Жалезныя жалуды
Шрифт:
Курыла Валун ехаў на сваім гнядым кані следам за князем. Цёмныя, не прыкрытыя ні шлемам, ні аблавушкай, валасы шкуматаў вецер. Адпаліраваны да люстранога бляску кій цяжка вісеў уздоўж левага сцягна. За халявай чырвонага, добра-такі растаптанага, бота горда тырчала касцяная лыжка. Гэта лыжка мела доўгую жалезную ручку, у якой Курыла прасвідраваў дзірку, каб пры патрэбе можна было павесіць сваё адзінае багацце на крук або гвозд.
Побач з Курылам Валуном ехаў меднік Бачыла. Шчокі ў медніка былі ружовыя. Яго аж распірала ад ганарлівасці — гэта ж ён, а не хто іншы, знайшоў і прывёў у княжую дружыну славутага асілка. У паходзе меднік як бы апекаваў Курылу Валуна. Калі надараўся прывал, борзда скочваўся з каня, бег у бліжэйшы лес, валачыў адтуль сушняк і распальваў вогнішча.
— Ты, Валунок,
Крэсіва ў медніка было важнецкае, з фігурнай бронзавай ручкай у выглядзе дзвюх кіпцюрастых драпежных птушак, якія клявалі чалавечую галаву.
— Сам зрабіў,— хваліўся кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму меднік.
Так і ехала гэта тройца: паперадзе маўклівы заклапочаны князь, ззаду Курыла Валун і Бачыла.
Вельмі розныя, непадобныя былі яны знешне, але той, каму б удалося хоць на міг пранікнуць у іхнія думкі, здзівіўся б, бо думалі яны пра адно і тое ж — пра жанчыну, вядома, кожны пра сваю. Бачыла ўспамінаў жонку, якая з дзецьмі засталася ў Новагародку. «Птушаняткі вы мае шэранькія», — звычайна казаў ён жонцы і дзецям. Далібор пакутліва думаў пра Рамуне. З таго самага часу, калі жаніўся ён на ваўкавыйскай князёўне, калі нарадзіла яна яму сына, не аднойчы спрабаваў Далібор забыць светлавалосую літоўку, дзікаватыя чорна-зялёныя вочы, гнуткую звабную паставу, ды нічога не атрымлівалася. Як прырасла яна да душы. Ен разумеў, што грэх яму, сямейніку, нават у думках трымаць чыстую, не аблагоджаную мужчынам дзяўчыну, але зноў і зноў трызнілася Рамуне. Нездарма гавораць людзі: «Каюся, ды за тое ж хапаюся». Курыла Валун, незварушна седзячы на кані, прыгадваў дужа прыгожую незнаёмку, якую напаткаў учора на дзядзінцы Новагародка. У яе былі вельмі сумныя вочы і заплаканы аж сіняваты твар. Поруч з ёю ішоў княжы дружыннік, таксама надзіва прыгожы, час ад часу нахіляўся да вузкага дзявочага пляча, нешта шаптаў, прыжмурваючы бліскучыя прагныя вочы, у маленькае ружовае ад халоднага ветру вушка. Курыла Валун, сам не разумеючы чаму, адразу ж неўзлюбіў дружынніка. Захацелася неяк зачапіць яго, паджучыць, раззлаваць, каб потым можна было ляснуць цераз увесь лоб жалезным кіем. Ды ўсмешлівы дружыннік нават не зірнуў на Курылу Валуна.
— Хто гэта? — спытаў, уколаты такой няўвагаю, Курыла ў захутанай ва ўсё чорнае бабулькі, адной з тых бабулек, якія ведаюць і помняць усё.
— Вель, княжы дружыннік, — прашамкала тая пустым сухім ротам. — А з ім залатарова дачка Лукера.
— А чаму Лукера такая невясёлая?
— Сам у яе спытай, — з нечаканай злосцю адказала старая, але адразу памякчэла, згледзеўшы разгубленасць і пакору на твары ў маладога асілка. — Брата яе ў княжай вязніцы 71 трымаюць.
71
Вязніца — турма, цямніца.
І, пэўна, знайшоўшы свежыя вушы, якія маглі цярпліва і бясконца слухаць, расказала Курылу Валуну пра залатара Івана, пра Алехну і браталюбаў, пра пакуты, што цярпелі і церпяць яны з-за нечай чорнай здрады. Курыла ўважліва лавіў кожнае слова. Як вогненныя зярняты, падалі словы ў душу і прарасталі вялікай шкадобай да прыгажуні-дзяўчыны, для якой лепшыя сокі лепшых пладоў горкія, бо ўжо не першы сонцаварот не бачыць у цямніцы сонца родны брат.
— Я дапамагу ёй! — узрушана выгукнуў Курыла Валун.
— У яе ўжо ёсць памагаты, — унікліва сказала старая, цыўкнуўшы вачамі на дружынніка Веля.
Успомніўшы гэтыя словы, Курыла Валун цяжка ўздыхнуў і крутнуўся ў сядле.
— Што з табою? — адразу ж запытаў Бачыла.
Ен ужо ўсіх і самога сябе прызвычаіў да думкі, што з'яўляецца апекуном маладога асілка. Варта было Курылу кашлянуць, ад'ехаць трохі ўбок ад княжай раці, як Бачыла, нібы трохвокі змей, быў побач, пільна пазіраў у твар. Такая залішняя клапатлівасць пачала раздражняць, і Курыла Валун суха адказаў:
— Са мной усё добра, катляр.
Ен наўмысна назваў Бачылу не меднікам, а катляром, хоць ведаў, што таму не падабаецца такі назоў. Не раз разгарачаны Бачыла тлумачыў усім жадаючым: «Я — меднік.
