Жалезныя жалуды
Шрифт:
Манах укленчыў каля таго, хто назваў сябе чалавекам, бо толькі тручы дрэва аб дрэва можна здабыць агонь, бо толькі ідучы да жывога чалавека можна захаваць пачуцці і розум у бязмоўі цямніцы. Нельга было вызначыць з першага позірку, якога ўзросту нявольнік. Ды Сіверт і не раздумваў пра гэта.
— Хто ты? — спытаў ён.
— Алехна, сын Іванаў. Новагародскі купец, — адказаў таварыш па бядзе, цяжка варочаючы языком. Пэўна, у магільнай цішыні адвык ад жывой мовы. Быў ён змарнелы, худы, празрысты з твару, бо якое ж аб'едства ў цямніцы.
— Я чуў пра цябе, — паклаў яму руку на плячо Сіверт. Плячо было лёгкае, бязважкае, як птушынае пёрка.
Вочы ў Алехны здзіўлена
— Мы не сустракаліся з табой на крыжавых дарогах, — холадна прамовіў ён. Пэўна, адразу ж падумаў, што Сіверта падсадзілі сюды, каб яшчэ нешта выведаць. Але даўно ўсё ўжо сказана, выцягнута з душы і цела распаленымі абцугамі.
Дамініканец адвярнуў крысо плашча, дастаў з патаемнай кішэні сваю запаветную скрыначку, а з яе — жалезны жолуд. Паклаўшы жолуд на далонь, паднёс яго амаль да самых купцовых вачэй. Спытаў:
— Есць у цябе такі?
Алехна не скеміў спачатку, што гэта такое. А калі ўгледзеў, калі зразумеў, адхіснуўся ад Сіверта, а потым зірнуў на яго з агідай і нянавісцю. Тут немагата жыць, ліпець на белым свеце, а нейкі прыхадзень, толькі падсуседзіўшыся, пачынае сыпаць соль на раны.
— Што табе трэба ад мяне? — глуха прамовіў Алехна. — Калі ты выведнік, калі за дзвярыма цямніцы цябе чакаюць мае мучыцелі, то скажы ім, што я хачу памерці. Сам накласці на сябе рукі я баюся і не ўмею, але я дужа хачу, каб яны прыйшлі, хоць зараз, і накінулі чорны мяшок на галаву. Скажы ім, каб хутчэй забілі мяне.
Сіверт лагодным голасам пачаў расказваць купцу пра сябе, пра тое, як сустрэў у Лівоніі браталюба Панкрата, як той перад самым кананнем адкрыў яму таямніцу жалезных жалудоў і аддаў свой жолуд, бо не браць жа яго з сабой у магілу. Здалося, што Алехна паверыў. Сплыла з вачэй нянавісць.
— Гаварыў мне Панкрат, — казаў далей Сіверт, — што ты быў самы мудры між усіх, самы справядлівы.
— Будзь сціплы, — перапыніў манаха Алехна. — Вока не бачыць само сябе.
— Але гэта і сапраўды так, бо Панкрат не мог хлусіць на парозе смерці. Толькі вось што дужа мяне здзіўляе, купец. Ты і твае аднамыснікі хацелі, каб у Новагародку пачаў княжыць Міндоўг. Прыйшоў у Новагародак Міндоўг, зараз на стальцы сядзіць сын яго Войшалк, а ты як гніў у падзямеллі пры Ізяславе, так і сёння гніеш.
— Не хлусіш, нямчын? — Алехна аж ускочыў на ногі.
— Клянуся Хрыстом, — пранікнёна пазіраючы яму ў вочы, прамовіў Сіверт.
З глухім стогнам браталюб рухнуў на падлогу.
— Міндоўг і Войшалк забыліся пра мяне! Яны ў Новагародку, а я — у падзямеллі!
У вялікім адчаі ён укусіў сябе за руку.
— А мы ж для іх узаралі першую баразну. Мы ўсё рабілі для таго, каб іхняе зерне ўзышло на новагародскай зямлі. І вось якая плата.
Алехна, угнуўшы галаву ў плечы, пачаў біць па каменнай сцяне кулакамі. Рукі разбіваліся ў кроў, а ён не адчуваў болю. Ледзь здолеў Сіверт утаймаваць браталюба. Часам дамініканцу здавалася, што той звар'яцеў.
