80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
«Вось ліха на яго! — падумаў я. — Кіт, які валодае сілай цэлага кавалерыйскага палка, павінен быць не абы якім кітом».
Ноч мінула ў напружаным чаканні і ў падрыхтоўцы да бою. Кіталоўныя снасці былі выкладзены на палубе ўдоўж бартоў. Другі памочнік капітана загадаў зарадзіць гарпунныя гарматы, якія кідаюць гарпуны на цэлую мілю, і карабіны, страляючыя разрыўнымі кулямі, якія раняць насмерць самых буйных жывёл.
Нэд Лэнд задаволіўся тым, што навастрыў гарпун — страшную зброю ў яго руках.
А шостай гадзіне заняўся золак.
Я ўзлез на першую перакладзіну бізані. Некалькі афіцэраў палезлі яшчэ вышэй, да самага верха мачты.
А восьмай гадзіне туман паплыў над хвалямі і клоччамі павольна стаў уздымацца ўгару. Гарызонт праясніўся і адначасова пашырыўся.
Раптам, як і напярэдадні, пачуўся голас Нэда Лэнда.
— Гэтая штука з наветранага боку за кармою! — крычаў гарпуншчык.
Усе вочы накіраваліся ў паказаным кірунку.
Там, за паўтары мілі ад фрэгата, доўгае чорнае цела выступала прыблізна на метр з вады. За яго хвастом, як відаць, хутка рухаючымся, мора бурліла і хвалявалася. Ніводная вядомая жывёла не магла біць ваду з такою сілаю. Агромністы след белай пены, выгінаючыся па крывой, адзначаў шлях жывёлы.
Фрэгат накіраваўся да кітападобнага. Я вывучаў яго з усёй увагаю. Рапарты «Ханаана» і «Гельвецыі» некалькі перавялічвалі яго — памеры. Я вызначыў яго даўжыню ўсяго ў дзвесце пяцьдзесят футаў. Аб таўшчыні яго цяжка было што-небудзь казаць, але ў мяне стваралася ўражанне, што жывёла мае добрыя прапорцыі ва ўсіх трох вымярэннях.
У той час як я назіраў за гэтаю жывёлаю, з яе ноздраў вырваліся два слупы вады і ўзняліся на сорак метраў угару. Гэта дало мне разуменне аб спосабе яе дыхання. Я канчаткова прышоў да вывада, што жывёла належыць да раздзела хрыбетных, класа сысуновых, падкласа аднаўтробных, групы рыбавідных, атрада кітападобных, сям’і… Гэтага я яшчэ не ведаў. Атрад кітападобных мае тры сям’і: кітоў, кашалотаў і дэльфінаў. Да гэтага апошняга належаць і нарвалы. Кожная з гэтых сем’яў падзяляецца на мноства падсем’яў, тыя — на роды, роды — на віды. Від, род, сям’я, падсям’я — пра гэта я яшчэ нічога не мог сказаць, але я не сумняваўся, што хутка, дзякуючы майстэрству Нэд Лэнда і вопытнасці капітана Фарагута, атрымаю і гэтыя даныя.
Каманда з нецярплівасцю чакала загадаў свайго начальніка. Капітан, паглядзеўшы ўважліва на жывёлу, загадаў пазваць інжынера.
Той хутка з’явіўся.
— Пара разведзена? — спытаў у яго капітан.
— Так, капітан, — адказаў інжынер.
— Добра. Паддайце агню і дайце поўны ход.
Трайное «ура» сустрэла гэты загад.
Час барацьбы надышоў.
Праз некалькі хвілін абедзве трубы фрэгата пачалі пускаць патокі чорнага дыму, і палуба задрыжэла дробнаю дрыготаю ад клёкату вады ў катлах.
Магутны вінт «Аўраама Лінкальна» рушыў фрэгат да жывёлы. Яна спакойна дазволіла наблізіцца да сябе на поўкабельтова. Потым, не хаваючыся ў ваду, ціха паплыла далей, захоўваючы ранейшую дыстанцыю ад фрэгата.
Праследванне прадаўжалася каля трох чвэртак гадзіны, але за гэты час фрэгату не ўдалося выйграць ніводнага фута. Ясна было, што пры такой хуткасці немагчыма было дагнаць жывёлу.
Капітан Фарагут з ярасцю скубаў сваю густую бараду.
— Нэд Лэнд! — крыкнуў ён.
Канадзец падышоў.
— Ну, спадар спецыяліст, — звярнуўся да яго капітан, — ці параіце вы мне і цяпер спусціць на ваду шлюпкі?
— Не, — адказаў гарпуншчык. — Гэтую жывёлу ўдасца паймаць толькі тады, калі яна сама дасца ў рукі.
— Што-ж рабіць?
— Павялічыць ціск пары, калі гэта магчыма. Я-ж, з вашага дазволу, змяшчуся на насу, і калі мы падыйдзем да яго дастаткова блізка, я яго загарпуню.
— Станавіцеся, Нэд, — сказаў капітан. І па перамоўнай трубе крыкнуў інжынеру: — Узняць ціск пары!
Нэд Лэнд адправіўся на свой пост. Печы былі загружаны новай порцыяй вугалю, і вінт пачаў даваць сорак тры абароты ў хвіліну. Кінуты ў ваду лаг паказаў, што «Аўраам Лінкальн» рухаецца з хуткасцю восемнаццаці з паловай міль у гадзіну. Але праклятая жывёліна таксама пачала рабіць па восемнаццаць з паловаю міль у гадзіну.
Зноў на працягу гадзіны фрэгат ішоў з гэтаю хуткасцю, не выграўшы ніводнага сантыметра адлегласці. Гэта была ганьба для самага быстраходнага судна амерыканскага флота. Шаленства клекатала ў грудзях усяе каманды. Матросы люта лаялі страшыдла, але яно пагардліва маўчала. Капітан Фарагут ужо не скуб сваю бараду, а кусаў яе.
Інжынера зноў паклікалі на мосцік.
— Ці давялі вы ціск пары да канца? — спытаў капітан.
— Так, — адказаў інжынер.
— Да колькіх атмасфер?
— Да шасці з паловаю.
— Давесці ціск да дзесяці атмасфер!
Гэта быў чыста амерыканскі загад. Лепш не мог сказаць капітан парахода на Місісіпі, імкнучыся абагнаць канкурэнта.
— Кансель, — сказаў я свайму слаўнаму слузе, які стаяў поплеч — ці ведаеш ты, што мы напэўна, узарвёмся?
— Як пажадае гаспадар, — адказаў Кансель.
Прызнаюся, мне нават спадабалася рызыкоўная смеласць капітана.
Качагары зноў засыпалі вугаль на каласнікі. Вентылятары нагняталі патокі паветра ў топкі. Ціск пары ўзмацніўся. «Аўраам Лінкальн» пайшоў хутчэй. Мачты яго дрыжэлі да самых асноў, і віхры дыма ледзь прарываліся вон праз вузкія адтуліны труб.
Другі раз быў кінуты лаг.
— Колькі? — крыкнуў капітан.
— Дзевятнаццаць і тры дзясятых, капітан.
— Яшчэ ўзняць ціск!
Інжынер паслухаўся. Стрэлка манометра паказала дзесяць атмасфер. Але і страшыдла, мабыць, «развіло пару» без ніякага прыкметнага напружання яно таксама плыло цяпер з хуткасцю дзевятнаццаці і трох дзясятых міль у гадзіну.