Чтение онлайн

на главную

Жанры

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Навошта ты прыехаў сюды, павук душы?!

Казлейка пакорліва схіліў галаву. Войшалк спыніўся ўпрытык з ім, сціснуў рукамі свой лоб, у пакуце заплюшчыў вочы.

— А можа, капытом ударыла Марта? — сказаў ён раптам, і вочы заблішчалі.— Ты ведаеш, павук, Марту? Бачыў яе? Яна, вядома ж, маладая, маладзейшая за тваю нябожчыцу княгіню.

Ен упаў каленьмі ў снег.

— Божа, пакарай усіх, хто хоць адным пальцам крануў яе. Разбі іх сваім гневам, як у пракаветны час разбівалі млекасосцаў аб каменне. Зрабі, каб іхнюю чорную кроў спілі п'яўкі. Няхай яны сваімі галовамі б'юцца аб кожны пень у лесе. Божа, няхай іх сажрэ гліна і гразь.

Казлейка ўважліва пазіраў на Войшалка, потым даў знак рукою сваім спадарожнікам. Яны асцярожна ўзялі княжыча пад пахі, асцярожна

пасадзілі на каня.

— Забіце Жэрнаса! — крычаў Войшалк. — Натапчыце яму чэрава жалезнымі жалудамі, каб ён лопнуў! Ты — Жэрнас! — павярнуўся ён раптам да Казлейкі.— Які ў цябе агідны лыч!

Далібор з дапамогаю літоўцаў зноў ссадзіў княжыча з каня. Войшалка паклалі на звярыную шкуру, і Далібор браў жменямі снег, студзіў яму лоб. Неўзабаве Войшалк заціх, заснуў. Так яго і павезлі ў Новагародак, соннага, прывязаўшы шкуру між двух коней.

У глыбокім смутку ехаў следам за сваім сябрам Далібор. Дужа баяўся ён, каб гарачка-агнявіца не ўзяла Войшалкаў розум, але на паўдарозе літоўскі княжыч прачнуўся, сеў у сваёй шкуры-калысцы, загадаў:

— Каня мне!

І як толькі падвялі каня, лёгка ўскочыў у сядло, моўчкі паехаў паперадзе ўсіх. Нават Далібору не сказаў ні слова.

І Міндоўгаў стан, і ўвесь Новагародак былі ў вялікай жалобе. Княгіню Ганну-Паяту, як прыроджаную хрысціянку, адпявалі па хрысціянскаму абраду. Іерэй Анісім, ва ўсім чорным, разам з усім сваім клірам спяваў святыя псалмы, хадзіў вакол дубовай труны-корсты, махаючы кадзілам. Але казалі на дзядзінцы і ў вакольным горадзе, што ўначы прыбягалі з пушчы, з глухога буралому нейкія людзі, ці то мужчыны, ці жанчыны, у кашлатай поўсці, у рознакаляровых пер'ях, і спрабавалі танцаваць вакол нябожчыцы. Ды святы пах воску і ладану не дужа напалохаў іх. Адагнаў жа іх ад труны іерэй Анісім. Ен адважна ўзняў залаты крыж і тройчы сказаў:

— Адыдзі, згінь, сатана!

Праўда гэта ці небыліца, ніхто так і не даведаўся. Сам іерэй глыбакадумна маўчаў, кашчавай загарэлай рукою гладзіў сваю пушыстую бараду.

Далібору ніяк не выпадала вока на вока сысціся з Войшалкам. Ды ён і не спрабаваў гэта рабіць, бачачы тое лютае гора, што абрынулася на сябра, бо людзі паміраюць часта, а маці памірае толькі раз.

Ганна-Паята ляжала прыгожая, нікому ўжо, акрамя бога, недасяжная.

— Свечку жыцця паляць з двух канцоў,— ціхім голасам чытаў над ёй з жоўтага старога пергамена Анісім.

Галава ў нябожчыцы княгіні была абвязана прыгожай візантыйскай кімкай — сінія птушкі на белым полі.

