Чтение онлайн

на главную

Жанры

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

У містэра Грыца — немалыя планы.

— Мінулы год мяне аблічылі,— сказаў ён, калі селі вячэраць. — Ну, але нічога. Сёлета не паддамся. З агентам па рэкламе я ўжо дамовіўся.

Лявонка бачыў, як усё ў ім напружылася — худы, маршчыністы твар, шчыльна сціснутыя губы пад абвіслымі вусамі, сухая, жылістая шыя.

— Можа, на гэты раз абысці тую «Экавіту»? — няпэўна азваўся Іван.

— Паглядзім.

Пры ўсёй нечаканасці і рызыкоўнасці сваіх планаў, фермер павінен заставацца цвярозым рацыяналістам.

— Урэшце ж не можа быць, каб на добрае не павярнула, — прамовіў Грыцько

як бы самому сабе.

Амаль увесь ураджай пшаніцы ён прадаваў, але не заўсёды дамагаўся таго, чаго хацеў.

— Надаела быць аўтсайдэрам!

— Вы, тато, кожнага разу так кажаце… — пасміхнуўся Іван.

— Не, у гэтым годзе ён мяне хрэн абыдзе!

У містэра Грыца была свая мара, і ён нястомна ішоў да яе здзяйснення.

— Атрымаю грошы і адразу акцыю куплю — у Форда. Гэта надзейна!

Асоба гаспадара раскрывалася перад Лявонкам усё больш. З аднаго боку, шчырая набожнасць, з другога — прагавітае імкненне ў што б там ні было разбагацець. Лявонка сумна пасміхнуўся сваім думкам. Біблію чытае, а за цэнт удушыць можа, брата роднага са свету зжыў бы. А можа, я дарэмна пра яго гэтак думаю?

Плынь яго думак спыніў голас гаспадара:

— Заўтра кукурузу будзем касіць!

Сапраўды, кукуруза тым часам ужо паспела, ды высозная, як гай.

Назаўтра, пасля снедання, яны ўсе разам рушылі ў кукурузнае поле. Пабралі з сабой касары — ссякаць кукурузу. Жняяркі тут яшчэ не прыдумалі. Паперадзе, побач з Лявонкам ішла Анет. За імі — на нейкай адлегласці — гаспадар з сынам. Ззаду плёўся Букер.

…Сёння Анет прачнулася з першымі промнямі сонца і неяк імгненна. Прачнулася і чамусьці ўспомніла пра гэтага новага работніка, пра яго падбітае вока. Гэта ж і Пітэр там быў… Але падбітае вока, здаецца, паправілася, павесялеў «еўрапеец». Пітэр? А што Пітэр?..

У каледжы яна захаплялася творчасцю Эмілі Дзікенсан. Колькі ў ёй душы! Імпульсіўныя радкі Эмілі жывілі і разнявольвалі пачуцці, будзілі думкі, нязгоду з агульнапрынятай жыццёвай нормай. І сама спрабавала пісаць… Гатовая была падтрымаць тых сваіх сучасніц, якія ваяўніча выступалі не толькі за свабоду духа, але і цела. Пітэр — звычайны фермер, такім ён і застанецца. Перспектыва адносін з суседам яе не надта задавальняла — у марах мроіўся сапраўдны «раман». Вось лёс і падарыў ёй гэтага «еўрапейца» — так у думках яна называла новага работніка. І вось яны разам ідуць у поле…

Па праўдзе кажучы, і Лявонка не ўяўляў сябе побач з гаспадаровай дачкой, асабліва калі бачыў яе ў капелюшы з шырокімі палямі і пёрамі. Цяпер вось яна ідзе побач. У гэтым дзіўным капелюшы. Падкрэслена бесклапотная. Нават крыху гуллівая. Толькі хіба што ў вачах, зрэдку, калі прыгледзецца, свяцілася нейкая надзея ці нават просьба. І гэтыя вочы раптам здаліся такімі мілымі і даверлівымі, што ён здзівіўся. А можа, яна ад яго нейкага знака ўвагі чакае?..

А вось і кукуруза. Гаспадар паказаў, як дзейнічаць асаром, і яны прыступілі да працы. З вострым касаром у руцэ Лявонка ішоў па кукурузным полі, ад сцябла да сцябла, падсякаючы іх пад самы корань. Кукуруза ўзнімалася да трох метраў у вышыню, доўгія лісты ільсніліся пад сонцам. Тонка пах палын, які купкамі рос на ўзмежку, побач з кукурузным полем.

Анет, вядома,

не касіла — не жаночая справа. Яна брала доўгія сцябліны і сцягвала іх на выцерабленае поле, у кучу. Час ад часу адрываліся ад працы, хадзілі піць ваду. І ў верасні тут такая гарачыня, як і летам, хоць ты ў пограб лезь. Але ж на полі яго няма, пограба таго. Букер чамусьці часта некуды адлучаўся, і, адчувалася, што гаспадар злуецца на яго.

