Жалезныя жалуды
Шрифт:
Духоўнасць і хрысціянскасць народаў Сіверт вымяраў адносінамі да жанчыны. Яшчэ ў Ліёне казалі яму, што прусы маюць шмат жонак, што жонак там купляюць і прадаюць, нібы жывёлу. Ды са здзіўленнем заўважыў ён адваротнае. І ў князя, і ў селяніна было па адной жонцы. Скасаваць шлюб мог толькі мужчына, але ён гарантаваў сваю вернасць жонцы, аддаючы яе бацькам трэцюю частку маёмасці. Замужняя жанчына не траціла сувязі з родным домам. Яна была пад двайной аховаю — і мужа, і бацькоў.
«Гэты народ саспеў для хрысціянства, — бяссоннымі начамі думаў Сіверт. — Яго трэба толькі злёгку падштурхнуць. Пад апекай святога Пятра дзікі лясны край неўзабаве зробіцца квітнеючым садам».
Галоўнай задачай ордэнаў, і Тэўтонскага, і Лівонскага, як адразу зразумеў назіральны манах, было знішчэнне жамойцкага кліна. Прусы не сёння, дык заўтра стануць даннікамі і прымуць хрысціянства або загінуць. Заставалася Жамойць. Яна перашкаджала зліцца ў адно цэлае ўладанням
Сіверта ўразіла гэта гісторыя. «Чаму нас так баяцца? — думаў ён. — Ніхто, вядома, не хоча аддаваць сваю веру і волю. Кожнаму чалавеку здаецца, што яго вера самая правільная. І браталюбы з Новагародка так думаюць, і жамойты, і прусы. Але ж сонца — адно. І неба — адно. І некалі трэба зразумець, што гэта непазбежна — адкінуць убок свайго бажка і пайсці ўслед за Хрыстом, бо толькі ён павядзе чалавека праз сінюю бездань часу».
II
Халоднай мокрай восенню, калі зашумела над усёй Прусіяй жоўтая лістота, што валілася з дрэў, Сіверт паехаў у Рыгу. Па загаду самога папы Інакенція IV ён павінен быў сустрэцца з рыжскім епіскапам Мікалаем і аб'явіць яму волю рымскага апостальскага прастола, што з гэтага часу і назаўсёды манахі-дамініканцы будуць апекаваць Лівонію, а не цыстэрцыянцы. Усе іхнія манастыры, усе малельні і святыя сасуды павінны быць аддадзены дамініканцам. Сіверта спачатку напалохаў такі загад. Ен лічыў сябе занадта дробнай птушкай, каб лётаць у высокіх сферах. Але архіепіскап Якаў паручыўся за яго перад Рымам, бо манах спадабаўся яму за час нялёгкага падарожжа ад Ліёна да Прусіі.
Разам з Сівертам паехалі ў Рыгу Морыц і Ніхто, а таксама эскорт з сотні конных капейшчыкаў.
— Калі ўдасца жывымі праскочыць Жамойць, то лічыце, святы айцец, што мы прайшлі па шаўковай нітцы, якая нацягнута над бяздонным калодзежам, — нявесела пажартаваў прыгажун Морыц.
Але Сіверт, як прыроджаны немец, быў чалавек рашучы. Галоўнае для яго было зараз — выканаць загад, і ён бадзёра накіраваўся ў дарогу.
— Мы жывём пад аховай нябёс, — сказаў ён Морыцу. — Я веру, што нам пашанцуе, сын мой, што нас напаткае ўдача, як вецер пад крыло.
Дажджавела неба, шумелі мокрыя лясы, пад коламі фур сыпкі пясок перамолваўся ў густую ліпкую гразь. У некаторых месцах даводзілася дапамагаць коням, бо ў бедных усе жылы трашчалі. Сам Сіверт выходзіў пад дождж, слабым плечуком штурхаў у халодную скураную абшыўку. Перад дарогаю манах купіў сабе вялікага пярэстага сабаку з разумнымі вачамі, якога назваў Сарацынам. Сабака сядзеў, паклаўшы галаву яму на калені, а на прывалах, калі капейшчыкі кідалі абгрызеныя косткі, хапаў іх, закопваў у зямлю.
Спачатку награбаў пясок лапамі, а потым ужо раўняў усёй мордаю. «Сваю салодкую костачку трэба заўсёды з сабой насіць, — думаў Сіверт, назіраючы за сабакам. — Хоць вочы ў цябе і разумныя, але ты дурань з дурняў. Вось зараз паедзем — і прапала твая костачка».
Як заўсёды ў дарозе, знаходзіліся людзі, што любілі і ўмелі апавядаць страшныя гісторыі. Такім аказаўся капейшчык Ганс. Быў ён, як птушынае яйка, увесь абсыпаны бледнымі вяснушкамі.
