечуваны пярэпалах быў у балотным гарадку. Крычалі ў сотню глотак Міндоўгавы дружыннікі, білі ў трывожнае біла. Чорны слуп дыму ўзняўся над востравам.
— Княжыч Глеб збег з усёй сваёй дружынай, — бялеючы ў твары, паведаміў Казлейка кунігасу. — І Войшалка з сабой павёў у вяроўках.
— Войшалка?! — схапіў Казлейку загрудкі Міндоўг. — Як жа ты праспаў? А хваліўся, што трохвокі, што на зямлі і пад зямлёй усё бачыш. Няўжо само неба супраць мяне?
Адразу ж расклалі ахвярнае вогнішча. Уласнаручна забіў Міндоўг казла і сабаку. Не надта шаноўныя гэта жывёліны, а калі казаць праўду, дык і зусім паршыўцы. Але не было пад рукою быка або вала, а без свежай крыві не паразумеешся з багамі.
Вайдэлоты спалілі на белым агні і чорным дыме казліныя і сабачыя косткі, развеялі на ўсе чатыры бакі гарачы прысак.
Потым доўга глядзелі на воблакі, на дрэвы, прыпаўшы вухам да зямлі, слухалі булькатанне адзінага ў балотным гарадку ручая. З воблакаў, калі ўважліва, не міргаючы і не адводзячы вачэй, прыгледзецца, праступіў нейкі твар, суровы і непрыветны. Але пабег па траве, па зялёных шапках дрэў вецер, зашумеў, залопаў цёплымі крыллямі паміж воблакаў, і надземны ўсюдыісны твар таго, што кіруе ўсім, памякчэў, пасвятлеў.