Жалезныя жалуды
Шрифт:
Ганцоў узначаліў Далібор. Ен перадаў Міндоўгу пергамен з віслымі пячаткамі князя Ізяслава Новагародскага і епіскапа Анісіма, папярэдне зачытаўшы гэты пергамен. Міндоўг разам з Войшалкам, Казлейкам і баярамі ўважліва выслухаў, задумаўся.
— Няхай Новагародак дасць мне тры дні. Я павінен параіцца са сваімі багамі,— сказаў нарэшце кунігас.
Баяры яго, Войшалк і Казлейка, кіўнулі галовамі.
— Мы будзем чакаць тры дні,— згадзіўся Далібор.
Ен не сумняваўся, што кунігас адразу ж пашле верных людзей да Крыве-Крывейты. Цікава, што скажа вярхоўны жрэц? Пэўна ж, забароніць адыходзіць ад веры
38
Місцюк — ілгун, хітрэц.
Як ні раскінь галавою, толькі адна дарога ў Міндоўга — да Новагародка, калі хоча застацца кунігасам, а не пасвіць коней або ўздзіраць сахой зямлю.
Выконваючы такое важнае, такое адказнае даручэнне, Далібор ні на міг не забываў пра Рамуне. Дзе яна? Што з ёю? Шмат аддаў бы княжыч, каб толькі ўбачыць гарачыя чорна-зялёныя вочы.
У вакольным горадзе твар у твар ён сутыкнуўся з Велем. Той, як заўсёды вясёлы, шыбаваў некуды, асцярожна, нібы дзіця, несучы ў руках ладную карчагу. Вядома ж, у карчазе была не вада.
— Дзе бранзалет? — схапіў яго за рукаў Далібор.
— Які бранзалет? — здзівіўся спачатку Вель, але, адразу ж усё змікіціўшы, бадзёра адказаў:
— У самыя рукі аддаў.
— Каму? — не адступаў Далібор.
— Вядома, каму — літоўскай князёўне. Ого-го, якая яна прыгажуня. Праўду кажуць: золата і ў попеле відно.
— Ты яе бачыў?
Голас у Далібора нецярпліва ўздрыгнуў.
— Як жа я аддаў бы ёй бранзалет, калі б не пабачыўся з ёю? — як на малога, зірнуў на княжыча Вель.
— І што яна сказала?
— Што сказала?
У гэты самы час нейкая пякучая восеньская муха, пэўна, апошняя з сёлетніх мух, джыганула Велю ніжэй калена. А можа, і не муха кусанула, а іншы верад напаў. Дружыннік нагнуўся, ляпнуў рукою па назе, і раптам ў яго з-за пазухі выпаў сіні бранзалет, Далібораў бранзалет, і закруціўся каля ног, пакуль ціхмяна не лёг на пясок. Вель і княжыч, разявіўшы раты, глядзелі на яго.
— Што гэта? — спытаў нарэшце Далібор.
— Гэта?
Вель паціснуў плячыма.
— Здаецца, бранзалет.
— Дык ты ж яго аддаў Рамуне.
— Аддаў?
Вель на міг задумаўся, потым пляснуў рукамі.
— Вот галава! Я ж яго нясу аддаваць.
І ён, паставіўшы на зямлю карчагу з мёдам, хацеў падняць бранзалет.
— Не ўжо, брат. Я сам, — наступіў яму нагою на руку Далібор.
Але Вель борзда схапіў бранзалет, не забыўся схапіць карчагу і, сказаўшы: «Будзь здароў, княжыч, дзякуй, што з душой мяне пусціў, бранзалет я сам аддам», — прыпусціў па вуліцы. Далібор разгублена глядзеў услед. Толькі паспеў падумаць: «Ну і блудзень».
Вель проста ад княжыча накіраваўся да сядзібы баярына Сарокі, дзе, як ён выведаў, прыпынілася княгіня Ганна-Паята разам з Рамуне і малалеткамі
Адважна шыбаваў Вель да літоўскай княгіні, дзе меркаваў, улучыўшы міг, аддаць Рамуне бранзалет. Але дарогу перагарадзіў высокі светлавалосы ахоўнік у лісінай шапцы і накідцы з мядзведжай шкуры, якая не зашпільвалася ні фібуламі, ні гузікамі, а мацавалася да скуранога раменьчыка, што ахопліваў моцную загарэлую шыю. Гэта быў Гінтас, той самы, які яшчэ нядаўна «зязюляю» сядзеў на дрэвах і папярэджваў горад Варуту аб небяспецы. У руцэ ён трымаў сякеру.
39
Вырак — рашэнне, прысуд.
— Куды і да каго ідзеш? — паклаў Гінтас цяжкую далонь на плячо Велю.
— Іду да княгіні Ганны-Паяты, — весела адказаў дружыннік.
— Хто ты, каб ісці да княгіні?
— Я? — здзівіўся Вель. — Як бачыш, новагараджанін. Дружыннік княжыча Далібора.
— Навошта ідзеш да княгіні?
— Лекі ёй нясу, — рашуча схлусіў Вель. — Вось у гэтай карчазе знаходзяцца лекі, якія дадуць палёгку княгініным нагам. У тваёй княгіні ногі дужа баляць. Хіба ты не ведаеш пра такое?
Гінтас узяў карчагу, пакруціў у руках, панюхаў.
— Дык гэта ж мёд. П'яны мёд, — сказаў ён нарэшце, падазрона азіраючы Веля, і пачаў гнаць дружынніка з двара. Але той заўпарціўся, выхапіў меч, і скрыжаваліся літоўская сякера з новагародскім мячом. На валтузню і шум выглянула з баярскай сядзібы Рамуне. Вель пазнаў яе, закрычаў:
— Князёўна! Што робяць твае людзі? Я прыйшоў да цябе з вітаннем ад наваградскага княжыча Далібора, а мяне не пускаюць і ў дадатак хочуць выпусціць з мяне кроў.
— Ты прыйшоў ад княжыча? — уся ўспыхнула Рамуне. — Гінтас, прапусці яго.
— Але ён толькі што казаў, быццам прынёс лекі для княгіні Ганны-Паяты, — у нерашучасці зморшчыў лоб, замуляўся Гінтас.
— Прапусці! — тупнула ножкай князёўна.
— Павесь сякеру на крук, — лагодна паляпаў літоўскага асілка па плячы Вель і, пакланіўшыся Рамуне, дастаў з-за пазухі прыгожы бранзалет.
— Гэта табе, князёўна, ад нашага княжыча. Упадабаў ён цябе і шле свой дарунак. Казаў, каб прыняла з чыстым сэрцам. І яшчэ казаў і прасіў, каб не хавалася ад яго, бо агнявіца-ліхаманка навалілася на маладое цела ад кахання вялікага.
Калі б княжыч Далібор пачуў гэтыя словы, асабліва пра агнявіцу, ён бы дужа здзівіўся, а магчыма б, і даў языкаватаму дружынніку добрага кухталя. Але такі быў Вель. Там, дзе казалі адно слова, ён казаў два, а там, дзе зрывалі дзве кветкі, зрываў тры.
— На тваім месцы, светлая князёўна, я загадаў бы зарэзаць бычка, варыць юху і гарохавае сочыва. А таксама нацадзіць піва і паставіць на стол добрыя чаркі.
— Гэты бранзалет ад княжыча? — любуючыся прыгожай аздобаю, прымерваючы яе да светласкурай рукі, перапытала Рамуне. — Але чаму ж сам княжыч не прынёс яго?