Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Дзякуй табе, князь-міласнік, ад усіх нас, — у пояс пакланіўся Данілу Выкант. — За тое, што не аддаў у рукі крывапіўцу, мы твае верныя слугі да скону веку.
— Якія ж вы мне слугі? — весела ўсклікнуў хлебасольны Даніла, які быў родзічам жамойцкіх князёў.— Вы — князі, і я — князь. А князі толькі богу служаць.
Ен пляснуў у ладкі, загадаў прынесці віна, арэхаў, ігруш. Паднімаючы срэбны цяжкі кубак, сказаў:
— Самы час абкласці гэтага ненаеднага мядзведзя з усіх бакоў. Адзінаўладцам хоча стаць Міндоўг, манархам, забываючы пра астатніх княжат. Ты, брат мой Выкант, неадкладна збірайся ў дарогу, едзь да яцвягаў, у Жамойць і ў Рыгу. Яцвяжскія князі-кобнікі 54 павінны зразумець,
54
Кобнік — вядзьмак, чарадзей.
— Выб'ем! — яшчэ раз пакланіліся яму кунігасы. Пачалася вайна. Яшчэ ні разу не ішло пад аднымі сцягамі такое войска, як гэта. Сонцаварот назад кожны разумны чалавек пачаў бы плявацца, махаць рукамі і, хоць забі яго, не паверыў бы, што можа быць валынска-жамойцка-нямецкае войска, падмацаванае палавецкай конніцай. На нейкі час забыліся старыя крыўды, і хоць не паспелі загаіцца старыя раны, на іх стараліся не глядзець. Ва ўсіх на вуснах было адно: «Міндоўг».
Валынскія раці ўдарылі па Ваўкавыйску, Услоніму, Здзітаву, кіруючыся ў бок Новагародка. Жамойцкія князі павялі дружыны, палавецкіх вершнікаў і яцвяжскіх пешцаў, узброеных суліцамі, у глыб Літвы. Магістр Лівонскага ордэна Андрэй Стырланд, спальваючы па дарозе крэпасці земгалаў, якія былі саюзнікамі Міндоўга, наваліўся з поўначы на Аўкштайту. Усё было аддадзена на паток 55 . Забіралі хлеб, авёс, мёд, хмель, сена, дровы.
55
Паток — рабаванне, разбой.
— Брацці, мы стаім на парозе святла. Не шкадуйце ж сыноў цемры і сыноў жаху, — натхнёна казаў Сіверт у паходнай малітоўні-капэле, што памяшчалася ў невялікім шатры, абгароджаным вяроўкамі.
На дапамогу лівонцам Тэўтонскі ордэн прыслаў рыцарскі атрад Марціна Голіна, які праславіўся ў вайне супроць прусаў. Вось у гэтым атрадзе і быў Сіверт капеланам.
Голін, суровы сівавусы воін, закаваны ў нарманскі панцыр, сказаў перад паходам:
— Гнілое мяса трэба вырваць. Без шкадавання знішчайце паганцаў. Але памятайце — для хрысціянскага рыцара лепш памерці на баявым кані і з мячом у руцэ, чым трапіць у палон да дзікіх тубыльцаў. Будуць мучыць, будуць на агні пячы. А каго адразу не заб'юць, то ў адным хляве са свіннямі трымаць будуць, кормячы са свінячага карыта.
Гэта страшэнна ўразіла рыцараў, асабліва маладых. Са слязамі на вачах яны маліліся ў капэле, цалавалі мячы і сваіх коней, абдымаліся адзін з адным і кляліся, што, нават паміраючы, не кінуць сябра ў бядзе. Сіверт, каб ускрыліць хрысціянскія душы, загадаў вернаму Морыцу падагнаць фуру, у якой сядзеў Ніхто.
— Брацці, зараз вы пабачыце цуд, — адчуваючы, як горача пабегла па ўсіх жылах кроў, усхвалявана выгукнуў манах. — Вось гэта чалавечае дзіця, якое ніколі не ведала ні сваіх бацькоў, ні родных нябёс, якое з самага нараджэння чула толькі шум ветру, удары грому і шчабятанне птушак, прамовіць сваё першае слова. Я не сумняваюся, што зараз прагучыць імя нябеснага Усетрымацеля і Збавіцеля, бязмежная падзяка яму, і сказана ўсё гэта будзе на мове моў, на святой латыні.
Ен даў знак Морыцу. Той адшмаргнуў скураны полаг фуры, узяў на рукі Ніхто, высока ўзняў яго над натоўпам. Рыцары і збраяносцы ўбачылі бледны бясколерны твар,
Сіверт прачытаў-праспяваў малітву, узняў угору, раскрыліў рукі, крыкнуў:
— Гавары!
Усе перасталі дыхаць. Але вялікі сорам чакаў дамініканскага манаха. Ніхто разгублена лыпаў вачамі, жмурыўся ад яркага святла і маўчаў.
