Літоўскі воўк
Шрифт:
— А што зараз думаеш рабіць? — прамовіла Аксана, не хаваючы свайго расчаравання.
— Страшная сіла — расейцы, — працягваў сваё Людовік. — Што нашыя паляўнічыя стрэльбачкі супраць іхніх ружжаў. І гэта яшчэ ў лесе ваявалі, а каб дзе ў чыстым полі, ды супраць гармат?
— Дык вы ж… мужчыны.
— Ну, скажы яшчэ, што голымі рукамі падушыла б іх… Тут варта ўжыць іншыя спосабы…
Вочы ў Людовіка гарэлі. Было зразумела, што склаўшы рукі ён сядзець не будзе.
4. Першая
Партызанскай акцыі не задоўжыліся чакаць. Літаральна праз пару дзён па лініі паштовага тракту Пінск — Мазыр невядомыя напалі на канвойны абоз, які гнаў этапам з Царства Польскага палонных паўстанцаў ці арыштаваных варшаўскіх падпольшчыкаў.
Налёт не зусім каб удаўся: на выручку канвою паспяшаўся конны раз'езд жандараў пад кіраўніцтвам капітана Фогеля. Жандары кучнымі залпамі рассеялі нападнікаў, дапамаглі вярнуць уцекачоў, якія і хадзіць добра не маглі, не тое што разбягацца. Хто і ўцёк, схаваўся ў лазу, у багну, праз дзень-другі вылезлі, абгрызеныя машкарэчай, каб самахоць здацца ўладам.
Фогель ламаў галаву: хто арганізаваў напад? З камунікатаў ён ведаў, што ў ваколіцах залётных бандаў наўрад ці было. Тутэйшыя сяляне, большасцю праваслаўныя, у сімпатыях да польскага закалату не былі заўважаны. Наадварот, знайшліся і памочнікі, якія лавілі «польскіх бандытаў» па лесе з тых, каму ўдалося ўцячы. Шляхта, асабліва шарачковая, не вызначалася мяцежніцтвам. Але ж знайшоўся нехта, відаць, з апалячанай шляхты, хто адважыўся пагуляць у Гарыбальдзі. Напад на канвой быў мясцовай самадзейнасцю, капітан жандармерыі не сумняваўся.
Фогель выклікаў спраўніка, прыстава. Яны лепей ведаюць тутэйшых. Пагаварылі пра кожнага з памешчыкаў, пра іх дзяцей. Правялі адпаведнае следства з сялянамі. І гэта дало нечаканы вынік. Знайшоўся адзін, які мог пацвердзіць удзел у збройным нападзе, як мінімум, аднаго чалавека.
Фогель намысліў, што язву трэба выразаць, і выразаць з коранем. Запрасіў і атрымаў адпаведную падтрымку — пяхотную роту рэгулярнага расейскага войска, якая спынілася на пастой у Манкевічах.
Не прайшло і тыдня пасля нападу, як да сядзібы пана Бароўскага скрытна, тройкамі, пяцёркамі падышлі жаўнеры. Фогель з некалькімі сваімі падначаленымі, таксама са спраўнікам у якасці цывільнага следчага і селянінам-сведкам паехалі дарогай не хаваючыся.
Стаяла гарачыня, задуха. У спякотным мроіве плавілася паветра, аблокі высіліся вычапурыстымі слупамі. Мясцовасць абапал дарогі выглядала бязлюднай, цішыня рэзала вушы. Там-сям пракідаліся стажэчкі «майскага», яшчэ незрудзелага сена з пачарнелым лісцем маладога шчаўюху.
Селянін, які ішоў пешшу, ледзь паспяваў за коннымі. Вязнуў у сыпкім дарожным пяску ў скураных перасохлых поршнях, абутых «дзеля людзей» — у такую пагоду ён хадзіў босы, і раз ад разу бажыўся, што Людовіка Бароўскага пазнае і за вярсту,
Гойдаліся на конях гадзіны дзве, пакуль урэшце паказалася доўгая драўляная будыніна пад умшэлай і пазелянелай гонтай, акружаная старымі каржакаватымі ліпамі. Людзей, панскіх работнікаў, нідзе не відаць. І дом Бароўскага, і фальварак выглядалі запушчанымі.
Бароўскі, а менавіта да яго сядзібы і выехалі следчыя, выскачыў насустрач нечаканым гасцям без шапкі, у незашпіленай камізэльцы.
— Рады бачыць высокія персоны на маім забытым Богам хутары… — разгублена загаварыў, вінавата пасміхаўся.
— Мы не ў госці, па справе, пане Бароўскі, — таксама вінаватым, але цвёрдым голасам праказаў спраўнік. — І па справе не зусім вясёлай.
— Што здарылася, панове? — па-жаночаму ўспляснуў рукамі Бароўскі.
— Пэўна, вы ведаеце, што робіцца ў суседніх губернях, — сказаў спраўнік. — Бунт паспяхова падаўляецца. Самыя адчайныя галовы, я маю на ўвазе Серакоўскага…
— Серакоўскі?! — усклікнуў гаспадар. У вачах ягоных мільганула трывога.
— Ён павешаны, не турбуйцеся… Дык вось. Вы чулі пра збройны напад… — сказаў спраўнік.
Бароўскі подняў бровы, забожкаў.
— Ёсць звесткі, што ваш сын Людовік… — спраўнік змоўк, каб падшукаць больш далікатныя словы. — Быў сярод… грабежнікаў.
— Сярод польскіх бандытаў, — удакладніў Фогель і зняў з блакітнага кіцеля смяцінку.
Бароўскі збялеў. Рукі перасталі зашпільваць камізэльку. Урэшце апанаваўся.
— Панове, вы што, панове, выбачайце, блёкату аб'еліся? Я скардзіцца буду, губернатару…
— Пане Бароўскі, — спакойна сказаў Фогель. — Па-першае, выбірайце словы. Перад вамі афіцэр. А па-другое, вашага сына там бачылі.
— Гэта няпраўда. Мой сын ніколі… — заабураўся Бароўскі, але жандар абарваў яго:
— Перастаньце. Ёсць сведка.
Фогель паказаў нагайкай на селяніна, які стаяў з кучомкай у руках і глядзеў убок. У селяніне Бароўскі пазнаў старасту тутэйшай царквы Максіма Дзеркача.
— Хто мог падумаць, што каталікі могуць схавацца ў праваслаўнай царкве? Гэты чалавек — стараста той царквы, кцітар. Ён іх і хаваў. Але… пачуццё вернападданасці перамагло. Нам належыць бачыць вашага сына, пане Бароўскі.
— Гэта не ўласціва майму сыну — нападаць на дзяржаўныя канвоі… — разгублена мармытаў гаспадар маёнтачка.
— У сувязі з нападам на канвой мушу ўчыніць дазнанне вашага сына, — дзелавіта заявіў спраўнік.
— Яго… няма дома. Паехаў… Паехаў у Пінск… — замітусіўся пан Бароўскі, але па вачах, позірк якіх хаваў, адчувалася, што ён гаворыць няпраўду.
Фогель неўпрыкмет кіўнуў спраўніку: маўляў, паглядзі, што з панам Бароўскім зрабілася — пабялеў; рукі, каб не трэсліся, адну за камізэльку засунуў, другой увішна расціраў твар. Ясна, што сын Бароўскага Людовік удома, і справа часу, каб яго арыштаваць. Без гвалту, далікатна.