— Развяжыце ёй галаву! — раптам крыкнуў Войшалк. Але княжыча клапатліва адвялі ад труны, далі папіць настою з лугавой і лясной травы. Ен, прыхіліўшыся да Рамуне, плакаў. Сястра таксама плакала. Над густой сцяной літоўскага і новагародскага баярства, якое прыйшло развітацца з княгіняй, шалясцела рыданне. Міндоўг стаяў, як змрочная скала. Чорна-зялёныя вочы здаваліся падмарожанымі.

Толькі аднойчы позірк Войшалка сутыкнуўся з позіркам Далібора. Літоўскі княжыч памкнуўся наперад, нібы хацеў падбегчы да Далібора, стаць побач, але патухла раптоўная іскра, скамянеў твар, і Войшалк сказаў глухім голасам праз натоўп:

— Яшчэ не сатлелі сляды маёй маці. Там, дзе я даведаўся пра яе смерць, там, дзе мы пілі з табой нёманскую ваду, я пастаўлю некалі манастыр.

Пахавалі Ганну-Паяту, і князь Ізяслаў Васількавіч разам з усімі сваімі думцамі зноў падступіўся да Міндоўга, бо даўно ўжо прайшлі тры дні, узятыя кунігасам на роздум. Запрасілі кунігаса, запытаў іерэй Анісім ад імя новагародскага князя, новагародскага баярства і купецтва:

— Ці згодзен ты, слаўны кунігас літоўскі Міндоўг Рынгольтавіч, паслужыць сваім непераможным мячом Новагародку? Ці згодзен ты са сваёй дружынай, сваімі баярамі стаць верным саюзнікам Новагародскай зямлі? Ці згодзен ты прыняць святую праваслаўную веру? Калі ты згодзен, калі згодныя твае баяры і дружына, Новагародак прымае цябе, тваіх сямейцаў, тваю дружыну і чэлядзь на поўнае сваё кармленне, плаціць за харобрасць тваю срэбрам, хлебам, мёдам і аўсом для коней. Калі ты згодзен, усе тыя землі і народы, якія ты паваюеш сваім мячом і дружынаю, зробяцца

тваім і тваіх дзяцей здабыткам. Калі ты згодзен, Новагародак і князь Ізяслаў Васількавіч урачыста вітаюць цябе, як адзінага ўладара Літвы, і абяцаюць табе дапамогу і падтрымку ў мілай богу справе па збіранню ў моцную дзяржаву ўсіх земляў тваёй бацькаўшчыны.

На ўсе пытанні Міндоўг цвёрда адказаў згодаю, акрамя змены сваёй веры. Тут ён настойваў, каб яго не сілавалі, не змушалі, бо пасля смерці любімай жонкі княгіні Ганны-Паяты душа ягоная павінна развітвацца з ёй цэлы сонцаварот. Для такога развітання павінен быць запас спакою ў душы, а змена дзедаўскай веры — гэта заўсёды душаломства. «Мінецца сонцаварот — і я са сваімі баярамі прыму вашу праваслаўную веру», — паабяцаў кунігас.

Усе новагараджане з радасцю згадзіліся, акрамя іерэя Анісіма і баярына Тугажыла. Гэтыя двое з усёй рашучасцю і цвёрдасцю пачалі патрабаваць, каб Міндоўг неадкладна стаў праваслаўным, бо як можна трымаць у руках хрысціянскі меч, калі ў цябе душа паганца.

— Вычэкваеш, хітруеш, — пачаў выгаворваць кунігасу Анісім. — Патушы свае мярзотныя вогнішчы. Аддавай плоць нябожчыкаў зямлі, а не агню. Помні, што праз пакуты ўсе мы ідзём па жыцці.

— Чаго ты хочаш? — спакойна сказаў Міндоўг. — З дапамогай Хрыста і Пяркунаса мы сумесна заб'ём тэўтонскую свінню, якая хоча пажэрці нашы жалуды. Хіба гэта не галоўнае?

— Хрысціянская вера вучыць людзей жыць і вучыць паміраць, — з гневам гаварыў яму Анісім. — Адчуеш перад смерцю смагу духоўную і прыйдзеш у царкву, як конь да камягі 43 , але ўжо будзе позна.

