Жалезныя жалуды
Шрифт:
І ўважліва паглядзела на Веля.
— Княжыч прынясе срэбны і залаты бранзалет, — лоўка вывернуўся той. — Шкляны ж ён загадаў занесці мне, свайму вернаму дружынніку.
— Не вазьму, — уздыхнула Рамуне.
— Без грому нябеснага заб'еш княжыча, — нібы змахваючы слязу з вока, зажалобіўся Вель, а сам ужо хаваў бранзалет запазуху.
— Перадай княжычу, хай заўтра ўвечары сам сюды прыйдзе, — шапнула Рамуне, шмыгнуўшы назад ў святліцу.
Вель бадзёра кашлянуў у кулак, падміргнуў Гінтасу і пайшоў у адным яму вядомым кірунку. Якраз пачаўся халодны хвосткі дождж. Ужо не адзін раз клаўся на Новагародак снег,
Вель, паставіўшы на галаву карчагу, так, як робяць гэта людзі-эфіопы, і хоць трошкі прыкрыўшыся ёю ад дажджу, борздка ішоў па бліскучых лужынах. Буйнаватым носам ён уцягваў апетытныя пахі, якія з двух бакоў вуліцы ляцелі на яго, прымушаючы ўздрыгваць галодны страўнік. «Хто жыве, а хто пажывае», — думаў дружыннік, але вялікая карчага, дзе яшчэ амаль з краямі было хмельнага цёплага мёду, развейвала ягоную змрочнасць. Ды і не такі ён быў чалавек, каб дужа доўга сумаваць. Ен ішоў і мурлыкаў сабе пад нос песеньку, якую ўпершыню пачуў ад нябожчыка бацькі:
Бяруць мяне думкі-гадкі, Што чужыя жонкі гладкі.Неўзабаве ён быў у самай багатай частцы вакольнага горада, дзе жылі купцы-золатакавалі, якія ўваходзілі ў Нёманскае сто. Яны самі рабілі са срэбра, золата і каштоўных каменняў найдзівосныя рэчы і самі ж вазілі іх прадаваць. Іх ведалі Кіеў, Галіч, Полацк, Гародня 40 , Рыга. Іхнюю гаворку чулі ў Рыме і Майнцы, на Дунаі і на няблізкіх Ангельскіх астравах. Пудамі важылі яны срэбра корнае 41 . Сядзібы ў іх былі выштукаваны так, што Вель толькі языком шчоўкаў. Каля адной з такіх сядзіб, двух'яруснай, прасторнай, ён і прыпыніўся. Ніжні ярус сядзібы быў каменны, верхні — драўляны, абмазаны чырвонай і сіняй глінай.
40
Гародня — так у той час называлі Гродна.
41
Срэбра корнае — срэбра ў злітках.
Вель зняў з галавы карчагу, глынуў з яе, потым, схаваўшыся за дубовым вастраколлем, якім абкружаўся двор, прысеў на кукішкі і кугукнуў савою. Ен так лоўка падрабіў крык дзікай лясной птушкі, што не ў адной з новагараджанак пайшло ўніз, абарвалася сэрца, бо чуць саву насупраць ночы — нядобры знак для жанчыны. Крыху счакаўшы, дружыннік пракукарэкаў, а напаследак зацёхкаў салаў'ём.
Дзверы ніжняга яруса адчыніліся, і на двор выйшла Лукера, у белай ільняной кашулі, у скураным вяночку са шклянымі падвескамі. Дзяўчына асцярожна прыслухалася. Ні гуку, ні зыку не было навокал. Яна сумна ўздыхнула і толькі паставіла маленькую нагу на ганак, як зусім побач рэзка і звонка пракукавала зязюля.
— Вель, не хавайся, я цябе бачу, — вясёлым, але
Дружыннік, усміхаючыся, выйшаў са свайго сховішча, прыгарнуў да сябе дзяўчыну. Потым дастаў бранзалет, той самы, што насіў ад княжыча да Рамуне, сказаў:
— Вазьмі, Лукера! Гэта я для цябе ажно з Менска прывёз.
