Жалезныя жалуды
Шрифт:
Захоплены такімі думкамі, Далібор і не заўважыў, як ад'ехаўся ад сваёй дружыны і ўбіўся ў строй новагародскіх пешцаў. Тут ішло апалчэнне кавалёў, броннікаў, сырамятнікаў, муралёў і рознага іншага рукадзельнага люду. Каня схапілі за аброць, і вясёлы голас крыкнуў, здалося, пад самым вухам:
— Княжыч!
Далібор аж уздрыгнуў. Перад ім стаяў меднік Бачыла, у меднай (сам выкаваў!) шапцы, у доўгай, дзіравай на спіне кальчузе, з доўгім вастрадзюбым кап'ём у руцэ.
— А я гляджу і думаю: ці не княжыч гэта? — смеючыся, казаў Бачыла і крочыў, трымаючыся за Даліборава стрэмя. — А брат твой дзе?
— Някрас таксама сеў на каня, — узрадаваўся знаёмцу Далібор. — Ен разам з Косткам у Міндоўгавай дружыне.
— Вялікая сіла люду ідзе, — прыцмокнуў языком меднік.
— І кроў вялікая будзе, — сказаў Далібор.
— Кроў?
— А як жа?
Пры такіх словах княжыча Бачыла глыбей насунуў на галаву сваю медную шапку, ускінуў на плячо кап'ё.
Ішлі раць на раць, меч на меч. Слупы чорнага дыму ўставалі над зямлёй. Трашчалі над пушчамі і балотамі навальніцы. Святло маланак, здаецца, сцёбала па вачах. Шумела, раўла, ручаямі ляцела з неба навальнічная вада. Стомлены вой здымаў з галавы шлем, набіраў вады з краямі, піў і не мог напіцца. Аднойчы вечарам заззялі ў небе над зямлёй два велізарныя вогненна-чырвоныя крыжы, якія раслі з аднаго кораня. «Гэта Новагародак і Літва, — казалі, хрысцячыся, бывалыя людзі.— Яны павінны злучыцца. Бачыце — у іх адзін корань». «Але ж Літва паганская, — не згаджаліся няверы. — Мала што Міндоўг з купкаю баяр хрысціўся». «Яна будзе хрысціянскай», — адказвалі ім.
Ішоў у сечу Далібор, думаючы пра Новагародак, светлакосую Рамуне. У глухой цямніцы сядзеў Алехна, успамінаў браталюбаў, мёртвых і жывых, спрабаваў рукамі гнуць халодныя краты і ўсё часцей чуў ува сне звонкі незвычайны голас, які абвяшчаў яму і ўсяму свету: «Чалавек павінен жыць не законам галоднага ваўка, а законам жытнёвага поля». Міндоўг з вялікай лютасцю выганяў з Літвы сваіх ворагаў, нават калі гэта былі ягоныя пляменнікі. Войшалк марыў збудаваць манастыр над Нёманам, каб ішло адтуль святло вучонасці, святло біблейскай мудрасці. Жэрнас, пахудзеўшы за вясну, няўтрымна бегаў па пушчах, уздымаў, гуртаваў балотную раць, каб потым па крыві сваіх аднародцаў зноў ісці пад свяшчэнны дуб і жэрці жалуды. На прасторах Заходняй Еўропы грымела крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам.
І было ўсё гэта ў лета 6754-е 49 ад стварэння свету.
Частка другая
I
На прасторах Заходняй Еўропы грымела ў гэты час крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам. Папы, ратуючыся ад сваіх ворагаў, хаваліся ў горадзе Ліёне, і іх можна было лічыць і рымскімі і ліёнскімі. А пачалося ўсё вельмі даўно, пачалося з таго, што ў канцы ліпеня 1167 года войска германскага імператара Фрыдрыха І Барбаросы пад началам двух епіскапаў у рыцарскіх даспехах пасля жорсткай васьмідзённай аблогі ўварвалася ў Рым. Тысячы трупаў немцаў і рымлян валяліся на вуліцах. Папа Аляксандр III уцёк з Рыма. Імператар Фрыдрых Рудабароды хадзіў па захопленай папскай сталіцы, піў віно са сваімі воінамі, абдымаўся і цалаваўся з імі. Ен, пэўна ж, адчуваў сябе новым Цэзарам. Ды здарылася нечаканае і страшнае. Тое, што не маглі зрабіць адборныя папскія рыцары, зрабіў за два-тры дні нейкі нікчэмнейшы мікроб — у Рыме пачалася эпідэмія. Немцы паміралі адзін за адным, быццам іх валіла з ног нябачная вострая каса. Сінія твары, мутныя вочы, уздутыя жываты, слізь і смурод — вось што заставалася ад вясёлых пышнацелых здаравякоў. Акрамя простых воінаў сканалі ў нечуваных пакутах імперскі канцлер, кёльнскі архіепіскап Райнхальд, сямёра палкаводцаў Барбаросы.
49
Лета 6754-е — 1246 год.
І горды Фрыдрых, пераможца Мілана і Рыма, праз некалькі дзён бясслаўна ўцёк, абматаўшы твар змочанай у чырвоным віне кашуляй.
Рымскія папы, вядома ж, адразу аб'явілі, што за іх заступіўся сам Хрыстос, наслаўшы мор на бязбожнікаў. Але радасць, як вельмі часта здараецца, была нядоўгая. Зноў пачалася вайна, яшчэ больш упартая і бясконцая. У чэрвені 1244 года новы папа Інакенцій IV, ён жа генуэзскі граф Сінібальда Фіеска, апрануўшы ці то манаскае, ці то жаночае адзенне, цудам выслізнуў з Рыма, які штурмам брала войска Фрыдрыха II Гогенштаўфена, унука таго самага Фрыдрыха І Барбаросы. Куды было бегчы Інакенцію IV? Вядома ж, у Ліён.