43

Камяга — карыта для вадапою.

— Душалом! — крыкнуў Міндоўг і разам са сваімі баярамі пакінуў княскую святліцу, паехаў у свой стан.

— Не тыя кветкі абразаеш, святы ойча, — сказаў Анісіму незадаволены князь Ізяслаў.— Абразай калючкі, абразай гніль, але не тое, што расце і пладаносіць.

— Богаў сад адзіны, — цвёрда выгукнуў Анісім. — І адно над гэтым вечным садам сонца — Хрыстос.

Прамовіўшы такія словы, пакрыўджаны іерэй пайшоў у царкву, стаў на калені, маліўся і пранікліва глядзеў на выявы князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, што былі выкладзены каляровай смальтай на сцяне. З вялікім узрушэннем душы і светлай слязой на вачах думалася іерэю, што хуткацечны час не патушыць фарбу фрэсак.

Калі пачаўся такі закалот 44 з Міндоўгам, кінуўся князю Ізяславу Васількавічу ў ногі дружыннік Вель і расказаў, што ёсць між купцоў і некаторых баяр людзі-браталюбы, якія хочуць кунігаса Міндоўга зрабіць адзіным уладаром усёй Новагародскай зямлі і Літвы.

— А мяне куды? — адваліў ад абурэння ніжнюю губу Ізяслаў.

— Цябе, князь-бацюхна, у Свіслач, — простасардэчна адказаў Вель.

А потым пайшло-закруцілася, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках. Даносчыку быў першы бізун. Вель пляваўся крывавай слінай, крычаў, што да скону верны князю Ізяславу. Тысяцкага Раданегу знайшлі ў цёплым ложку ў абдымках прыгожай чалядніцы. Як быку, прасвідравалі яму ў носе дзірку, прасадзілі ў яе жалезнае кольца і павялі на ланцугу, падганяючы бізунамі, у церам. Браталюбаў не ўсіх удалося схапіць. У купцоў ногі лёгкія, жвавыя, і шмат хто паспеў уцячы Ў Галіч, Рыгу або ў Нальшаны да кунігаса Доўманта. Алхім надумаў схавацца дома. Залез у вялізную стовядзёрную дзежку, у якой былі зроблены два днішчы. Зверху наліта вада, і, забі, не здагадаешся, што пад гэтай вадою, між двума днішчамі, сядзіць, скруціўшыся ў клубок, Алхім. Але чмыхнуў купец У сваёй хітрай схованцы, бо пыл у нос трапіў. Рассеклі, разбілі дзежку і ўзялі Алхіма за каршэнь. Алехну, галоўнага звадыяша і крыкуна, таксама схапілі. Біць яго бізуном або прыпякаць агнём Ізяслаў забараніў.

44

Закалот — спрэчка, сварка.

Поделиться:
Популярные книги

Мастер Разума V

Кронос Александр
5. Мастер Разума
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума V

Последний из рода Демидовых

Ветров Борис
Фантастика:
детективная фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний из рода Демидовых

Любовь Носорога

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
9.11
рейтинг книги
Любовь Носорога

Авиатор: назад в СССР 12

Дорин Михаил
12. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 12

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Академия

Кондакова Анна
2. Клан Волка
Фантастика:
боевая фантастика
5.40
рейтинг книги
Академия

Изгой. Пенталогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.01
рейтинг книги
Изгой. Пенталогия

Неудержимый. Книга IX

Боярский Андрей
9. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IX

Невеста

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
8.54
рейтинг книги
Невеста

Энфис 2

Кронос Александр
2. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 2

Убийца

Бубела Олег Николаевич
3. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.26
рейтинг книги
Убийца

Лорд Системы

Токсик Саша
1. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
4.00
рейтинг книги
Лорд Системы

Делегат

Астахов Евгений Евгеньевич
6. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Делегат

Невеста напрокат

Завгородняя Анна Александровна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.20
рейтинг книги
Невеста напрокат