Сад Замкнёных Гор
Шрифт:
Што ж, няхай. Барацьба!
Я адзін супраць войска і пачварнай машыны.
Падцягнуўся. Паставіў ногі ў шчыліну, знайшоў для рук новы выступ. Зноў падцягнуўся.
Прапоўз такім чынам тры мэтры. Спыніўся адпачыць. Туніка, мокрая ад поту, прыліпла да цела.
Далей пралягала зусім гладкая падлога, ніякіх зачэпак. Трэба караскацца да іншага краю.
Я трошкі разьвярнуўся… Зрабіў неасьцярожны рух, і мая нага сарвалася. Я павіс (павіс на падлозе!) на адной руцэ. Акpаек трэшчыны ўпіўся ў фалангі пальцаў.
І пальцы ня вытрымалі, я паляцеў!
Страшна, калі не валодаеш сваім целам, калі яно бездапаможна борсаецца ў даўкай плыні, што нясе на жахлівую сьмерць,
Падзеньне паскорылася. Заля перад брамай з клюшнямі звужалася. Паток аскепкаў шкла, плястмасы, тынкоўкі тут ушчыльняўся, што дадавала большых пакутаў.
Раптам пада мною на падлозе стварылася даволі вялікая трэшчына. Рукі чыста інстынктыўна схапіліся за край. Я павіс. Хвіліна сьмерці адкладзена!
З боку ўжо блізкай пашчы вылезла жудасная клюшня, пачала павялічвацца. Бачна, як расьціскаюцца і сьціскаюцца агромныя абцугі. Яны цягнуліся да мяне.
Не! Далёка!
Жалязяка здолела толькі дакрануцца да падэшвы маіх сандаляў.
Я мог трохі перадыхнуць. Усю падлогу вялікай залі пакрывала павута шэрбін і трэшчын.
А пачвара высмоктвала паветра! Вецер яшчэ больш узмацніўся, мабыць ва Ўпляйка ня вытрамылі нэрв, і ён загадаў запусьціць машыну напоўніцу. Град вострых аскепкаў тынкоўкі, адбіткаў засохлай фарбы, плястмасы бязьлітасна біў мяне. Сьмецьце засядала ў валасах, забівала ноздры, вушы, вочы. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй. Я з апошніх сіл трымаўся за гостры край трэшчыны, вісеў у струмені паветра над самай пашчай машыны. Раптам раздаўся страшэнны выбух — гэта са сьценкі з клёпак сарваўся пляст сталі. Ён праляцеў паўз мяне, садраўшы зь мяне туніку і параніўшы мне сьпіну, і плазам упаў на пашчу машыны.
Рухавік узвыў. Але струмень паветра аслабеў.
Па трэшчынах, як па прыступках я пабег да таго месца на сьценцы залі, якое мне паказаў карлік. Хутчэй, пакуль машына не перажавала стальны ліст.
Маё цела, нібы сьвежая лаза ў руках празорцы, затрымцела. Я ўвесь сьціснуўся і ўдарыў правай рукой у сьцяну. Яна адспружыніла мой кулак, з костачак палілася кроў. Але і на сьценцы зьявілася зорка чорных трэшчын.
Яшчэ адзін наймацнейшы ўдар! Рука правалілася ў плястмасе і фальзе. Адтуль вырваўся струмень паветра, якое напаіла, наталіла, мяне. Яно было іншым, чым певетра на ўсіх узроўнях сьвету. Марозкае і вострае, сьвежае і пругкае.
Машына разжавала стальны ліст і цяга зноў узмацнілася.
Я, борсаючыся ў паветры, асьцервянела разьдзіраў-пашыраў дзіру.
І раптам роў матора сьціх.
Асэнізатары заўважылі, што я раблю.
Позна, Упляйк!
Я перакуліўся ў праробленую адтуліну.
Мае зьнясіленае цела пляснулася на простакутную плятформу. Я ўбачыў помку выкліку, хутка націснуў на яго. Побач бясшумна паднялася сьцяна. Плятформа ўвезла мяне ў шахту.
Патаемная паветраная шахта!
У пругкіх струменях паветра я паплыў уверх.
Плятформа, што засталася ўнізе, пасунулася на сваё месца, сьцяна за ёю важка апусьцілася, захіліўшы сваім гмахам маю сьмерць.
ХХІ
Хуткі пад’ём. Над маёй галавою з бразгатам і шыпеньнем разьехаліся ў розныя бакі паловы жалезнага века…
Імгненьне я стаяў на краю прорвы, на дне якой плёскаўся чорны акіян бяздоньня. Далёка наперадзе, на супрацьлеглым краі, віднелася каменная стромая сьцяна. Такая ж сьцяна была за маёй сьпінай, якая на значнай вышыні пераходзіла ў велізарныя скляпеньні, нібыта хтосьці спрабаваў пабудаваць цырк для гігантаў. Упершыню я апынуўся ўсярэдзіне такога агромністага збудаваньня, і ніколі ня бачыў столькі адкрытай прасторы. Закружылася галава, я абапёрся на сьцяну.
