Літоўскі воўк
Шрифт:
— А скажыце, — прымружыўся Бароўскі, — як па-нямецку будзе шчыгол? Не ведаеце? Дык я вам напомню, калі забыліся на нямецкую мову, — Stigliz. Гучыць амаль аднолькава. Германія даволі далёка ад расейскіх губерняў. Або, скажам, у рускіх, расейцаў значыць, ёсць птушка варакушка, а ў нас яна называецца кралька, або бохаўка.
— Варакэшка? — здзіўлена прамовіў жандар.
— Варбкушка, — паправіў націск Бароўскі. — Яны, праўда, рэдка сустракаюцца… А птушка разумная, бадзёрая, спявае цэлы дзень. А ўзяць славак? — Бароўскі зрабіў энергічны жэст. — Яны ў нас і валасянкамі называюцца, і таксама завірушкамі. У расейцаў завірушкай называюць іншую птушку… Цікава, што птушаняты валасянак не вытрымліваюць
— Гм, — падаў гук жандар. — А як яна спявае?
— Ды чулі вы яе песню. Пераліўчатая, спачатку ціхая, а скончваецца гучным каленам. Валасянкі пераймаюць салаўя, ды так, што можна зблытаць. Валасянка спявае нават у дождж. Цікава, панове, за імі назіраць. Ці ведаеце вы, што пакуль самка не выбрала месца пад гняздо, самец будуе пробныя. Сядзіць такі спявак у недабудаваным гняздзечку і свішча.
Рыпнулі дзверы, увайшла Лёдзя, дзяўчына, што называецца, кроў з малаком. Хіба што босая. Трымала нагружаны рознакалібернымі бутэлькамі спод, значна большы, чым той, на якім прынёс каву гаспадар.
Дзяўчына крыху апусціла вочы, капітан Фогель зашчыпаў вусікі.
— Я, панове, вялікі аматар птушак. Гэта маё хобі. Прашу, панове, адведаць наліўкі, — прапанаваў Бароўскі.
Фогель з запытаннем зірнуў на спраўніка, той ледзь заўважна хітнуў галавой, маўляў, можна, чаго там саромецца.
Лёдзя выставіла на стол бутэлькі і чаркі, загадкава і з выклікам зірнула на капітана і выйшла.
— Вось, панове, рэкамендую смародзінавую… — Гаспадар спрытна наліў па малюсенькіх чарачках наліўкі. — Дарэчы, панове, сярод валасянак ёсць таксама смародзінкі. Так іх і называюць. Ведаеце, панове, птушаняты гэтага віду птушак любяць сядзець на галінах шчыльна адно каля аднаго. Выгляд дружнай сямейкі сярод прасветленай на сонцы лістоты ёсць надзвычай мілае відовішча, панове…
Пан Бароўскі перапыніў сваю гаворку, уважліва прасачыў, як госці выпілі.
— Панове, яшчэ налівачкі? Бжасквінявай.
— Якой? Абрыкосавай? — перапытаў спраўнік.
— Так, уласнай гадоўлі бжасквіні. Хоць клімат не спрыяе, але ўдаецца ратаваць ад марозу…
— Не, — жандар рашуча падняўся. — Ці не пакажаце нам свае пакоі? Цікава, як вы тут уладкаваліся?
— Чаму не пакажу, — з радасцю і разам з тым з трывогай сказаў Бароўскі і расчыніў дзверы, якія вялі ў вялікую залу. — Калі ласка, панове, проша сюды, у халодную.
Раздзел XVII. На сядзібе птушкалюба
1. Халодная зала
Прапанова жандара агледзець пакоі была фармальнай зачэпкай, каб упэўніцца, што Людовіка ў доме няма і яго лепей пашукаць дзе-небудзь па гумнах. Гаспадар не мог запярэчыць, а жандар і спраўнік не рабілі вобыску гвалтам.
Зала, у якую ўвёў Бароўскі прадстаўнікоў улады, была без падлогі: дошкі ў выглядзе ходнікаў перакідваліся ад адной легары да другой. Але не гэта ўразіла спраўніка і жандара. Зала займала амаль палавіну і без таго малога дома і была ўвешана незлічонай колькасцю клетак: вялікіх, сярэдніх, маленькіх. Зробленых з дроту, сплеценых з лазы, звітых з канапляных вяровачак з устаўленымі драўлянымі калочкамі. І ў гэтых клетках свісцелі, чачакалі, ценькалі, заліваліся на ўсе галасы дзесяткі рознамаітых птушак: вялікіх, сярэдніх, малых, зусім дробненькіх. Некаторыя птушкі павылазілі ці былі выпушчаны з клетак сумысля і пырхалі праз залу, грабліся ў пяску, лёталі пад столлю, скакалі па легарах. І што самае цікавае, не фортка, а нават акно было адчынена, расхлістана насцеж, і некаторыя птушкі то выляталі, то зноў заляталі ў залу… Птушак аж кішэла. Да ўсяго столь у залі
— Вось, панове, і маё шчасце, мая радасць, — з заімглёнымі вачыма пан Бароўскі абвёў рукою залю.