— Гавары! — яшчэ больш строга і патрабавальна крыкнуў Сіверт, і шчокі ягоныя паружавелі.
Толькі булькатанне, толькі нейкі змяіны свіст вырваўся з горла ў Ніхто. Ен круціў галавою, кусаў пальцы і нават не ўмеў заплакаць. Разгублены Морыц злосна ціскаў яго, гопнуў яму рукою па мяккім месцы. І ў гэты час над галовамі ва ўсіх траскуча каркнула вялізная чорная варона. Рыцары і збраяносцы як адзін узвялі на яе позіркі, і Морыц, карыстаючыся гэтым, схаваў Ніхто назад у фуру, шчыльна зашмаргнуў полаг.
Вялікая злосць успыхнула ў душы ў манаха. Якая нечуваная ганьба! Сам Марцін Голін бачыў гэту ганьбу.
— Паганская зямля адбірае мову ў дзяцей! — раз'юшана закрычаў манах і пачаў з найвялікшай лютасцю таптаць зямлю, на якой стаяў. Рыцары і збраяносцы таксама следам за капеланам білі гэту зямлю нагамі, плявалі на яе.
Потым, калі рыцары са сваімі збраяносцамі разышліся, нейкае здранцвенне скавала рукі і ногі Сіверту. Ен не мог паварушыць ні пальцам, сядзеў каменем, і горкія думкі адна цяжэй другой не давалі ўздыхнуць. Было жахлівае адчуванне, што нехта прабіў яму чэрап і хоча распаленай на агні лыжкай вычарпаць мозг. Манах палахліва абмацаў потнымі далонямі галаву. Гэта ўжо суседнічала з вар'яцтвам. «Прыснадзева Марыя, не дай мне страціць розум», — страсна маліў ён. Апошнім часам дрэнна паварочваліся справы ў Сіверта. Ягонага апекуна легата Якава адклікалі ў Рым, і хадзілі ўпартыя чуткі, што папа вельмі незадаволены легатам. Замест Якава прыехаў Альберт Суербер, які праславіўся ў Ірландыі і Францыі. Для Суербера дамініканскі манах Сіверт быў звычайнай варонай, што выпадкова заляцела на седала для паўлінаў. Такіх манахаў тысячы і тысячы, а папскі легат Альберт Суербер адзін. Магістр Лівоніі Стырланд таксама страціў цікавасць да Сіверта і не ўзяў яго ў паход з сабою, а падсунуў гарлапану Марціну Голіну. А зараз яшчэ вось гэта няўдача з Ніхто.
Манах сядзеў, абшчаперыўшы галаву рукамі. Раптам да яго данесліся нейкія ціхія ўсхліпванні. Ен абышоў фуру і наткнуўся на Морыца. Чорнавалосы прыгажун узняў заплаканы твар, і ў кожным воку манах убачыў па буйной слязе.
— Што здарылася, Морыц? — трапятліва спытаў Сіверт, адразу забыўшыся пра ўсе свае згрызоты.
— Мне цябе шкада, святы айцец, — сказаў Морыц. — Ты так стараўся, чакаў… А гэты Ніхто, гэты ўблюдак… Я заб'ю яго! — раптам крыкнуў Морыц.
Сіверт абедзвюма рукамі моцна націснуў яму на плечы, утрымаў каля сябе.
— Навошта праліваць нявінную кроў? Значыць, так трэба Хрысту, каб Ніхто маўчаў. Бацька, чада сваё любячы, б'е яго і зноў горне да сябе. Вось што я надумаў, Морыц. Як усе палягуць спаць, бяры Ніхто і адвязі яго ў Дзінамюндскі манастыр, што каля Рыгі. Я напішу абату, і ён прыме яго. І не забудзься воск у яго дастаць з вушэй. Ды я зараз сам дастану.
Манах у нейкай ліхаманцы паспешліва адшмаргнуў скураны полаг, схапіў спалоханага Ніхто за галаву, пачаў выкалупваць з бледных вушных ракавін воск. І ўсё паўтараў:
— Слухай. Слухай, як лес шуміць, як рака цячэ. Не трэба мне ад цябе латыні. Хоць пеўнем закукарэкай, абы не маўчаў. Я праклінаю той дзень, калі д'ябал падвучыў мяне пасадзіць цябе ў пячору, а потым у фуру. Гэта ўсё Фрыдрых, гэта ўсё ён, ганарлівы Гогенштаўфен. Вышэй Бога хацеў быць. А вышэй быць нельга, бо вышэй — пустата, смерць…
Сіверт раптам пачаў цалаваць рукі Ніхто. Гэта дужа абурыла Морыца.
— Што ты робіш, святы айцец! — усклікнуў ён. — За два-тры дні я завязу гэтага мурзаля ў манастыр, вярнуся назад, і паедзем мы разам заваёўваць Літву. А мурзаль, — ён лёгка пстрыкнуў Ніхто па носе, — няхай хоць на мурашынай, хоць на пчалінай мове гаворыць.