Уліс з Прускі
Шрифт:
Адказ гаспадара не пакрыўдзіў прускаўца: «Што зробіш, кожны перш думае пра сябе». Ён ведаў, што ў мінулым годзе гаспадару ўдалося атрымаць ссуду і купіць некаторыя сельскагаспадарчыя машыны. Цяпер даводзілася аддаваць.
— Калі сплачу, — працягваў Грыцько, — можна будзе і самому пакласці пад працэнты! — І нібы прыгадваючы той выпадак, што адбыўся з работнікам у маршалтаўнскім сапуне, дадаў: — У Амэрыцы так: не пі, не куры, кладзі грошы ў банк і праз дзесяць гадоў разбагацееш. Грошы робяць грошы, — ён хлопнуў работніка па плячы. — Хіба той талент, які Бог даў мне, я павінен закапаць? Трэба ўкласці яго ў дзела! — У тоне гаспадара
— Для гэтага трэба спрыт мець! — пасміхнуўся Лявонка, што, відаць, не надта спадабалася фермеру, які строга глянуў на работніка.
— Працуй, заставайся цвярозым, не забывай пра Бога, і ты абавязкова даможашся поспеху, — сказаў ён, быццам аб'явіўшы свайму работніку вымову. — Разумны чалавек у Амэрыцы не будзе бедным.
Ён паглядзеў у бок шашы, дзе ля павароту на ферму стаялі карабы з садавінай і гароднінай — фірменнай прадукцыяй містэра Грыца. У гэты час Бузукі гандлявалі гуркамі і яблыкамі. Лявонка дапамагаў вывозіць карабы з яблыкамі і гароднінай на шашу. На кожным корабе — шыльдачка з назвай гатунку: «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза», «болдуін», «уайнсапс»… Побач знаходзілася пустое вядро.
Надпіс на паперцы тлумачыў, што вядро яблык каштуе два даляры, а вядро гуркоў — тры. Тут жа стаяла скрынка для грошай. Праезджыя аглядалі тавар, знаёміліся з цэнамі, каму трэба — бралі, самастойна расплачваліся і ехалі далей, так і не пазнаёміўшыся з гаспадаром, якому не ставала часу ды і ахвоты прысутнічаць пры гэтым. Не было падстаў не давяраць.
Яблыкі былі настолькі вялікія і прыгожыя, што прыцягвалі погляд літаральна ўсіх, хто праязджаў паўз ферму. Найбольшым поспехам карысталіся гатункі «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза». Лявонку асабліва падабаліся «болдуін» і «ўайнсапс». Пахлі гэтаксама, як на радзіме. Ён успомніў, як некалі разам з хлопцамі адвячоркам нарваў яблык у садзе ўрадніка Кастантага. Прыгадаліся яблыкі ў сене той ноччу ў Васілёвай клуні, калі ён быў там з Ганнай…
Відаць было, як нейкія праезджыя аглядалі карабы з таварам, выбіралі што па густу, нешта кідалі ў скрынку.
— Яблыкі — добрая рэч! — задаволена казаў Грыцько. — Па яблыку ў дзень — і дактары не патрэбны будуць!
— Вы б паветку пабудавалі! — параіў Лявонка. — Тавар быў бы пад дахам.
— Нічога, гэта — сезонны гандаль. Усё — свежае…
Надыходзіў час жніва. Жняярка ўжо стаяла пад паветкай, гатовая да адплыцця ў пшанічнае мора, і нарэшце яно пачалося. Грыцько ўскочыў на ногі ў пяць гадзін раніцы і адразу кінуўся будзіць работнікаў. Загрукаў у дзверы. Трэба ўставаць. Лявонка ўздыхнуў. Ноччу даймала духата, і ён увесь спацеў, вільготная прасціна прыстала да цела. Уздзеў джынсы, нацягнуў на плечы падцяжкі, спаласнуў халоднай вадою твар. На сняданак з'еў сандвіч — лусту белага хлеба з марынаваным гурком, сырам і каўбасой. Букер еў тое самае, але, як звычайна, у сваім хлевушку.
— Хэло, Букер! — павітаў ён сябра, калі той, заспаны, выйшаў на панадворак.
Негр, як звычайна, няўцямна засмяяўся, адкапыліўшы тоўстыя губы.
Пад кіраўніцтвам гаспадара яны запрэглі ў жняярку пару коней. На жалезнае сядло ўзлез сам містэр Грыц — напачатку не даверыў упраўляцца са жняяркай ні Лявонку, ні тым больш Букеру.
