Жалезныя жалуды
Шрифт:
Твар у Войшалка перасмыкнуўся, пацямнеў ад гневу. Ен быў не з тых людзей, што прапускаюць міма вушэй знявагу. Як воласу перагарэць, ускочыў ён у сядло, пакінуўшы Рамуне з Даліборам.
— А ў мяне горкі меч! — закрычаў ён. — Хто мяне шукае?! Я — Міндоўгавіч! Хто хоча ўбачыць, якога колеру мая кроў?
Яны сутыкнуліся, сышліся грудзі ў грудзі на сыпкім рыжым пяску, з якога тырчаў сівы ад расы бадыльняк. Эдзівід кінуў свайго каня насустрач праціўніку, люта рассек паветра шырокім мячом. Войшалк сустрэў яго ўдарам сякеры і адразу ж ледзь не вывернуў, ледзь не выбіў з рукі меч.
— Хочаш маю сястру ў наложніцы?! Вазьмі! — зноў ударыўшы
Варуцкі княжыч здзекліва зарагатаў. Эдзівід аж сшалеў ад такой чорнай абразы, сек і сек мячом.
Месца паядынку-двубою ўжо абкружылі новагараджане і літоўцы, гарачліва сціскаючы зброю, каб пры першай магчымасці самім рынуцца ў сечу. Але старадаўні звычай патрабаваў стаяць збоку і чакаць, пакуль сякуцца між сабой вожы 33 . У каго першага свісне з раны кроў, той прайграў. Ну і, вядома, прайграў той, у каго хрусне, як арэх, чэрап і душа адляціць з мёртвага цела ў завоблачную нябесную дзяржаву.
33
Вож — правадыр, важак.
Далібор, падтрымліваючы Рамуне, дапамагаў ёй сесці на свайго каня. Замілавана глядзеў на яе і краем вока сачыў за паядынкам. Рамуне неадрыўна пазірала на брата. Можна было па яе вачах, стоячы спіной да байцоў, здагадацца, як ідзе паядынак. Вочы цьмелі, рабіліся зусім чорныя — значыць, адступаў пад ударамі Эдзівіда Войшалк. Святлінка ўспыхвала ў вачах — значыць, брат цясніў ворага.
Нарэшце Войшалк магутным ударам аглушыў, выбіў Эдзівіда з сядла. Той, матлянуўшы рукамі, гоцнуўся ў пясок, узараны конскімі капытамі. Аж, здалося, каменьчыкі запішчалі пад Эдзівідам.
Новагараджане і Войшалк з Рамуне адразу ж пусціліся ў дарогу. Літоўцы саскочылі з коней, укленчылі каля Эдзівіда. Калі ён і дыхаў, то на адну няпоўную наздрыну.
— А я думала, княжыч, што ты здрадзіў Міндоўгу, майму бацьку, і за Даўспрункам, як хвост, павалокся, — сказала Рамуне, хітравата пазіраючы на Далібора. Яна ехала на ягоным кані, Далібору ж аддаў каня Найдзён. Сам халоп, трымаючыся за стрэмя гаспадара, бег трушком побач. Гарошыны поту скочваліся са шчок, нават з вушэй. Але не шкадуюць людзей, народжаных на рваным рыззі і пад саламянай страхою, тыя, што ядуць свой хлеб зямны на золаце і на срэбры.
— Новагародак — саюзнік Міндоўга, а не яго ворагаў,— з урачыстасцю і важнасцю ў голасе прамовіў Далібор. — Як жа я мог пайсці супраць Новагародка? Кунігас Міндоўг (і Новагародак гэта ведае) лепшы, вартнейшы чалавек на Літве.
Рамуне, відно па-ўсяму, было прыемна слухаць такія словы. Шчокі ў яе заружовіліся, як прыхоплены сонцам летні яблычак. Яна ўжо з большай прыхільнасцю пазірала на Далібора. Чорна-зялёныя вочы святлелі. А княжыч, рассмеліўшыся, казаў далей:
— Даўспрунк, вядома, кунігас таксама не без галавы. Але ў адным ён дужа прайграе Міндоўгу.
— У чым? — хуценька павярнула галоўку, як птушка з гнязда, Рамуне. Нездарма мудрацы кажуць, што доўгавалосыя дочкі Евы, дзе б яны ні нарадзіліся, на Літве ці на Русі, хочуць ведаць усё і больш за ўсіх, нават больш за бога-тварца.
— У яго няма такой прыгожай дачкі,— адказаў Далібор.
