Злая зорка
Шрифт:
Але воск пахне i жыццём, радасцю, полем, кветкамі, звонам пчол, сонцам, ветрыкам. Гэта яе ратавала праз усё жыццё — што ў душы яе жыла паэзія, i ёй, нярэдка з пакутамі, з трудом, удавалася змрочныя думкі, уяўленні адціснуць светлымі, радаснымі, прадчуванне бяды — прадчуваннем шчасця. I тут яна зрабіла намаганні i — з магільнай ямы ўзнялася на светлую зямлю. Памог пах воску? Не, смех дзяцей. Ірына i Глеб смяяліся ў цёмных сенцах. Яны прыйшлі запрасіць маці мыцца: лазня гатова. Мыюцца ў «чысты чацвер». У суботу хіба купаюць малых дзяцей. Але ім трэба змыць пыл дарогі, больш небяспечнай, чым ваенная. Дык хіба яна
Пакуль яны мыліся, Вольга Андрэеўна шукала ў свацці велікодныя прысмакі. Знайшла не ў халадзільніку — у гарачай яшчэ печы. Накрыла стол.
Ірына i Глеб вярнуліся чырвоныя, разамлелыя ад пары i вады. Шчаслівыя, нягледзячы ні на што. Маладосць! I Вольга Андрэеўна парадавалася, гледзячы на ix. Знала, што яны галодныя, але збянтэжана папрасіла, паказваючы на стол:
— Пачакаем Вялікадня, дзеці.
Дзіўна: ix, маладых, кранула гэта. Ці проста ім хацелася гульні, маленькага спектакля? Не, Глеба нечаканая матчына набожнасць настроіла на гэткую ж сур’ёзнасць. Шмат якія эпізоды сваёй чарнобыльскай эпапеі ён расказваў з гумарам, каб пераканаць маці i Ірыну, што жылі інжынеры i рабочыя весела, без страху, бо асаблівай небяспекі няма на ix рабоце; забываўся на прызнанне, што працавалі яны ўсяго па адной гадзіне. А тут успомніў яшчэ адзін эпізод.
— A ў нас там дзівак адзін ёсць. Фізік, а чытае Біблію. Дык ён вычытаў. Ты паслухай, я запісаў,— дастаў з кішэні пінжака блакноцік, прачытаў: — «Трэці Анёл пратрубіў, i ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла падобна свяцільніку, i пала на трэцюю частку рэк i на крыніцы вод. Імя той зорцы — палын…» Разумеет сэнс? Чарнобыль — палын. Дык вось… «і трэцяя частка вод зрабілася палыном, i многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкія». Праўду казалі старыя: у Бібліі можна знайсці прароцтвы на ўсе выпадкі жыцця. Хітрая кніга!
Расказаў i пашкадаваў, бо вясёлая, калі палілі лазню i мыліся, Ірына зрабілася сур’ёзная, задумлівая. Хадзіла па хаце са свечкай, як шукала чагось. I знайшла…
З вялікіх рэчаў бацькі забралі толькі тэлевізар i лепшае адзенне. Халадзільнік пакінулі. I ўсё іншае. Увесь транспарт быў кінуты на вываз калгаснага дабра.
У шафе, дзе засталося горшае адзенне, знайшла Ірына магнітафон «Вясна», Тамарын, які тая купіла за грошы, заробленыя на зборы вінаграду ў Малдавіі. Ірына з трывогай падумала: як жа паспешліва збіраліся бацькі, калі нават на такую рэч забыліся.
Успомніла, што выдумшчыца Тамара рыхтавала сюрпрыз — велікодны, хацела здзівіць i маці i старых бабуль, якія наўрад ці чулі такую музыку, хіба толькі тыя, хто ездзіў у Кіеў на богаслужэнне ва Уладзімірскі сабор. Сапраўды, у магнітафоне стаяла касета з рахманінаўскім «Всенощным бцением».