— Аднойчы прыехаў у заезны дом, што побач з нашай вёскаю, багаты купец, — расказваў Ганс. — Быў у яго цэлы мяшок срэбных дынарыяў, ну, можа, крыху менш. І ва ўсе кішэні дынарыі панасыпаны.
Да Рыгі даехалі без асаблівых прыгод. Толькі аднойчы, спыніўшыся начаваць на беразе невядомай ракі, раніцою ўбачылі ў абшыўцы фуры, у якой сядзеў Сіверт, жалезны дроцік. Пэўна, магутная рука кідала яго, бо так упіўся, што насілу выцягнулі. Ды яшчэ захварэў Ніхто. Пачаў кашляць і дзіка скрыгатаць зубамі. Манах адагнаў ад фуры капейшчыкаў і разам з Морыцам, які ведаў таямніцу Ніхто, уліваў яму ў рот гарачы адвар з высушаных траў і карэнняў. Ніхто, які неўзабаве павінен быў здзівіць усіх чысцейшай латынню, супакоіўся, заціх.
Сіверт быў расчулены, што выздаравеў Ніхто, што варожы дроцік, пушчаны д'ябальскай рукою, патрапіў толькі ў абшыўку, а мог упіцца яму, хрысціяніну Сіверту, у скронь. Ен доўга і горача маліўся, дзякаваў усявышняму і, перад тым як зноў крануцца ў дарогу, выступіў з казанню перад капейшчыкамі і Морыцам. Казань ён закончыў так:
— Хрысціянства — другое жыццё пасля смерці. Рай для добрых, пекла для злых.
Рыгу Сіверт бачыў упершыню, і гэта цвярдыня апостальскай веры на яшчэ ўчора дзікім паганскім беразе ашаламіла яго сваёй веліччу і прыгажосцю. Горда ўзнімаліся пад воблакі хрысціянскія храмы, ад аднаго выгляду якіх соладка замірала сэрца і ўдзячная сляза накочвалася на вочы. Безліч ветразяў — чырвоных, сініх, пярэстых — надзімаў свежы вецер. Як было не ўспомніць епіскапа Альберта фон Буксвагена? Гэта ягонай воляй і цярпеннем, ягоным розумам і гартам былі створаны Рыга і Лівонія. Ды даўно спіць у мармуровай труне неўтаймоўнік-епіскап, а ў доме, які пабудавалі па яго чарцяжу муляры з Готланда, жыве новы рыжскі епіскап Мікалай. Гэты, як даносілі Сіверту дасведчаныя людзі, толькі слабая цень Альберта. «Шуму ад мяне будзе не болей, чым ад мышы», — быццам бы сказаў ён бліжэйшым сваім сябрам, уздымаючы разам з імі кубак з віном. Адзіная ў яго мара — стаць з цягам часу архіепіскапам, атрымаць ад рымскага папы паліум, як сімвал поўнага свяшчэнства. Кажуць, што Мікалай спіць і нават ува сне бачыць паліум — белы ваўняны каўнер, які ўпрыгожваецца шасцю чорнымі крыжамі і надзяецца на святарскую рызу толькі ў час асабліва ўрачыстай царкоўнай службы і толькі ў сваёй епархіі. Робяць яго з воўны свяшчэннай авечкі. Паліум асвячае і ўручае сам папа як знак узвядзення ў высокі сан архіепіскапаў.
Мікалай сустрэў Сіверта з прыязнай усмешкай і з халоднымі вачамі. Але гэта не збянтэжыла манаха. За яго спіною як бы нябачна прысутнічаў папа
Інакенцій IV, што ўжо ўрачыста пераехаў з Ліёна ў Рым. Усе свяціцелі былі за Сіверта, і ён рэзкім голасам абвясціў волю апостальскага прастола. З гэтага часу на першы план у Лівоніі выходзілі дамініканцы. У Мікалая быў кіслы твар.
— Ваша каталіцкая правялебнасць епіскап рыжскі, што мне перадаць святой рымскай курыі? — строга і рашуча, як і належыць пасланцу вышэйшай улады, спытаў Сіверт.
— Мы ў Рызе выканаем волю курыі,— збялеў епіскап. — Ды славіцца гасподзь наш Ісус Хрыстос і прасвятая дзева Марыя.
Трэба было не мець вачэй, каб не ўбачыць варожасці паміж епіскапам Мікалаем і рыжскім ратам 53 і магістрам Лівонскага ордэна Андрэем Стырландам. Яны ніяк не маглі падзяліць захопленую і яшчэ не захопленую зямлю, прыбыткі з гэтай зямлі. Вялікае і нікчэмнае сплялося тут, як заўважыў Сіверт, у адзін вузел.
Замест таго каб сакрушаць паганцаў жалезным бічом, хрысціяне грызлі адзін аднаму горла.
53
Рат — вярхоўны орган гарадскога самакіравання.