Нарэшце селі перакусіць, адкрылі карзіну з сандвічамі. Анет дастала тэрмас, разліла па кубачках каву. «А ён нішто сабе, прыгожы», — падумалася ёй зноў, калі яна паглядзела на «еўрапейца».

— На, пакаштуй! — падала Лявонку чырванабокі яблык.

— Дзякуй.

Ён адкусваў ад яблыка і глядзеў уверх, у блакітную глыбіню высокага неба, у якім табуніліся белыя, бухматыя хмары. Такія, як і дома.

Перакусіўшы, зноў пайшлі брацца за касары. «Еўрапеец» крыху адстаў і не заўважыў, як яна падкралася ззаду і неяк артыстычна штурхнула яго ў кукурузную кучу. Не паспеў Лявонка падняцца, як яна ўпала на яго зверху, але ён тут жа выслізнуў з-пад яе, і цяпер яна стала ўцякаць, а Лявонка гнаўся за ёй па кукурузе. Вёрткая, не проста дагнаць. Аднак дагнаў ці, можа, яна сама прыпынілася, нялоўка ўхапіў ззаду, за плечы. Рукі дакрануліся да грудзей, адчуўшы іх хвалюючы выгіб.

— Ой!

— Што — ой!

Задыханая, яна не магла нічога вымавіць і адварочвала ад яго твар. Цела стала мяккім і падатлівым.

— Хопіць ужо, ну, хопіць…

Іх жарты ўжо заўважылі, хоць і рабілі выгляд, што не бачаць. І яны вярнуліся да працы.

Па абедзе лушчылі кукурузу. Ураджай яе ў гэтым годзе дасягаў сарака цэнтнераў з гектара. Урадзіла прыгажуня. Існаваў спецыяльны млын, каб абдзіраць з кукурузных пачаткаў зерне. Гэтае прыстасаванне Лявонка круціў разам з Букерам. Адрына ратавала ад спёкі, аднак кукурузны млын варочаўся цяжка — твары і спіны церабільшчыкаў змакрэлі ад поту. Першы разагнуўся Букер, прытуліўся да дзвярнога вушака і моцна з шумам пачасаў спіну.

— Для гэтай штукі трэба матор! — сказаў ён, паказаўшы на млын.

Грыцько маўчаў. На гэтыя словы работніка фермер нават не звярнуў увагі — як бы і не пачуў. Нейкі негр будзе вучыць?..

Букер яшчэ раз энергічна пачасаў спіну і дадаў:

— Вось чалавек — Форд! Зрабіў аўтамабіль — едзь куды хочаш, і каня не трэба! Разумны чалавек. Як думае містэр Грэц?

Містэр Грыц незадаволена пракашляўся, кінуў суровы позірк на сваіх работнікаў:

— Той, хто зрабіў,— гэта значыць Форд — разумны чалавек, а той, хто сядзе на тую машыну і будзе катацца на ёй — ці разумны ён?

Усе азадачана замаўчалі.

— Разумным робіць чалавека толькі Біблія. Тэхніка без Бібліі, можа, нават і небяспечная. Асабліва калі трапіць у дурныя рукі.

Пра Біблію гаспадар гаварыў з павагай.

Каб перадыхнуць, яны з Букерам спынілі млын і пачалі лушчыць кукурузу рукамі, што таксама было нялёгка. На канцах пачаткаў, якія церабіў Букер, часам заставалася некалькі драбінак зерня. Грыцько ўзяў з кучы кукурузны пачатак і тыцнуў ім негру ў нос. Той вінавата зашкроб пад падбародкам і прыгнуўся, баючыся, відаць, што гаспадар, чаго добрага, можа спляжыць кукурузінай па галаве.

Поделиться:
Популярные книги

Мимик!

Северный Лис
1. Сбой Системы!
Фантастика:
боевая фантастика
5.40
рейтинг книги
Мимик!

Измена. Жизнь заново

Верди Алиса
1. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Жизнь заново

Я Гордый Часть 3

Машуков Тимур
3. Стальные яйца
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я Гордый Часть 3

Я Гордый часть 2

Машуков Тимур
2. Стальные яйца
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я Гордый часть 2

Счастливый торт Шарлотты

Гринерс Эва
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Счастливый торт Шарлотты

Академия

Кондакова Анна
2. Клан Волка
Фантастика:
боевая фантастика
5.40
рейтинг книги
Академия

Кодекс Охотника. Книга XXIII

Винокуров Юрий
23. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIII

Поступь Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Поступь Империи

Я все еще граф. Книга IX

Дрейк Сириус
9. Дорогой барон!
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще граф. Книга IX

Неверный. Свободный роман

Лакс Айрин
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Неверный. Свободный роман

Стеллар. Трибут

Прокофьев Роман Юрьевич
2. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
8.75
рейтинг книги
Стеллар. Трибут

Темный Лекарь 4

Токсик Саша
4. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 4

Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Курсант: Назад в СССР 10

Дамиров Рафаэль
10. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 10