Рамуне весела засмяялася і яшчэ больш,
Ехалі, не спыняючыся, цэлы дзень. Ды колькі таго восеньскага дня — жменька. Цурболіў ціхі дожджык. Хмары плылі над лясамі, як шэры бясконцы дым. Здавалася, далёка адсюль бушуюць нябесныя пажары, і ўвесь прысак, усю сажу прыганяе вецер у Панямонне. Перад самым вечарам прарэзалася ў небе пранізліва блакітная шчыліна. Расстайнае летняе цяпло было ў ёй. Далібор бачыў, як уважліва і ўсхвалявана глядзіць Рамуне на гэту жывую яркую палоску. І сам глядзеў туды.
Пераначавалі ў лесе, а на золку зноў рушылі ў дарогу. Перад тым як ехаць на новагародскі дзядзінец, Далібор завярнуў на Цёмную гару. З Рамуне і Войшалкам пайшоў да святога дуба.
Валасач сядзеў усё на тым жа месцы, пад лёгкай паветкай, што тулілася да дубовага камля. Цяпельца міргала, круцілася клубком каля ягоных ног. Вяшчун, неадрыўна пазіраючы на ружовыя пялёсткі полымя, ламаў на дробныя кавалачкі сухое сучча, карміў агонь. Вочы былі шчаслівыя.
— Ты хлус, ілгун, — пагрозліва сказаў Далібор. — Калелая цябе бярэ, вось ты і лезеш да агню. Навошта схлусіў пра Міндоўга? Навошта кляўся, што мы з ім адзінакроўнікі? Адказвай, пёс.
Валасач спакойна ўзняў вочы, усміхнуўся Рамуне і Войшалку, прамовіў, як заўсёды, з нейкаю загадкаю.
— Людзі зменлівыя, як воблакі. Ты быў у Варуце?
— Быў,— не сцішваў гневу Далібор. — Навошта хлусіў? Адказвай.
— Хацеў, каб ты сустрэўся з Міндоўгам, бо роўны роўнага шукае. Хацеў і хачу, каб не высеклі тэўтонскай сякераю і татарскай шабляю нашы карані. Хачу, каб Новагародак і Літва звязаліся ў адзін вузел, які нікому ніколі не развязаць. Толькі так уцалее наш род і дзеці-млекасосцы будуць карміцца матчыным малаком, а не дымам і попелам. Хіба ты не хочаш гэтага ж самага, княжыч?
Вяшчун, як хітрая рыбіна, выслізгваў з рук, а сваімі словамі, бляскам апантаных вачэй браў проста за сэрца.
— Зямлю еў… Кляўся, — ужо больш памякчэлым голасам гаварыў Далібор.
— Калі я ем зерне і ягадзіну, якія вырастаюць з зямлі, чаму я не магу з'есці жменьку самой зямлі? — усміхнуўся Валасач. — Усё было зямлёй, і ўсё зноў стане зямлёю. Ты кажаш, княжыч, што я нахлусіў табе пра Міндоўга. Ну што ж, хай карае мяне ва гэта Пярун. Але здаецца мне, што ты можаш стаць родзічам слаўнага кунігаса.
Пры апошніх сваіх словах вяшчун уважліва паглядзеў на Рамуне. Літоўская князёўна не ўсё зразумела з таго, аб чым ён казаў, і запытальна зірнула на Далібора. Той раптам засмяяўся.
— Зноў хлусіш. Пэўна, не можа твой язык і дня паляжаць за зубамі без хлусні.
Але адчувалася, што ён задаволены.
— Раскажу я вам, маладзёны, пра старца Кукшу, які да мяне сядзеў пад гэтым дубам, — жвавым голасам пачаў Валасач. — Вялікай мудрасці быў чалавек. І ўсё зрабіў, што дастаслаўнаму мужу трэба зрабіць на сваім зямным вяку. Нарадзіў сына, пасадзіў дрэва, збудаваў дом, перапісаў на пергамен кнігу. Заставалася забіць змяю. Пайшоў Кукша туды, дзе змеі водзяцца. У камяні, у пясок сыпучы. Адшукаў нару змяіную, адшукаў змяю. Узяў у рукі вялізную булыгу, каб распляскаць змяі-гадзюцы галаву. І не змог. Зразумеў, узняўшы булыгу, што кожнаму жывому стварэнню дадзена небам жыццё, і толькі неба, толькі Пярун, уладар нябесны, можа ўзяць гэта жыццё. Задумаўся Кукша, глыбока задумаўся і сеў пад святым зялёным дубам, каб да скону жыцця зямнога бясконцую думу думаць. І ведаеце, як ён памёр?