Лукера хуценька ўзяла падарунак, надзела яго на запясце, потым зняла і пяшчотна пацалавала.
— Чаму ты цалуеш бранзалет, а не мяне? — хітравата спытаў Вель.
— Цябе я ўжо ўчора цалавала, — адказала дзяўчына.
Дружыннік, не гаворачы ні слова, моцна пацалаваў Лукеру ў свежыя пунсовыя вусны. Яна спалохана азірнулася, але нікога нідзе не было. Тады яна дазволіла яшчэ раз пацалаваць сябе.
У гэты час прагучалі цвёрдыя ўпэўненыя крокі, і на двор зусім нечакана для Лукеры і Веля ўвайшоў чалавек. Так рэзкі пук святла ўрываецца ў цемру. Дружыннік, хоць ніколі і нідзе не трасліся ў яго калені, адчуў лёгкую млявасць. Нават самы празорца з людзей не ведае, дзе ўпадзе на галаву камень.
— Алехна! Брат! — шчасліва ўскрыкнула Лукера і павісла ў таго, хто прыйшоў, на шыі.
Тут і Вель з палёгкай уздыхнуў, бо даўно ведаў Алехну, старэйшага сына залатара Івана.
— Адкуль ты? — адразу забыўшыся пра Веля, чым страшэнна пакрыўдзіла яго, спытала Лукера.
— У Рыгу да лівонцаў абоз вадзіў,— адказаў Алехна.
Быў ён у чорным дарожным плашчы, падбітым на каўняры і на крыссі прыгожым сабаліным футрам. На галаве, не зважаючы на халадэчу, сядзела лёгкая сіняя шапачка з доўгім жураўліным пяром. Кроплі дажджу блішчалі на мяккіх светла-русых вусах.
— І ты, Вель, тут, — сказаў Алехна, зрабіўшы выгляд, што толькі зараз убачыў дружынніка.
— Ды хацеў ужо ісці, а твая сястра не адпускае, — нібы пажартаваў Вель, але вочы былі халодныя.
Пры гэтых словах Лукера зачырванелася, прыкрыла рукамі твар. Алехна ж уважліва і выпрабавальна паглядзеў на дружынніка. Не падабалася яму тая ўлада, якую, мяркуючы па ўсім, займеў над сестрыной душой гэты прыгожы гаваркі нахабнік.
Вель спакойна вытрымаў ягоны пагляд, спытаў:
— Ці праўда, што ў Рызе на высокіх будынінах немцы нарабілі седалаў?
— Не бачыў,— адказаў Алехна.
— Прыляціць ведзьма ўначы, сядзе на гэта седала, на каменную пліту, і ўжо не хочацца ёй лезці праз комін туды, дзе чалавек жыве.
— Ты быццам сам там быў,— засмяяўся Алехна.
— Не быў, але яшчэ пабываю, — упэўнена і ганарыста прамовіў дружыннік, а сам падумаў: «Рана смяешся, купечык — чортаў чалавечык».
— А пакуль не пабываў там, бяры сваю карчагу. У ёй мёду яшчэ на адзін глык засталося, — з'едліва сказаў Алехна і ўвайшоў у дом. Вель і Лукера засталіся адны.
— Злы твой браток, — зморшчыў лоб і прыкусіў губу Вель. І раптам усхвалявана схапіў Лукеру за руку.
— Пачакай, пачакай, ён сказаў, што ў Рыгу абоз вадзіў. Так?
— Сказаў,— кіўнула галавой Лукера, не здагадваючыся яшчэ, куды хіліць Вель.
— Але ж я яго ўчора бачыў там, дзе Міндоўгавы шатры стаяць. Нешта ўсё круціўся са сваімі сябрукамі каля літоўцаў. А кажа, што ў Рызе быў…
Вочы ў Веля радасна заблішчалі:
— Абоз твайго бацькі і сапраўды ўчора ў Рыгу пайшоў. І Алехну разам з ім твой бацька адправіў. А ён з паўдарогі вярнуўся. Чаму?