Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Для цябе рабіў усё, для тваёй моцы і славы, — ціха выдыхнуў Казлейка. — Мы сустрэліся з манахам Сівертам, духоўнікам княгіні Марты, і адначасова голас нябесны пачулі. І казаў гэты голас з нябёсаў, што смерць пагражае і дзяржаве, і табе, вялікі кунігас, і сынам тваім. А каб адолець немінучую смерць і разарэнне, трэба зрабіць такое, чаго яшчэ ніхто не рабіў. Трэба прынесці нечуваную на нашай зямлі ахвяру. «Якую? — пачалі думаць мы. — Спаліць чалавека або каня? Забіць раба ці рабыню? Ссекчы святое дрэва?» Рабілася ўжо ўсё гэта раней, бачылі такое багі і нябёсы.
— Але пры чым тут манах-нямчын? — рэзка перапыніў
— Я веру Хрысту, як верыш яму і ты, вялікі кароль, — сціпла ўставіў сваё слова Сіверт. — Памятаеш, як хрысцілі цябе ў Новагародку? Сышлося столькі народу, што епіскап са сваім клірам вымушаны быў чыніць святое набажэнства за гарадскім валам, у чыстым полі.
Міндоўг люта пекануў па ім чорна-зялёнымі вачамі, але стрымаўся, загадаў Казлейку:
— Гавары.
— Я надумаў тады прынесці ў ахвяру сябе самога, — стоячы на каленях, зноў пачаў спавядацца Казлейка. — Але што маё нікчэмнае жыццё? Каму яно патрэбна? Багам? Ці я ўзыду на ахвярнае вогнішча, ці кінуць туды пазалеташнюю сухую сцяблінку — адно і тое ж. Калі б я ведаў, што мая смерць — яшчэ адзін дыямент у тваю карону, я з радасцю згараў бы кожны дзень.
Ен усхліпнуў. Светлай слязою залілося вока.
— Гавары, — не адрываў ад яго позірку Міндоўг.
— Думалі мы з манахам Сівертам і так, і гэтак. А вайна ўжо грукалася ў варуцкую браму. І хоць розум мой маленькі, з камарову лытку, усе ночы не спаў я і думаў, думаў… Ахвяра павінна была быць нечуванай і нечаканай. Самым святым, свяцейшым за жыццё, трэба было ахвяраваць. І нарэшце я надумаўся. Я адразу ж пайшоў да манаха, хоць вісела над Варутаю глухая ноч, і, баючыся, што кожнае імгненне можа ўдарыць у мой кашчунны рот нябеснай стралой Пяркунас, расказаў яму ўсё. Мы вырашылі на міг, толькі на кароткі міг прытушыць Зніч. Такое, як мне было вядома, яшчэ ніколі не рабілася на нашай зямлі. Пакуль святы агонь не гарэў, манах тройчы прачытаў малітву, прасіў хрысціянскага бога, каб ён даў табе поўную і канчатковую перамогу над ворагамі тваімі.
— Але я вымушаны ўзяць за такое нечуванае святатацтва жыццё ў цябе і ў нямчына, — сурова прамовіў Міндоўг.
— Бяры. Маё жыццё належыць табе, — хуценька сказаў Казлейка і дадаў: — Пяро сагнулася б ад жалю, каб хто мог апісаць тое, што мы нацярпеліся ў гэту ноч.
— А ты чаго маўчыш? — спытаў кунігас у Сіверта. — І навошта ты, чужаземец, улез у такое? Няўжо ў княгіні Марты было нясмачнае піва?
Манах з годнасцю паглядзеў на кунігаса, сказаў:
— Папа, беручы цябе і тваю дзяржаву пад сваю апеку, хацеў, каб ты і твой народ былі хрышчаныя і жылі вольна. Ен быў упэўнены, што каралеўская карона ўзвысіць Літву між суседзямі.
Такія непалахлівыя словы спадабаліся кунігасу. Але ён гнеўна зламаў цёмнае густое брыво, са злосцю выдыхнуў:
— Дык і мячы тэўтонцаў і лівонцаў, што п'юць нашу кроў, таксама, як і маю карону, асвяціў папа. Хіба думаюць людзі пра мурашак і чарвякоў, пра тое, як ім жывецца? Мы для Рыма — чарвякі і мурашкі.
— Не, — смела адказаў дамініканец.
