80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— Ух, чорт! — ускрыкнуў Нэд.
— Такім чынам, дарагі таварыш, калі хрыбетная жывёла ў некалькі сот метраў даўжыні можа існаваць у падобных глыбінях, дык мільён квадратных сантыметраў яго паверхні знаходзяцца пад ціскам у многа мільярдаў кіламетраў. Падумайце цяпер, якую мускульную сілу павінны мець гэтыя жывёлы, і якое супраціўленне павінна быць у іх арганізмах, каб без ніякай шкоды вытрымлівала гэты ціск!
— Падобна на тое, што яны павінны быць абшыты васьмідзюймовым ліставым жалезам, як браняносцы, — сказаў канадзец.
— Правільна, Нэд! Падумайце цяпер,
— Так… сапраўды… — няўпэўнена мармытаў канадзец, здзіўлены гэтымі разлікамі, але яшчэ не жадаючы здавацца.
— Што-ж, пераканаў я вас?
— Вы пераканалі мяне ў адным, спадар прафесар, што калі такія жывёлы сапраўды існуюць у глыбінях акіяна, дык яны павінны быць дужа моцнымі.
— Ах вы, упарты гэтакі! Ды калі яны не існуюць, то як вы вытлумачыце выпадак з «Шатландыяй»?
— Можа… — нерашуча пачаў Нэд.
— Ды кажыце-ж!
— Можа… такога выпадку і не было! — выпаліў канадзец.
Але гэты адказ сведчыў толькі аб упартасці гарпуншчыка і больш ні аб чым. У гэты дзень я больш не намагаўся яго пераконваць. Выпадак з «Шатландыяй» быў зусім бясспрэчны. Прабоіна была да таго рэальнай, што яе прыйшлося зашываць; я думаю, цяжка знайсці больш пераканальны довад яе існавання. Не выклікала ніякіх сумненняў і тое, што гэтая прабоіна не магла ўзнікнуць сама. а як зусім не дапускалася нават думка аб сутычцы з падводным камнем або рыфам, то неабходна было прызнаць існаванне страшнага зуба марской жывёлы.
Я асабіста, выходзячы з усіх вышэйвыказаных меркаванняў, адносіў гэтую жывёлу да аддзела хрыбетных, класа сысуновых, падкласа рыбавідных і атрада кітападобных. Што тычыцца сям’і, да якой яе належала аднесці — кітоў, кашалотаў ці дэльфінаў — падсям’і і, нарэшце, віду, то на гэтае пытанне магла адказаць толькі будучыня.
Каб вырашыць гэтае пытанне, трэба было ўскрыць невядомае страшыдла; а каб ускрыць, неабходна было спачатку яго злавіць; каб злавіць, трэба было загарпуніць яго; — гэта тычылася Нэда Лэнда; каб загарпуніць, патрэбна было яго ўгледзець, — гэта справа ўсёй каманды; каб угледзець, трэба было сустрэць яго, — а гэта ўжо была справа выпадку.
Раздзел пяты
Пагоня наўздагад
Першыя дні плавання «Аўраама Лінкальна» не былі адзначаны ніякімі здарэннямі. Толькі аднойчы была падзея, выставіўшая ў самым выгадным святле выключнае майстэрства Нэда Лэнда і давёўшая, што на яго бясспрэчна можна спадзявацца.
Каля Фальклэндскіх астравоў 30 чэрвеня «Аўраам Лінкальн» сустрэў амерыканскае кіталоўнае судна «Манроэ». Каманда яго нічога не чула пра нарвала. Але капітан «Манроэ», даведаўшыся, што на барту «Аўраама Лінкальна» знаходзіцца вядомы Нэд Лэнд, папрасіў яго дапамагчы ў паляванні на высачанага кіта. Капітан Фарагут, якому хацелася паглядзець на работу Нэда Лэнда, дазволіў гарпуншчыку перайсці на борт «Манроэ».