На яе адразу села птушачка, дзюбнула пустую далонь.
— Вось і яна, панове, стракатагрудка. Гэта найбольшая са славак.
Жандар і спраўнік спыніліся ад уражання пры дзвярах. Спраўнік не вытрымаў таптання на месцы, ступіў на сухенькі пясок, усеяны чарвячкамі птушынага памёту. Жандар дастаў насоўку і паднёс яе да носа.
— Вунь, панове, слаўка-гаварунчык, — паказаў Бароўскі на шэра-бурую птушачку з белым горлам. — Прылятае з салаўём, жыве ў жываплотах. Такая вяртлявая. Спявае без флейтавых гукаў, таму і гаварунчыкам празвалі. Гняздуе ў гурбах галля. А ёсць яшчэ, панове, слаўка-млынок. Гэтая птушачка ўпрыгожана самай сапраўднай вуздэчкай — мае плямкі на абедзвюх шчочках. Трымаецца па ельніку, лясных палянах. Шныпарыць па хмазах і часта клёкае, што той млынок. Таму немцы празвалі яе M"ulerchen. А вунь, панове, завірушка, яна ж крапіўнік, тынаўка, альшанка. Па-латыні — Accentor modularis. Рыхтык палявы верабейка, ці не праўда? Бачыце, галоўка цёмна-шэрая, хвост кароткі. Падрыгвае хвастом, як верабей, у бакі.
Спраўнік утаропіўся ў завірушку і маўчаў, а жандар сачыў за тым, каб, крый Божа, якое са стварэнняў не капнула яму на блакітны кіцель.
— Там, каля той сцяны, панове, — паказаў Бароўскі, — у мяне пеначкі, або, як у нас на іх кажуць, раплючкі, ці пячураўкі. Пра іх можна гаварыць усё тое, што і пра альшанак. Ёсць раплючкі-вяснічкі, трашчоткі. Усе яны маленькія, зеленавата-шэранькія зверху, белаватыя знізу, з тонкімі, бачыце, панове, просценькімі дзюбкамі і жоўценькай броўкай над маленькімі, харошанькімі і чорненькімі вочкамі. У іх гнёзды з каптурыкам, з бакавым лятком. Адсюль і назоў — пячураўка…
Жандар перасмыкнуў плячыма. Расповеды гаспадара сталі яму надакучаць. Але даводзілася цярпець.
— Адрозніць падвіды раплюкоў цяжка, панове, — як ні ў чым не бывала казаў пан Бароўскі. — Увосень розныя падвіды іх збіраюцца ў чароды і мігруюць на поўдзень. Раплючкоў, як і іншых дробных пеюноў, трымаючы ў клетках, належыць асвятляць лямпай. Бачыце, я не шкадую газы дзеля гэтага. Калі едзеш дадому адкуль здалёк, то якая цудоўная карціна адкрываецца: родны дом, панове, клеткі з птушкамі, побач гарыць лямпа. Вам не сумна, панове?
— Не, — насуплена адказаў спраўнік.
Жандар толькі перасмыкнуў плячамі.
— Хвілінку пачакаем тут, — сказаў гаспадар. — Жанчыны збіраюць на стол, а мы пакуль тут пабавімся, так, панове?!
Пан Бароўскі падышоў да наступнай клеткі. Тут ягоны позірк спыніўся на акне. У ягоным праёме ўбачыў жаўнера. Той стаяў, абапёршыся на стрэльбу, і глядзеў у акно. Бароўскі на некалькі секунд змоўк. Ён зразумеў, што дом абкружаны і ўцячы сыну наўрад ці ўдасца. У галаве ліхаманкава закруцілася — як быць, што рабіць?
2. Адзінае выйсце
Людовік раней бацькі зразумеў, што дом акружаны. Уцячы можна толькі з гарышча на глухую, без вокнаў, сцяну. На гарышча вёў лаз з халоднай залі. Але як зайсці туды, калі там спраўнік і жандар?
Людовік прайшоў у калідорчык перад залай, прыслухаўся да голасу бацькі.
— А ці ведаеце, панове, што ў мяне жыве і нястомная лятуння, што лётам сваім дае насалоду воку далікатнай прыгажосцю сваіх паветраных рухаў, — салаўём заліваўся бацька. — Сапраўдная чараўніца, несумненна, найблізкае сэрцу сялян стварэнне… Ды не толькі сялян…