Літоўскі воўк
Шрифт:
Як даць зразумець бацьку, каб той вывеў царскіх служкаў прэч?
Дзверы рыпнулі. Людовік азірнуўся — у калідорчык увайшла маці.
— Сыне, навошта табе пісталет?! — спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.
— Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха… — Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. — Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі… Я пакуль схаваюся…
— Дзе ты, сыне, схаваешся?! — ледзь прытомна прашаптала маці.
— Знайду…
Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.
— Прашу прабачэння, панове, — пачуў Людовік ейны голас. — Можна мужа на хвілечку?!
Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад
— А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы…
Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.
— Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.
Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць — гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.
3. На гарышчы
— Я не забаўлю вас, панове, — сказаў Бароўскі, калі спраўнік і Фогель апынуліся пад дахам. — Зазірніце сюды, у гняздзечка. Палюбуйцеся, калі ласка, як па белым тле пушчаны кравяна-чырвоныя, месцамі фіялетавыя плямкі. Гэта яйкі чарацянкі. Яна перасмешка. У ціхія цёплыя ночы другой палавіны чэрвеня і пачатку ліпеня, панове, калі змоўкнуць раскацістыя песні салаўя, панове, чуйнае вуха чалавека, што прывык прыслухоўвацца да галасоў прыроды, з любоўю спыніцца на гуках таямнічых спевакоў, што быццам сабраліся на начны канцэрт: то адна заспявае, то другая. А гэта, панове, усяго адна чарацяначка выспеўвае. Падрабляе слаўку-гаварунчыка, вялікую сініцу, зябліка. Усё ў адной чарацянцы-перасмешніку. Паглядзіце, панове, птушачка сціплая: зверху аліўкава-бураватая, знізу жаўтавата-белая. Мае светлыя палоскі над вачамі. Падобна на пеначак. Але ў іх, панове, выцягнутая ўперад галоўка і хвосцік кліночкам, панове. У пеначак хвост злёгку выразаны…
Спраўнік ні на птушак, ні на яйкі не глядзеў. Зазірнуў за стаякі комінаў, а жандарскі капітан рабіў выгляд, што ўважліва слухае.
— Я вас стаміў, прашу прабачэння, але проста вымушаны паказаць вам яшчэ адзін цуд прыроды. Згадзіцеся, што ў назове «лас-таў-ка» — сама пяшчота і любоў. У ім і сімпатыя і дабрыня, з якой адносіцца просты люд да гэтага мілага стварэння. Беларусы…
— Рускія… — хмура буркнуў Фогель.
— Няхай рускія, — ахвотна згадзіўся Бароўскі, — словам, тутэйшыя кажуць: хто раскідае гняздо ластаўкі, таго паб'е на рабацінне. Так бароняць гэта дзіця прыроды ад няўрымснікаў, якія могуць па неразуменню браць яйкі.
Пачуўся грукат, жандар, спраўнік і бацька злазілі з гарышча.
Бацька не спыняў сваёй мітуслівай гаворкі ні на секунду:
— Ластаўка, панове, любіць гнездаваць у хлявах, стайнях, прылепвае кубачкі гнёздаў да шчытоў, крокваў. Яна так лоўка прашмыгвае праз выбітую шыбу ў шчыце, праўда?
Ціха стукнулі дзверы. Жандар, спраўнік і бацька спыніліся ў калідорчыку. Тут, за шафай, прыкрыты скручаным у трубу старым дываном, сціскаў абедзвюма рукамі зараджаны пісталет Людовік.
— Ці ведаеце вы, панове, што нашая
— Руская, — упарта настойваў на сваім Фогель.
— …руская ластаўка, — паправіўся Бароўскі, — зімуе ў Цэнтральнай Афрыцы? Як гэта міла, што ластаўкі, якія жылі ўсё дзяцінства пад саламяным дахам якога-небудзь селяніна, зімавалі сярод чорных мурынаў? У вачах гэтых Божых стварэнняў ёсць, гэтак сказаць, адбіткі жырафаў, сланоў, ільвоў… Не, панове, ідземце на вуліцу. Вы абавязкова павінны паглядзець на ластавак. Увогуле, панове, я сэнс жыцця ў птушках бачу, яны — маё замілаванне, аздоба сэрцу. Як можна жыць без радасці ў душы, панове?
