Жалезныя жалуды
Шрифт:
Дружыннік так усхваляваўся, што, не дапіўшы мёд, шпурнуў ад сябе карчагу. Тая разляцелася на звонкі гліняны друз. Лукера са здзіўленнем і лёгкім спалохам глядзела на свайго каханка.
— Чаго ты хочаш, Вель? — мякка спытала яна.
— Алехна вярнуўся з паўдарогі, ды якое там — з чацвертака дарогі назад. Навошта ён вярнуўся?
— Можа, што забыўся, — паціснула плячамі Лукера, — Можа, захварэў. Але што табе да гэтага?
Яна зазірнула ў ягоныя прыгожыя шэрыя вочы.
Адцененыя цёмнымі вейкамі, глыбокія і такія прываблівыя, яны валодалі яе душой.
— Твой брат ненавідзіць мяне, — сказаў дружыннік.
— Перахрысціся,
— Усе вы збожныя, — рэзкім голасам сказаў Вель. — А сама да вешчуна на Цёмную гару ходзіш.
І не даўшы дзяўчыне слова ўставіць, засмяяўся, зноў паўтарыў:
— Ен ненавідзіць мяне. Але ў кожнага мужчыны, я чуў, павінна быць сем нядобразычліўцаў. У мяне іх больш.
— Не нагаворвай на сябе. Ты — добры, — захоплена пазіраючы на Веля, ціха прамовіла Лукера.
Яна адчувала, што вельмі-вельмі кахае яго, і скажы ён толькі слова, загадай, пабяжыць за ім, як маленькая хваля за вялікай ракою. Але дружыннік, як бы нешта ўспомніўшы, хуценька пацалаваў яе ў шчаку.
— Мне трэба ісці.
І, не азіраючыся, пашыбаваў у бок дзядзінца. Дзяўчына сумна ўздыхнула, доўга глядзела яму ўслед, потым зняла свой вяночак, пайшла ў святліцу. Там яна пачала маліцца Хрысту, прасіць, каб не адварочваў ад яе Велева сэрца. Назаўтра ж надумала разам з сяброўкамі збегаць на Цёмную гару, бо пакланіцца святому зялёнаму дубу і нязгаснаму агню таксама не зашкодзіць.
Вель, паблукаўшы па дзядзінцы, пастаяўшы каля літоўскіх шатроў і паслухаўшы літоўскія песні, зноў вярнуўся ў вакольны горад. Недалёка ад сядзібы залатара Івана ён схаваўся за нечы плот і пачаў сачыць за акутай жалезам брамаю, што ахоўвала двор залатара. Ужо чалавек шэсць ці сем, азірнуўшыся па баках, шмыгнулі ў невысокія дзверцы, якія былі ўрэзаны ў браму. Усе яны былі ў плашчах з капюшонамі, і дружыннік не мог, як ні напружваў зрок, убачыць твараў. Што ж прымушала яго сядзець, нібы воўк, у засадзе? На такое пытанне ён, бадай, не змог бы адказаць. Пакуль што проста сядзеў, проста глядзеў, слухаў і лічыў людзей, якія пад покрывам змроку ішлі і ішлі да залатара. «Можа, будзе купецкая братчына і таўстамясыя будуць піць віно, хваліцца сваім срэбрам?» — думаў ён.
Але на братчыну ідуць не хаваючыся, у багатых уборах, цягнуць разам з прыслужнікамі амфары і карчагі, кошыкі з печанай рыбай і белым хлебам, кумпякі, ужо наткнутыя на ражно і абсмажаныя. У маленькіх сплеценых з танюткай лазы кошыках або на вышываных абрусах нясуць арэхі, яблыкі, ігрушы, кіслы ўгорскі корань, ад якога робіцца холадна ў роце. Гэтыя ж ішлі ў цёмных плашчах, па аднаму і моўчкі. У Веля аж у жываце забурчала ад цікаўнасці. Ен пагладзіў, пацёр далонню жывот, потым, прыгнуўшыся, падбег да брамы, праскочыў у дзверцы і асцярожна, затойваючы дыханне, пачаў красціся ўздоўж глухой сцяны. Ен добра ведаў гэты прасторны багаты двор, бо не раз прыходзіў сюды да Лукеры. Дзіўная адвага і незвычайная цікаўнасць бушавалі ў ім. Ні кропелькі страху не зведаў ён, калі прыставіў да
Спачатку ён убачыў лысага, хоць боб на галаве малаці, залатара Івана. Каля яго сядзеў Алехна, трохі зводдаль — купцы Алхім, Панкрат, Аўдзей, тысяцкі Раданег і нейкія незнаёмцы.