Пачуўшы слова «катляр», Бачыла пакрыўджана адкапыліў губу і ўжо да самай Варуты ехаў моўчкі. Гэта каштавала яму вялікай крыві. Так ужо быў зачаты ён бацькам і мацеркай — хоць выкінь з рота язык, не мог доўга маўчаць.
Варута шумела, як устрывожаная борць. Кунігасы і баяры з Летувы, а таксама з Дзялтувы, Дайнавы, Нальшы збегліся разам са сваімі людзьмі пад ахову яе сцен. Кажухі і сярмягі запоўнілі ўвесь горад. Людзей было так шмат, што толькі кунігасы і самыя мнагаімныя баяры начавалі ў цёплых будовах. Астатнія клаліся спаць на вуліцы пад адкрытым небам. Вазы стаялі ўпрытык адзін да аднаго.
Міндоўг з вялікай радасцю сустрэў Далібора і ваяводу Хвала з дружынай. У знак асаблівай прыязнасці ваўкавыйскаму князю паслалі спаць у кунігасавым нумасе. Цьмяна гарэла свечка. Начныя мятлушкі бязладна мітусіліся над полымем. Далібор, падклаўшы рукі пад галаву, ляжаў на звярыных шкурах, а ў вачах быў пярэсты кругабег чалавечых твараў. Колькі людзей убачыў ён сёння! Зрушаныя з месца бядой, з усіх канцоў новай дзяржавы прыйшлі, прыехалі, прыбеглі яны ў Варуту, каб стаць пад Міндоўгаў сцяг. Можа, ужо заўтра ўдараць у катлы і ў сурмы, абвяшчаючы бой, і пальецца кроў на халодную зямлю. І ён, Далібор, і ягоныя дружыннікі, і Курыла Валун з меднікам Бачылам, і ваявода Хвал з новагараджанамі падставяць грудзі пад варожае смяротнае жалеза. У гэтае чалавечае мора ўліліся ўсе яны шырокай бурлівай ракой. «Хто ж мы? — узіраючыся ў густую цемру, думаў Далібор. — Новагараджане? Русіны? Русічы? Руснакі? Ліцвіны? Хто мы? Які назоў дадуць нам нашчадкі? Наша зямля не стойбішча здзічэлых вятроў і не прытулак восеньскіх нудотных хмар. Наша зямля — гарады і весі над Нёмнам, Ясельдай і Шчарай. Для чаго нарадзіліся мы і народзяцца нашы ўнукі? Сваёй жывой крывёй харчаваць іншыя народы ці, шануючы плуг і меч, жыць па прадзедаўскіх законах на прадзедаўскай зямлі?»
Такія думкі не ўпершыню прыходзілі да ваўкавыйскага князя. Усё часцей неадчэпна ўспамінаўся яму вяшчун Валасач, хітры і надзвычай разумны калека. Дзе ён зараз? Ляжыць чорным прысакам у зямлі або сядзіць, як і сядзеў, пад святым дубам? Даўно хочацца з'едзіць да яго, ды ніяк не выпадае ў гэтай штодзённай мітульзе. Пякуча ўрэзаліся ў памяць вешчуновы словы: «Памятай, што жыццё — пастаянная здрада. Вечар здраджвае раніцы, стары чалавек здраджвае самому сабе, таму, які калісьці быў маленькім». Жыццё — пастаянная здрада… Есць праўда ў гэтых словах, хоць спачатку і цяжка змірыцца з ёю. Але ці здрадзіў ён, Далібор, сваёй зямлі, калі разам з дружынай, разам з новагародскім і ваўкавыйскім баярствам падтрымаў варуцкага кунігаса Міндоўга, а потым аддаў веліка-княскі трон яму і ягонаму сыну Войшалку? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі змоўчаў, калі не крануў мяча, бачачы, як роднага бацьку выпраўляюць з Новагародка ўдзельным князем у глухую Свіслач? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі сам, хоць некаторыя і падбухторвалі, не ўсчаў крывавую грызню за новагародскі трон? Нялёгкія, балючыя думкі…
Важна тое, што сёння ён — ваўкавыйскі князь, правая рука князя Войшалка. Вельмі важна тое, што з Нёмна, прадзедаўскай ракі, не напіўся вады татарскі конь, абпырсканы крывёю растаптаных і пасечаных кіеўскіх вояў. Новагародак і Літва, моцна ўзяўшыся за рукі, спынілі дзікага каня. На Галіцка-Валынскай Русі па загаду напышлівых татарскіх баскакаў пачынаюць ужо сваімі рукамі бурыць у сваіх гарадах брамы і скопваць абарончыя валы. Валы ж Новагародка, Ваўкавыйска і іншых прынёманскіх гарадоў стаяць непарушна.
Не спалася. Далібор выйшаў з нумаса пад халоднае начное неба. Дзьмуў парывісты вецер. З густой цемры ляпіла махрыстым белым снегам. Варута, не зважаючы на глыбокую ноч, не патушыла вогнішчаў. Каля аднаго з іх ваўкавыйскі князь між іншых галасоў пачуў галасы сваіх людзей. Гэта былі Курыла Валун і Бачыла.
— Люблю Нёман, — весела казаў Бачыла, — красоцце, а не рака…
— Нават болей жонкі любіш? — спыталі ў яго.
— Ну і язык у цябе, чалавеча, — засмяяўся меднік. — Як памяло… Але, слухай не слухай, люблю Нёман. Прыгожая рака, багатая. Рыбу шапкай чэрпай.