У гэты час цэлая бура чалавечых галасоў пачулася знадворку. Нешта затрашчала і зазвінела. Спалоханы Лінгевін прачыніў дзверы.
— Што там? — злосна спытаў Міндоўг.
— Вайдэлоткі прывялі народ. Аднаго майго чалавека раздзёрлі на шматкі. Сам бачыў, як шпурнулі на зямлю руку…
— Зніч! — ляцела знадварку. — Зніч!
Казлейка пабялеў, з адчаем глядзеў на кунігаса.
Сіверт, заплюшчыўшы вочы, шаптаў малітву.
— Хацеў па лязе мяча прайсці, вось і пройдзеш, — суха сказаў Казлейку Міндоўг.
— За цябе гіну, вялікі кунігас, — аддана прамовіў той. Крыкі вакол нумаса ўзмацніліся. Здавалася, яшчэ трошкі — і рухнуць сцены. Міндоўг стаяў з апушчанай галавой, нібы нахіліў галаву насустрач ветру.
— Вялікі кунігас, дазволь вока на вока сказаць табе адно слова, — папрасіў Казлейка.
— Скажы.
Яны адышліся за велізарную цёмна-рыжую тураву шкуру, што звісала з-пад самай столі, хвалямі кладучыся на падлогу. На нейкі час дамініканец застаўся адзін. Ен напружана прыслухоўваўся да дзікіх крыкаў, якімі поўнілася ноч. На буйным, нібы конскім, твары беглі блуклівыя цені. Было такое ўражанне, што ён адначасна плача і смяецца. Частае сіплаватае дыханне вырывалася з ноздраў, парослых жорсткімі кусцістымі валасамі, прычым правая наздрына была большай за левую. Але правільна кажуць людзі: «Перад смерцю не надыхаешся». І таму Сіверт стараўся заспакоіць дыханне, заганяў яго ўглыб, а сам няспынна хрысціўся.
З-за полага выйшлі Міндоўг з Казлейкам. І адразу ж зноў прачыніў дзверы, уваткнуў у святліцу галаву Лінгевін, чакаючы слоў, якія скажа кунігас.
— Аб'яві ўсім, што заўтра Казлейка і нямчын памруць на ахвярным вогнішчы, — цвёрдым голасам прамовіў кунігас.
Лінгевін згодна кіўнуў галавой і не ўтрымаўся — радасць успыхнула ў вачах.
— Наглыкаўся нашай крыві і слёз, — жорстка выгукнуў ён Казлейку.
Потым грымнуў дзвярыма і ўжо там, на вуліцы, нешта закрычаў раз'юшанаму натоўпу.
— Вось і ўсё, — ціха сказаў сам сабе Сіверт. — Я заўсёды помніў, што вяршыня — апошні крок перад спускам.
На ноч іх зачынілі ў халоднай каморы, дзе агідна пахла мышамі і павуціннем. Праз свіны пузыр, якім было зацягнута малюсенькае акенца, манах убачыў раптам поўню, нават не поўню, а тупое мёртвае святло ад яе. Падумалася, што зараз яна плыве і над Ліёнам і над Рымам, толькі больш яркая, больш вясёлая. Сіверт гаротна ўздыхнуў, абшчапіў далонямі лоб. Вельмі не хацелася паміраць. Ен, вядома ж, быў упэўнены, што адразу з дыму і пякучых іскраў паганскага вогнішча патрапіць у рай, але была нейкая незразумелая грахоўная шкадоба да свайго цела, якога ўжо заўтра не будзе. Нездарма апостал Павел сказаў: «Не ўсякая плоць такая ж плоць, але розная плоць у чалавекаў, розная ў скаціны».
Перад самым сном іх накармілі. Ахоўнік прынёс хлеба са смажаным мясам і па кубку халоднай, аж калола ў зубах, вады. Казлейка за ўвесь гэты час не вымавіў ні слова, не дакрануўся да ежы. Клубком ляжаў на падлозе каля сцяны і, здавалася, спаў. Сіверт жа паеў, папіў вады, сказаў пранікнёным голасам, падбадзёрваючы Казлейку:
— Мацуйся вераю, мой брат па смяротнай пакуце. Ен хацеў гаварыць далей, бо ласкавае слова і косць ломіць, але з цемры нечакана пачулася лёгкае храпенне. «Дзікун! Паганец! — аж узвілося ўсё ў душы ў манаха. — Перад самай смерцю спіць як дубовае палена!»