імператарам Нікейскай імперыі Іаанам Ватацам. Ратавацца ад манголаў вырашылі такім чынам: на ўсіх сцежках і дарогах, што вялі ў Еўропу, сабор прапанаваў паставіць варту, выкапаць ямы, збудаваць сцены і вежы.
I ўсё ж сама больш гаварылі, як і чакалася, пра імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і адначасова сіцылійскага караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Яго зноў, у які ўжо раз, адлучылі ад царквы. Самыя ўсходнія епархіі рымскай каталіцкай царквы былі ў Прыбалтыцы — у Лівоніі і Прусіі. І вось туды, у Прусію, а затым, магчыма, і ў Літву вясною 1249 года ехала з Ліёна пасольства ад папы Інакенція IV на чале з легатам Якавам. Гэты Якаў, чалавек, як можна меркаваць, рашучы і разумны, неўзабаве стане папам Урбанам IV, а пакуль што ён ехаў у далёкую Прусію, у адваяваны ў прусаў горад Кірсбург, які наўзабаве будзе называцца Хрыстбургам, каб імем папы прымірыць тэўтонскіх рыцараў з тубыльцамі. У гэтым жа пасольстве ехаў негаваркі задумлівы чалавечак, буйнатвары і з плоскімі ступнямі, манах-дамініканец Сіверт. Усяго год назад Сіверт жыў у Неапалі, у палацы самога Фрыдрыха II Гогенштаўфена і лічыўся ягоным задушэўным сябрам. Часта за мармуровым абедзенным столікам на дваіх, застаўленым цудоўнымі вінамі, вазамі з вінаградам, персікамі і арэхамі, яны, імператар і манах, вялі ўсхваляваныя шчырыя гутаркі пра старадаўніх філосафаў, пра Рым не сённяшні, а той, вечны, нятленны, дзе жылі Цэзар і Брут. Якраз перад гэтым каля імператарскага палаца садоўнікі, перасаджваючы дрэва, наткнуліся ў зямлі на цудоўны беласнежны саркафаг, у якім ляжала, як жывая, забальзаміраваная гадоў шаснаццаці дзяўчына незвычайнай прыгажосці. Збегліся ўсе прыдворныя, усе слугі. Прыйшлі да саркафага і Фрыдрых з Сівертам. «Якая прыгажосць, — шэптам сказаў Фрыдрых. — А гэтай жа дзяўчыне ўжо болей тысячы гадоў». Прамовіўшы такое, імператар пабляднеў і закрыў рукой вочы. Затым загадаў у дальнім канцы саду тайна закапаць цудоўную мумію, якую народ назваў фанчулаю.
Сіверт, калі шчыра прызнацца, любіў імператара. Нічога не было ў ім ад дзікага нямецкага звера, якім прылюдна называў яго папа. Фрыдрых адкрыў у Неапалі універсітэт, дзе выкладалі арабы і яўрэі, пабудаваў моцны флот, у якім служылі мусульмане. Але ўдача ўсё часцей адварочвалася ад імператара, усё часцей яго пракліналі ўсе і ўсюды, і Сіверт, як чалавек асцярожны і прадбачлівы, рашыў пераехаць з Неапаля ў Ліён. Фрыдрыху ён сказаў, што хутка вернецца, толькі пашукае новыя саркафагі ў ваколіцах Рыма. Але вяртацца не збіраўся, бо своечасова зразумеў, што на сённяшні дзень папа мацней за імператара. «Няма бядней бяды, чым смутак», — любіў паўтараць ён. Застацца ж у Неапалі з Фрыдрыхам азначала смуткаваць да самай смерці, і не ў сваёй хатняй або манастырскай малітоўні, а ў папскай турме.
У Ліёне Сіверта сустрэлі ласкава. Ен расказаў усім, як цяжка жыць, нават цяжка дыхаць побач з Фрыдрыхам, як часта ён хацеў на простым рыбацкім чоўне вырвацца адтуль. А сам успамінаў фантан-вадамёт, што ў паўдзённую спёку струменіўся ў пакоі ў Фрыдрыха, і біў то падфарбаванай халоднай вадой, то салодкім віном. Жывучы ў Ліёне, ён часта бачыў апошні ўздых людзей на гэтым свеце, а калі ўвайшоў у давер да кліра і папы, то на вуха паміраючым стаўшы на калені, чытаў адыходную. Амаль заўсёды між апошніх слоў тых, што адплывалі ў лепшы свет, ён чуў слова «Рым». Усе яны страсна хацелі разам з папам вярнуцца ў апостальскую сталіцу. У Ліёне ён убачыў цёмныя задворкі чалавечай душы. У папскім палацы, нібы ў гарэме мусульманскіх эміраў, ён сустракаў еўнухаў. Некаторыя з іх яшчэ захавалі палавы інстынкт і, не могучы савакупіцца з жанчынамі, білі іх, кусалі, драпалі да крыві.
Неўзабаве Сіверт заўважыў, што адносіны да яго перамяніліся. «Фрыдрыхаў прыхвасцень», — не раз чуў ён за сваёй спіной. Нянавісць да Гогенштаўфенаў была такая вялікая, што ўсе, хто хоць аднойчы перакінуўся з імі добразычлівым словам, аб'яўляліся асабістымі ворагамі папы. Дамініканец рашыў ехаць з Ліёна, але не знікнуць назаўсёды, а, пабыўшы там, дзе ў бітвах з паганствам і схізмай гартаваўся меч ісціннай веры, са славай вярнуцца назад. Так ён прыбіўся да пасольства легата Якава. Яно накіроўвалася (вось цуд!) у адну з апошніх у Еўропе краіну паганцаў — Прусію.