Жалезны гаўбец, на якім я стаяў, здрыгануўся і нізкім тонам загудзеў. Мабыць унізе зноў запрацавала паветраная шахта. У яе прабраліся людзі Ўпляйка.
Я саскочыў на вузкі гзымс, што надвісаў уздоўж прорвы. Гэта быў адзіны шлях. Хутка пайшоў па ім. Гзымс няўхільна паднімаўся. Я стараўся не глядзець у бездань, бо нараджаўся страх вышыні і адкрытай прасторы.
Прыкладна праз трыста крокаў мне сустрэлася яшчэ адна такая ж паветраная шахта. Пасьля яшчэ і яшчэ. Адны зь іх былі напалову разбураныя, іншыя выглядалі так, быццам імі ніколі не карысталіся. Значыцца да гзымсу можна было «даехаць» з розных узроўняў. А гэта былі патаемныя хады нашых продкаў, пра якія людзі даўно забыліся, а я чуў пра іх толькі ў старажытных легендах. А гэты гзымс, сьцежка над пропадняй, і быў тым запаветным Шляхам?
Аднак я памыляўся, бо праз гадзіну хуткай хады я ўбачыў ШЛЯХ.
Гэта быў каменны мост які вёў на той край прорвы. Дакладней, мост утваралі асобныя пліты-прыступкі, што на рознай вышыні непадалёк адна ад адной выступалі зь бездані. Паміж некаторымі былі прагалы, якія можна было толькі пераскочыць.
Калі я стаў на першую прыступку, аднекуль зьнізу палыхнула аранжавае сьвятло, накшталт вартавых промняў, што меліся на брамах кожнага горада. З-пад наступнай прыступкі вырваўся струмень паветра, які спачатку парываўся мяне скінуць у прорву, а пасьля ўтварыў вакол мяне безупынны віхор. Кожная прыступка выпускала з пад сябе шалёны вецер, які налятаў на мяне, а пасьля, быццам адчуваючы, што я даволі моцны і мяне скінуць ня проста, пераўтвараўся ў новы віхор, толькі іншага колеру. Неўзабаве я быў ахутаны вясёлкавым ветраным коканам. У мяне сьлязіліся вочы, скроні сьціснуў боль. Адчуваў паколваньне па ўсёй скуры, па ёй пайшлі чырвоныя пухіры. Рознакаляровыя віхоры параджалі невялічкія маланкі, што непрыемна патрэсквалі і сьляпілі мяне. Успышкі мікрабліскавіц зрэдачас адбіваліся блікамі на гладкіх чалавечых костках і чарапах, што былі заціснуты ніжэй паміж прыступкамі ці ляжалі далекавата на доле. Мяне ахінуў жах. Але я адчуваў, што вяртацца нельга, там — сьмерць. Хаця і наперадзе нішто не казала пра збаўленьне. Ісьці было ўсё цяжэй і цяжэй. Каб адагнаць боязь, я лічыў прыступкі.
З-пад сорак шостай вырваўся такі моцны вецер, што зьбіў мяне з ног. Але я паляцеў не ў тартарары, а ў вышыню. Вецер з пад сорак шостай прыступкі (ён быў залатога колеру) падхапіў мяне і кінуў у велічэзную агністую браму, што зьнянацку ўзьнікла на траекторыі палёту. За ёй віравала агромністая сьпіралепадобная паветраная ўлонка.
Яна ўсмактала мяне.
Усе колеры сьвету перамяшаліся і ўспыхнулі зыркім белым сьвятлом…
Калі я адкрыў вочы, нада мною было нешта незвычайнае, я нават спалохаўся, ці не здарылася ў сьвеце неверагоднай катастрофы альбо вайны з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў, што былі забароненыя шматлікімі канвэнцыямі і пагадненьнямі.
Каменныя сьцены, скалечаныя, перакручаныя нехлямяжа навісалі нада мною. Ва ўсёй пабудове незвычайнага калідора, дзе я ляжаў, не было ні лёгік, ні заканамернасьці. Я са зьдзіўленьнем і трымценьнем азіраў зломленыя, крывыя лініі сьценаў і цені, якія быццам прарасталі на іх, як неверагодныя водарасьці марскога возера.
Але аднекуль з глыбіняў падсьвядомасьці само па сабе ўсплыла малаўжывальнае намі слова: «Пры-ро-да!»
Нада мною былі натуральныя скалы, якія я калісьці мог бачыць на карцінках кніг ці на экранах фотасховішчаў.