— Не трэба было мне гаварыць табе пра такое, — гарачліва ўпікнуў сябе Сіверт, калі Алехна, стаміўшыся, лёг каля сцяны, нібы куль саломы. — Але ж я думаў, што ты ўсё ведаеш. Клянуся табе — як толькі выйду з цямніцы, выйдзеш і ты, бо князь Войшалк будзе ведаць аб усім. Сядзець жа мне тут два-тры дні, не болей. Астыне князь і адразу загадае выпусціць мяне. Пачынаецца вайна, і як Войшалк ні дзярэ нос, не абысціся яму без Міндоўга, а я Міндоўгаў пасол.
Усё адбылося так, як меркаваў манах. Праз дзень яго выпусцілі з падзямелля. Войшалк і Глеб Ваўкавыйскі, седзячы на войскіх конях, чакалі Сіверта каля ўвахода ў цямніцу. Калі ён выйшаў нарэшце на сонечнае святло і стаў,
67
Калугер — манах.
— Шчасце будзе вам, князі! Толькі што бачыў я ў небе два сонцы і якраз над вашымі галовамі. Як німбы залатыя былі тыя сонцы. Ведайце — усміхнецца вам Хрыстос.
Войшалк і Далібор перазірнуліся між сабою. А Сіверт натхнёна блішчаў вачамі. Успомнілася яму, як цяжка і няпроста заваёўваў ён любоў імператара Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Суровы быў спачатку Фрыдрых, не дапускаў манаха не толькі да сваёй душы, але і да рукі сваёй. І вось, ідучы ў замак да свайго ўладара, Сіверт узяў двух легканогіх і дужа лютых хартоў. А якраз у полі мышкавала бесклапотная ліса.
Сіверт непрыкметна спусціў хартоў са шворкі, яны з усіх ног памчаліся за лісой, схапілі яе. Манах пабег за імі, вызваліў з іхніх зубоў і кіпцюроў лісу і ўрачыста панёс, жывую і непашкоджаную, да імператара. «Глядзі, уладар, які падарунак я табе падрыхтаваў», — ціхмяна і пакорліва сказаў Фрыдрыху. «Як жа ты змог яе злавіць?» — здзівіўся Фрыдрых, сам заўзяты паляўнічы. Сіверт схіліў галаву і, пакляўшыся здароўем свайго сеньёра, пачаў расказваць: «Я ехаў да цябе верхам на кані, убачыў гэту лісу і адразу падумаў, як цудоўна ўпрыгожыць яна твой паходны плашч. Ударыўшы каня шпорамі, я панёсся за ёй. Але дзе там! Яна ляцела як вецер, і мой конь пачаў адставаць. Тады я ўзняў рукі да неба і стаў заклінаць: «У імя ўладара майго імператара Фрыдрыха спыніся і не паварушыся!» І яна ў той жа міг застыла як укопаная. Я злез з каня, узваліў лісу на плячо, нібы авечку, і прынёс да цябе ў замак». З таго дня Сіверт зрабіўся ўлюбёнцам славутага імператара, сядзеў з ім за адным сталом, піў віно з аднаго посуду. Галоўнае ў малачасным зямным жыцці — заваяваць любоў моцных.
Вось і зараз манах, малітоўна склаўшы рукі, глядзеў паверх княжых галоў, і яму бачыліся два яркія сонцы. Можа, таму, што з цемры выйшаў, замільгацела, запярэсціла ўваччу, можа, страсна хацеў убачыць, але сонцы былі налітыя агнём і чырванню, іскрыстыя, звонкагарачыя.
— Хрыстос усміхнецца вам, — натхнёна паўтарыў Сіверт.
Яго ўрачыста павялі ў церам. На дзядзінцы і ў вакольным горадзе Новагародка збіраліся, між тым, гуртаваліся вялікія войскія сілы. Манах бачыў тысячы моцных плячыстых рыцараў, якіх тут называюць воямі. Яны былі ў вастраверхіх шлемах і бліскучых кальчугах, з чырвонымі шчытамі, з дзідамі, сякерамі і мячамі.
Увесь час падыходзілі новыя атрады з Ваўкавыйска, Здзітава, Услоніма, Вавярэска, з іншых блізкіх і далёкіх гарадоў і весяў.
— Піняне прыйшлі! — раптам узрадавана крыкнуў Войшалк. — Князі Фёдар, Дзямід і Юрый!
Ен, забыўшыся пра Сіверта, кінуўся да пінскіх князёў, кожнага абняў і пацалаваў. Далібор таксама пацалаваўся з пінянамі. Былі яны ўсе чорнавалосыя, з надзіва сінімі на загарэлых тварах вачамі. Старэйшы між іх Дзямід сказаў, разгладзіўшы тонкія чорныя вусы:
— Хацеў нас князь Даніла Галіцкі забраць пад сваю руку, але мы не даліся, павялі дружыны сюды, бо заўжды верныя Новагародку.