Выехалі на поле. Разы два ці тры містэр Грыц спыняў коней, даставаў баначку з алівай, пстрыкаў у той вузел, дзе змацоўваліся крылы
«А мы жнём сярпамі і косамі і нічога не ведаем. Такой машыны нават у Падгурскага няма. Гэта ж за дзень столькі можна скасіць — ніякая каса не дакажа…» — гэтак сам з сабою разважаў прускавец.
Зрабіўшы колькі кругоў, гаспадар паклікаў яго да сябе:
— Сядай! Бяры лейцы…
Лявонка ўзяў у рукі лейцы, палез на месца гаспадара. Услед данесліся да яго словы:
— Глядзі, жняярка дарагая, я аддаў за яе дзвесьце пяцьдзесят даляраў!
Лявонка першы раз сядзеў на такой машыне, у жалезным сядле, моцна заціснуўшы ў руках лейцы. Твар ад гарачыні і напружанасці заільсніўся. Коні напорыста затупалі па крузе, зазвінелі вуздэчкамі.
Следам ішлі вязальшчыкі — Букер з Іванам. Жнівеньскае сонца смажыла без усякай меры. Чыстае неба і страшная гарачыня. Бліжэй да поўдня яна пераходзіла ў спёку, ад якой не схавацца нідзе. Лявонка адчуваў, як разагрэтае паветра, трапляючы ў лёгкія, абпальвала знутры. Хацелася піць.
Полудзень прынесла Анет. Лявонка праехаў адзін круг, другі, трэці, і спыніў коней. Дзяўчына, угадваючы яго жаданне, паднесла кубак халоднай вады, дастала з карзіны сандвіч.
— Уэл? — падала яго Лявонку.
Есці зусім не хацелася, але ён узяў сандвіч. Селі на ўскрайку зялёнага лужка — такія трапляюцца і на прускаўскіх палях. Там яны звычайна незаараныя — з пакалення ў пакаленне так вядзецца. Цешаць вока сваёй нечаканасцю сярод аднастайнасці шырокага поля. Містэр Грып сказаў, што восенню ён наважыўся разараць гэты лужок. У стаўленні яго да зямлі, падумаў прускавец, не было той трапяткой страсці, як у беларусаў.
Над іржышчам, за некалькі крокаў ад іх паказалася галоўка сусліка. Містэр Грыц пагразіў яму пальцам. Жывёлінка спалохана ўгнула галоўку, пакруціла носікам і знікла.
Зямля абавязана даваць прыбытак. Каб вытрымаць канкурэнцыю, фермер павінен максімальна павялічыць плошчу і ўраджайнасць, а выдаткі звесці да мінімуму.
— Горача, — паскардзіўся Букер, выціраючы далонню лоб.
Ад спёкі губы ў яго сталі яшчэ таўсцей і яшчэ больш вывернуліся. А што ўжо было казаць прускаўцу! Сорак градусаў у цяні — і каб хоць які ветрык! Аднак пад вечар спёка апала, і яны пачалі вазіць снапы. Лявонка стаяў на возе, укладваў снапы, якія яму падавалі Букер і Іван. І тут усім кіраваў, распараджаўся містэр Грыц, добра ведаючы сваю гаспадарскую справу. Стомленыя за дзень работнікі так і паснулі на абярэмку сена каля дзвярэй адрыны, дзе іх і разбудзіў Іван. Сон быў мілей, і Лявонка, адмовіўшыся вячэраць, падаўся ў свой павільён.
Пад раніцу, прачнуўшыся, пачуў, як недзе ў кустах спяваў салавей…
Перад самым заканчэннем жніва паламалася жняярка — адляцела крыло. Сам фермер быў неблагім механікам, але тут спатрэбілася дапамога з Маршалтаўна. Прыехалі двое майстроў з усім начыннем. Рамонт жняяркі абышоўся ў пятнаццаць даляраў Містэр Грыц спрабаваў патаргавацца, але мусіў заплаціць.
У Прусцы ўраджай збіралі да апошняга каласка. Тут жа рэшткі падбіралі каровы, коні, якіх выпускалі на пожню. Пасля жняяркі заставалася даволі высокае ржышча, якое трымала патрэбную глебе вільгаць. «Усюды свая завядзёнка», — не пераставаў дзівіцца прускавец.