Вялізная люстра-хорас, з тых, што вісяць у цэрквах, асвятляла пакой. Уплішчыўшыся ўсёй шчакой у шчыліну, Вель убачыў частку пафарбаванай у чырвоны колер сцяны. На чырвоным полі строга пазіраў з фрэскі малады безбароды чалавек у княжай шапцы з сінім верхам. Гэта быў князь-пакутнік Глеб.
— Усе? — спытаў залатар Іван.
— Усе, акрамя Цімафея, у якога дачка-сямідзёнка памерла, — адказаў Алехна.
— Памянём душу новапрастаўленай рабы божай, — узняўся са свайго месца, перахрысціўся Іван. Тое ж самае зрабілі ўсе прысутныя.
Але галоўны тут быў, як пачаў здагадвацца Вель, Іванаў сын Алехна. Ен выйшаў на сярэдзіну пакоя, зняў з шыі срэбны дробнакаваны ланцужок, на якім нешта вісела. «Божы абразок», — падумаў Вель.
— Паклянёмся нашай святыняй, паклянёмся жалезнымі жалудамі, якія ўсе мы носім на грудзях разам з хрысціянскім крыжам, што, сабраўшыся сёння тут, будзем думаць толькі пра Новагародак і Новагародскую зямлю, — урачыста сказаў Алехна.
Усе ўзнялі ўгору жалезныя жалуды.
— Мяне вярнуў з дарогі ваш ганец. Дзякую, што ў такі час вы не забыліся пра мяне.
Алехна тройчы пакланіўся:
— Наша Нёманскае сто, наша купецкае і залатарскае браталюбства ведаюць далёка адсюль. Быў я ў Брэмене, даходзіў са сваім таварам аж да Генуі і Венецыі, дзе стварылі купцы свае дзяржавы, і мяне, новагараджаніна, сустракалі і прымалі там, як роўню. У тых далёкіх краях мужоў цэняць перш за ўсё за купецкі спрыт і за грошы, якія яны маюць. Перад купцамі там адчынены дзверы самых багатых палацаў, князі і правіцелі садзяць іх побач з сабою на залаты трон.
Усе прысутныя адабральна загулі. «Кубло гадзючае», — са злосцю падумаў Вель, бо быў цвёрда перакананы, што сапраўдны муж, уладар зямлі той, хто з малалецтва носіць на поясе меч. А ўсе гэтыя смерды, кавалі, купцы — зямны тлен-пыл пад нагамі ў вояў.
— Браталюбы, — узвысіў голас Алехна, — надышоў час вялікага выбару. Усё цяжэй узнімаюцца ветразі нашых караблёў на Варажскім моры. Вы ведаеце чаму. Лівонскія і тэўтонскія рыцары перагарадзілі нам дарогу. І хоць лівонскі магістр у Рызе Андрэй Стырланд клянецца, што вельмі любіць новагародскіх купцоў, гэтак жа, як полацкіх і смаленскіх, мала яму ад нас веры.
— Мала, — гучна сказаў сваім грамавітым голасам Алхім.
— У нас ёсць грошы, вялікія грошы, але гэта сёння не ўсё. Патрэбна, каб у нас быў свой меч, — казаў далей Алехна.
«Ды ты, карузлік, той меч вышэй кален не падымеш», — з'едліва падумаў Вель. Ен раптам зразумеў, чаму сядзіць тут, у гэтым павуцінным закутку, можа, нават рызыкуючы ўласнай галавою — ён ненавідзіць Алехну, ненавідзіць даўно, з таго самага дня, калі даведаўся, што ў Лукеры маецца дужа ўдалы, дужа разумны брат.