Канадцу пашанцавала і замест аднаго кіта ён загарпуніў двух: першага ён забіў на месцы, усадзіўшы яму гарпун у сэрца, а другога — пасля некалькіх хвілін праследвання.
Калі страшыдла апынецца калі-небудзь у межах, дзе дастане гарпун Нэда Лэнда, я буду дужа здзіўлены, калі яму ўдасца ўцячы цэлым!
Фрэгат прадаўжаў з вялікаю хуткасцю плысці ўдоўж паўднёва-ўсходняга берагу Амерыкі. 3 ліпеня мы падышлі да мыса Дзеў ля ўваходу ў Магеланаву пратоку.
Але капітан Фарагут прайшоў міма гэтай пакручастай пратокі і ўзяў курс на мыс Горн.
Усе адзінадушна ўхвалілі гэтае рашэнне. Сапраўды, наўрад ці можна было сустрэць нарвала ў гэтай вузкай пратоцы.
Многія матросы былі перакананыя, што страшыдла «залішне тоўстае, каб прайсці праз Магеланаву пратоку».
Каля трох гадзін пасля поўдня, 6 ліпеня, «Аўраам Лінкальн» абагнуў той адзінокі астравок, тую скалу, што загубілася ў самым канцы амерыканскага кантынента, якую галандскія маракі ахрысцілі мысам Горн у імя свайго роднага горада. Фрэгат узяў курс на паўночны захад, і вінт яго пачаў пеніць воды Ціхага акіяна.
— Глядзі, прыглядайся, глядзі! — у адзін голас казалі матросы «Аўраама Лінкальна».
І яны сапраўды глядзелі, як толькі маглі! Аслепленыя зданню двух тысяч долараў, людзі не адрывалі вачэй ад паверхні акіяна. Ноччу і ўдзень вочы і біноклі не мелі ні секунды спакою. Нікталопы — людзі, здольныя бачыць па начах так ясна, як у дзень, — мелі на пяцьдзесят процантаў больш шансаў атрымаць прэмію, чым людзі з звычайным зрокам.
Хоць прэмія ніколі не спакушала мяне, але і я таксама ўпарта гадзінамі ўглядаўся ў ваду. Абмяжоўваючы свой сон трыма-чатырма гадзінамі ў суткі, трацячы на яду лічаныя хвіліны, я ўвесь астатні час стаяў на палубе, не гледзячы ні на якое надвор’е.
То перагнуўшыся праз борт носа, то абапіраючыся на борт кармы, я прагна ўглядаўся ў аднолькавыя пеністыя грабяні хваляў, што прасціраліся ва ўсе бакі, як толькі можна ахапіць вокам. Як часта, разам з усёй камандай, я перажываў хвіліны бурнага хвалявання, калі на гарызонце паказвалася чорная спіна кіта! Увесь экіпаж адразу высыпаў на палубу. З люкаў вырываліся патокі матросаў і афіцэраў. Кожны, цяжка дыхаючы, напружваючы зрок да болю, сачыў за рухамі кіта. І я глядзеў, глядзеў да таго часу, пакуль усё не пачынала блытацца ў вачах.
Флегматычны Кансель у такіх выпадках спакойна гаварыў мне:
— Гаспадар бачыў-бы куды лепш, каб менш углядаўся!
Але хваляванне было дарэмнае. «Аўраам Лінкальн» падыходзіў бліжэй да меркаванага ворага і, пераканаўшыся, што гэта самы звычайны кашалот, або кіт, зноў лажыўся на ранейшы курс, абсыпаючы тысячамі праклёнаў ні ў чым не вінаватую жывёліну.
Надвор’е ўвесь час стаяла добрае, і наша плаванне праходзіла ў найлепшых умовах, не гледзячы на тое, што ліпень у паўднёвым паўшар’і адпавядае студзеню ў паўночным, і на яго прыпадае самы разгар дажджлівага сезону. Тым не менш мора было спакойнае і бачнасць была выдатная.