Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:
Цяпер яна ўжо вiдавочна завагалася, але ўсё-такi сказала праўду:
– Альбэр знайшоў ягоны пакой.
– Высачыў?
– Высачыў. Мы ўсё гадалi, як гэта бацька так добра зарабляе. I вырашылi дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымi фiнансавымi аперацыямi.
– А чаму гэта так вас цiкавiла?
– Ён павiнен быў шмат зарабляць.
– Вы разлiчвалi, што ён дасць вам грошай?
– Толькi на аплату парахода ў Амерыку.
– А вы разумееце, як гэта называецца?..
– Я лiчу, што гэта натуральна, калi бацька...
– Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...
– Толькi тры днi.
– I што ён выявiў?
– А вы што-небудзь таксама выявiлi?
– Я ў вас пытаюся.
– Па-першае, ён выявiў, што бацька здымае пакой у доме на вулiцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся нiякiм страхаваннем, а бавiў час пераважна на лаўках у скверах Вялiкiх бульвараў. Па-трэцяе...
– Што - па-трэцяе?..
– Што бацька мае каханку.
– I як вы да гэтага паставiлiся, да трэцяга?
– Я думала, што яна прыгожая i маладая. А яна была зусiм не лепшая за мацi, нават падобная на яе.
– Вы яе бачылi?
– Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракалiся.
– На вулiцы Сэнт-Антуан?
– Ага. У кавярне. Я прайшла мiма нiбыта выпадкова i толькi зiрнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з мацi.
– А потым вы пайшлi на вулiцу Ангулем?
– Потым туды.
– I бацька даў вам грошы?
– Даў.
– Вы пагражалi яму, што выдадзiце мацi?
– Не. Я проста сказала, што згубiла канверт з укладамi клiентаў i што, калi я iх не знайду, мяне выганяць з працы i нават аддадуць пад суд.
– Як ён павёў сябе з вамi?
– Ён саромеўся. Я заўважыла на столiку фатаграфiю, узяла яе i спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцiнства, якую ён выпадкова сустрэў.
– Вам не здаецца, што вы...
– абурана пачаў Мэгрэ.
– Не. Не здаецца. Я змагаюся, - перапынiла яна.
– З кiм?
– З усiм светам. Я не хачу скончыць, як мацi, у затхлым жабрацкiм доме.
– Альбэр таксама заходзiў да вашага бацькi?
– Я пра гэта нiчога не ведаю.
– Вы, мiлая мая, манiце.
Яна ўгледзелася ў камiсара, потым апусцiла галаву ў знак згоды.
– Чаму вы, калi гаворка заходзiць пра Альбэра, хлусiце?
– Таму, што з тае пары, як забiлi бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чынiць непрыемнасцi.
– А вы ведаеце, што ён паспеў знiкнуць?
– Ён мне званiў.
– Калi?
– Перад тым, як знiк. Два днi назад.
– Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?
– Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.
– Чаму?
– Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.
–
– Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.
– Але ён не паслухаўся?
– Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.
– А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?
– А навошта яму было яго забiваць?
Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.
– Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.
– А калi б бацька адмовiўся?
– Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...
– Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?
– Не.
– Альбэр таксама не?
– Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.
– Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.
– Яна заўсёды гэта рабiла.
– Чаму?
– Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.
– Напэўна, ён казаў праўду.
– Але мацi не паверыла.
– Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?
– Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.
– На версе шафы?
– А вы адкуль гэта ведаеце?
– А вы?
– Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.
– I шмат?
– Вялiкi пачак.
– Альбэр пра гэта ведаў?
– Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.
– Адкуль такая ўпэўненасць?
– Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.
– Вы, прабачце, жывяце з iм?
Яна пацiснула плячыма.
– Няўжо вы думаеце, што ў наш час...
– Дзе вы сустракаецеся?
– А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?