Маці вярнулася, калі час блізіўся да поўначы. I калі стрэлкі на насценным гадзінніку — i яго не забралі! — сышліся ў вертыкалі, Ірына націснула клавішу магнітафона, які паставіла на лаўку за сталом. I хату напоўніла дзівосная музыка — шматгалосы магутны хор выконваў «Приидите, поклонимся».
Вольга Андрэеўна спачатку спалохалася, твар яе, пачырванелы ў лазні, спалатнеў. Што гэта? Адкуль? Як з неба. Яна не разбірала словы. Але музыка… Хіба не бажэсцвенная? Музыка — усе тыя яе думкі, што пасля ліхаманкавага віхру выстраіліся вось тут за сталом,
Магчыма, Глебу стала ніякавата за маці — за такую яе чуласць. Ён наблізіўся да яе, вінавата паклікаў:
— Мама…
— Не трэба, Глеб, — сказала Ірына.
I яны доўга стаялі, як у храме, i слухалі «Благослови, душе моя», «Свете тихий», «Богородице дева, радуйся». У асобных месцах выразна гучэлі словы:
Богородице дева, радуйся, Благодатная Мария, Господь с тобою. Благословена ты в женах, И благословен Плод чрева твоего, Яко Спаса родила, яко Спаса родила… ………………………………….. Воскресение Христово видевши, Поклонимся Святому Господу Иисусу, Единому безгрешному.VI
У Мінску, як i ў Кіеве, як ва ўсіх гарадах паміж гэтымі сталіцамі, людзі жылі аварыяй. Размовы толькi пра яе — на рабоце, у метро, трамваях, тралейбусах. Афіцыйная інфармацыя была вельмі скупая, i натуральна, што хадзілі самыя розныя чуткі, неверагодныя. На Камароўскім рынку да створанага дазіметрычнага пункта стаяла даўжэзная чарга. Такія ж чэргі выцягваліся ў нямногіх паліклініках, дзе паставілі радыяцыйна-вымяральныя прыборы. Кожны, хто прыязджаў у горад, лічыў неабходным праверыць сябе, адзенне, абутак.
Ва ўрадавым дачным пасёлку каля кожнага катэджа былі добра ўгледжаныя грады з клубніцамі, цыбуляй, салатай. Нават у самага высокага начальства. Жонкі ix — пажылыя, былыя сялянкі, не адарваліся яшчэ зусім ад зямлі. Ды i ўсе, акрамя маладых, што ганялі мячы, круцілі педалі i займаліся каханнем, былі медыцынскі адукаваныя — разумелі карыснасць фізічнай працы. А дзе яшчэ можна папрацаваць фізічна пасля доўгага сядзення ў кабінеце, як не на ўласным гародзе! Пасаджаны на натуральным угнаенні, паліты i праполаты ўласнымі рукамі, гурочак i на зубах хрумсціць смачней. Асалода ад яго большая. I небяспека меншая — без нітратаў.
Жонка аднаго кіраўніка, найлепшая з гаспадынь, у якой да мая выраслі пад плёнкай цыбуля i радыска, занепакоеная, што ў тыя слякотный дні цяплічкі был i адкрытыя, занесла гародніну для праверкі ў спецпаліклініку, дзе чэргі не збіраліся. Закусь «засвяціла». У пасёлку пачаўся перапалох. Устрывожыліся не толькі жонкі. Адважыліся далажыць Лявонцію Мікалаевічу. Ён тут жа даў даручэнне вучоным праверыць. Мартынюк паслаў маладых хлопцаў. Рабілі яны сумленна, але не стрымаліся ад спакусы трохі папалохаць начальства. Лічбы спалохалі i самога Лявонція, які да таго ўжо трохі адукаваў сябе па часці радыяцыі. I меліся ўжо рэкамендацыі вучоных аб метадах дэзактывацыі глебы. Самы просты i эфектыўны: зняць верхні пласт i насыпаць новы, такім чынам можна нават палепшыць урадлівасць поля. Зусім проста! Як чалавецтва не дадумалася да гэтага раней?! Але дачныя грады — не сотні тысяч гектараў. Па тры-чатыры сотачкі на сям’ю — глупства.