Людовік у напружанні чакаў, калі спраўнік і жандар пойдуць. І тады адкрыецца шлях на гарышча. Першы страх перад прыхаднямі прайшоў. Цяпер Людовік цалкам валодаў сабой, ведаў, што яму рабіць, ацэньваў небяспечнасць свайго становішча. І страху за жыццё не было.
— Птушкі саграваюць душу, лагодзяць, паверце, нават суцішаюць у цяжкую часіну, — аж распінаўся бацька. — Жыць разам з імі лягчэй. Чаму, да прыкладу, садзяць злачынцаў у турмы? Каб не бачылі неба, травы, птушак…
«Бацька, бацька… — падумаў Людовік. — Колькі замілавання і радасці прыносяць табе гэтыя стварэнні. Не туды пульсуе, ляціць твая, тата, энергія. Пра людзей трэба дбаць, пра незалежнасць краю… А то прыйдзе час, і свае ж, тутэйшыя, выракуцца мовы, і кнігаўкі стануць «чибисами», зязюлі — «кукушками», крыжадзюбы — «клестами». А на плісак стануць казаць «трясогузки». Не рускія, не расейцы, а свае янычары зробяць так, каб ніхто і не ведаў, што за птушка гівал ці задзярыхвост, забудуць назвы — цыранка, свіслук, хахатва… А з таго, хто чайку назаве кірляй, стануць смяяцца».
Высока над домам, у густой вяршыні ясеня пяяла туркаўка. Пяяла яна сумна, надрыўна, што аж хацелася плакаць.
Людовік кончыкам пісталета выцер слязіну. Дзверы стукнулі: адны, другія… Пайшлі.
Людовік увайшоў у залю, прысеў, каб яго не заўважыў жаўнер з вуліцы, дайшоў наўскарачкі да лесвіцы. Вычакаў момант, калі жаўнер сышоў з акна — гэта было відаць па штыку ружжа, — узлез па прыступках лесвіцы на гарышча.
Палавіна справы зроблена, але толькі — палавіна. Цяпер дзейнічаць у залежнасці ад абставін: або сядзець як мыш пад венікам на гарышчы, або вылазіць праз слыхавое акенца, скакаць у сад і праз кусты парэчак спрабаваць прабівацца ў лес.
4. Крык ластаўкі
На вуліцы пан Бароўскі на хвіліну замёр, быццам нешта абдумваючы, потым дастаў насоўку, выцер мокры лоб і зноў пачаў расказваць:
— Гляньце, панове, на шчыт. Ластаўка клеіць гняздо з гліны, робіць яго як невялічкую дыньку, шарыкам, з дзіркай у якасці ўвахода. Гэта, панове, гарадская ластаўка.
Фогель і спраўнік недаверліва зірнулі на гаспадара-птушатніка. Арніталагічная лекцыя відавочна зацягвалася.
— Не дзівіцеся, панове. Гарадскім ластаўкам не абавязкова жыць у горадзе, у месце. Ім проста патрэбны сцены, кручы, стромы. Нават на соснах лепяць свае гнёзды, не бачылі? Тут, на франтоне, у мяне вясковыя і гарадскія ластаўкі жывуць разам.
Ластаўкі, як гарадскія, так і вясковыя, якія заляталі праз адчыненае акенца, раптам выскачылі адтуль з трывожным крыкам. Жандар і спраўнік заклапочана перазірнуліся.
— Ведаеце што, панове, давайце паглядзім берагавых ластавак, — занадта паспешліва прапанаваў пан Бароўскі, але капітан Фогель падхапіў шаблю рукой і, не кажучы ні слова, рынуўся ў дом. Пэўна, яшчэ раз праверыць гарышча.