Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Вы спыталiся потым у пана Луi, што гэта за чалавек?
– Канечне. Ён адказаў, што на лаўках якiх толькi тыпаў не сустрэнеш i што яму цiкава пагаманiць з незвычайнымi людзьмi.
– Вам хацелася прыйсцi на пахаванне?
– Я пабаялася. Праз дзень-два схаджу да яго на магiлу...
Развiтаўшыся з панi Машэр, Мэгрэ паехаў адразу дахаты, сказаўшы шафёру, каб той забраў яго праз гадзiну.
За абедам жонка прыглядалася да Мэгрэ пiльней як зазвычай.
– Што з табою?
– нарэшце спыталася яна.
–
– Не ведаю... Нешта ты на сябе не падобны...
– А на каго ж тады?
– На каго хочаш, толькi не на Мэгрэ.
Камiсар засмяяўся. I праўда, апошнiм часам ён столькi думаў пра гэтага нябогу Луi Турэ, што непрыкметна для сябе пачаў нават трымаць сябе так, як мог бы трымаць сябе нябожчык. Нават выраз твару, мiмiка ў яго змянiлiся.
– Змянi гарнiтур, - прапанавала жонка.
– Навошта? Усё роўна змокну.
I ўсё ж камiсар паслухаўся жонку...
Прыехаўшы ў камiсарыят, Мэгрэ зайшоў у аддзел нораваў.
– Ты ведаеш такую Марыету, цi Мары Жыбон?
– спытаўся ён у iнспектара. Не?.. Будзь ласкавы, правер па картатэцы.
– Маладая?
– Гадоў пяцьдзесят.
Iнспектар узяў скрыначку з пажаўцелымi i запыленымi карткамi. Доўга шукаць не прыйшлося.
– Нарадзiлася ў Сэн-Мало, у картатэцы ўжо адзiнаццаць гадоў. Тры арышты. Усе да вайны*. Два - за абкраданне клiента.
* Аповесць напiсана ў 1952 годзе.
– Сядзела?
– Адпусцiлi. За адсутнасцю доказаў.
– Што яшчэ?
– Чакайце. Пагляджу ў другой скрынi...
Iмя яе траплялася яшчэ на некалькiх картках, але ўсе яны былi даваенныя.
– Да вайны была масажысткаю ў салоне на вулiцы Марцiр. Жыла з нейкiм Наталi, асуджаным за забойства. Я згадваю гэтую справу. Iх было трое. Яны забiлi хлопца з iншай банды каля тытунёвай будкi на вулiцы Фантэн. Так i не ўдалося разабрацца, хто парнуў нажом. Вось i далi ўсiм траiм па дзесяць гадоў.
– Гэты Наталi цяпер на волi?
– Памёр.
Гэтыя факты нiчога не давалi Мэгрэ, адно пацвярджалi ягоныя здагадкi адносна мiнулага панi Жыбон.
– А чым яна цяпер займаецца?
– спытаўся камiсар.
– Не ведаю. Можа, памерла.
– Не, жывая яшчэ.
– Значыцца, завязала. Вярнулася, можа, на радзiму i прыкiнулася там самавiтай дамаю.
– Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. I здае мэблiраваныя пакоi на вулiцы Ангулем. Неафiцыйна. I, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкi.
Iнспектар зацiкавiўся.
– Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.
– Мы б ведалi, - запэўнiў iнспектар.
– Паназiрайце, галубкi, за гэтым домам. Можа, суседзi што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.
– Зробiм усё як след.
Прыйшоўшы ў свой кабiнет, Мэгрэ не паспеў i сесцi, як увайшоў Люка.
– Што новага?
– Па тэлефоне яна не званiла нiкому. Але сёння
– Чым гэты пляменнiк займаецца?
– Студэнт. Працуе рассыльным у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.
– Цiкава... Дык, значыцца, цётка выклiкала палiцыю?
– Яна патэлефанавала нам, i я адразу паслаў Леруа ў кнiгарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.
– Жарыс - ягоны сябра?
– Так. Жарыс папрасiў у яго прытулку.
– З якой прычыны?
– Ён нiбыта пасварыўся з бацькамi, а бацька ў яго такi жорсткi, што нават забiць можа.
– I колькi гэта ён пражыў пад ложкам?
– Адзiн дзень i адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсi, так ён расказваў сябру. Я папярэдзiў усе пасты. Вiдаць, зноў бадзяецца.
– Грошы ў яго ёсць?
– Гэты хлопец не ведае.
– Вакзальныя пасты напагатове?
– Вядома.
Цiкава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувiзi? Удава з дачкою i з сёстрамi са шваграмi, напэўна, паабедалi i разважаюць цяпер наконт будучынi панi Турэ i Монiкi...
Швагры, глытнуўшы па кiлiшку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях i паляць цыгары. I ўдаве, бадай, чарачку паднеслi - каб узняць тонус.
Цi згадваюць яны нябожчыка? Наўрад цi. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылi ж, мусiць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Цi ўцямiлi хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самi яны так зневажалi?..
Камiсару хацелася б апынуцца цяпер там, асаблiва ж - убачыць Монiку i шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..
I выклiкаць яе афiцыйна ў палiцыю няварта было яшчэ.
Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монiкi Турэ.
– Скажыце, калi ласка, панна Турэ сёння на працы?
– Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?
Мэгрэ павесiў слухаўку.
– Сантонi тут?
– Не бачыў з самае ранiцы.
– Пакiнь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькi яна прыйдзе ў сваю кантору, i прывёў да мяне. I каб зрабiў гэта далiкатна!
– Прывёў сюды?
– Але, да мяне ў бюро.
– Што яшчэ?
– Больш нiчога! Дайце папрацаваць.
Сыты ён ужо сёння па горла i Луi Турэ, i ягонай сям'ёю, i ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кiнуў бы зараз жа ўсе свае справы i пайшоў бы ў кiно.