За волю
Шрифт:
Iдзi, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставiць на тваё галашэньне цi крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, i яна з наiўнай сьпiною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбiтага з ног i бяздомнага сабакi, чымся акалеўшага ў галечы i змардаванага тысячамi жыцьцёвых дарог i бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла i выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымi i новымi фiзычнымi i духовымi чарнобылямi. Даводзiлася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пiсаць у газэты. Так, але-ж... Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзiўленьня разяўлялi, пра жвачку Рыглея на момант забывалiся. Поцiск рукi, спачуваньне...
У
Канадыйскi, амэрыканскi i iншыя бiзнэсавыя вярхi цiкавiў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставiць на ногi разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявiлiся чорна-белыя тэлевiзары. Ура! Цяпер Джоў i Джэк, глумячы Лабат i Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапанiць. А там - грошы, грошы, грошы! Перадавыя палiтыкi трымалi зыркае вока на тым, колькi Саветам можна пшанiцы прадаць, якi iншы бiзнэс з Крамлём зрабiць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампанii, на якiм прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бiзнэсу, тое добрае i для краiны. Во вам - просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Смiта. Дык i цяпер, калi гэта добра для бiзнэсу, дык чаму iз тым "дзядзькам Джовам Сталiнам" не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкiм там выдуманым Гулагам марочыць!
Захаднiя палiтыкi, навукоўцы, выдатныя банкiры i бiзнэсмэны, дзеячы культуры, - калi нават i не абыякавыя да злачынстваў бальшавiцкага антынароднага таталiтарызму - жадалi цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралiвалi вунь кроў, перамаглi, жахлiвая вайна мiнула. I чаго тут нейкiя дыпiсы, якiм мы ласку зрабiлi, у свой дом упусьцiўшы, чаго гэтыя выкiдышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзiцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнiк Сталiн горшы за ягонага-ж калiшняга хаўрусьнiка Гiтлера? Цьфу на вас, такiя вы ды гэткiя! Паводле iх, гэных-жа дыпiсаў, тут, у Канадзе камунiст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такiм дзiваком! I некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалi дабяруцца, калi вы, пэцкалi канадыйскiя, у iх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзi! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!
Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам лiтаратурным, Беларусы чакалi i гарту, i розуму, i вытрываласьцi. Пiсьменьнiк працаваў у гатэлi. Гадзiны працы дрэнныя, заплата мiзэрная. Ды што зробiш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкiм мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьцi i нейкую бiзнэсавую адукацыю.
Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьцi вытокамi сягалi ў перапоўненую цярпеньнямi мiнуўшчыну. Поўнага рамонту чакалi зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калi-б не ягоны добры сябра Алесь Якiмовiч, хто ведае... Магчыма, што давялося-б ужо лiпець у чарзе ў "Скат Мiшан" за мiскай супу. Калi Якiмовiч наведваў Шпака, пакiдаў нейкую помач. Нiколi не даваў грошай Шпаку ў рукi. Даляровыя банкноты траплялi неяк то пад машынапiску на стале, цi на полку туалетную, або ў iншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на iх трапiць. Цi адзiн раз пiсьменьнiк пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў "краiне вялiзных магчымасьцяў". Ды няважна колькi разоў пiсьменьнiк налягаў на Алеся, каб той нiдзе ў яго й нiколi нiякiх грошай не пакiдаў, дзяцюк бажыўся, што ён нiколi такога нiчога не рабiў i, дальбог, нiчога пра гэта ня ведае.
Нейкiм чынам у Шпакавай кватэры зьяўлялiся i iншыя падаркi пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапiска Смiт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамi пiсьменьнiкавых нарадзiнаў, картка падпiсаная "Вашым зычлiвым сябрам". Калi-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсiх сьвятых, што ён на такую "экстраваганцыю" не адважыўся. Захавалiся i твары, i годнасьць, i нiхто нiкога не ўквялiў. А жыцьцё, яно iшло, бо, як тыя мудрацы казалi, так было напiсана...
10
Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокi на сходах i пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
– Калi ласка.
У дзьвярох зьявiўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзiнаў перад тым, як пiсьменьнiк меў iсьцi на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, якi цяпер шчодра чэрпаў матар'яльнае дабро з жыцьця i ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьцi. Алесь прывiтаўся.
– Прашу, сядай. Што новага прыносiш?
– Перш за ўсё, як вашае здароўе?
– спытаўся ў Шпака Алесь.
– Скрыпiць, як тая надломаная галiна, сам ведаеш... Дык чым пахвалiшся?
– Вы не паверыце, - пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кiшэнi пазалочаную цыгарэтнiцу й прапануючы пiсьменьнiку закурыць.
– Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора...
– Вiншую. Жадаю спору ў працы i няхай Бог памагае.
– Дзякую, спадар Шпак, дзякую.
– А што за новая пазыцыя?
– Далучылi мяне да экзэкутывы i ўзвалiлi на плечы цэлы вялiзны дэпартамэнт. Даволi цяжкi воз, але як упрагуся дык пацягну.
– Няма прычынаў, каб не пацягнуў, - сказаў Антон Шпак i сеў.
– З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятнiцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар...
– Гонар быў-бы мой, - уставiў Шпак, - але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць i пiць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якiх ты напэўна ўжо запрасiў, мала супольнага са мною маюць.
– Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьнiцы, прыхадзiце й гуляйце. Нiхто нiкога пiць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.
Iншым разам пiсьменьнiк ужо згадзiўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мiнулым.
– У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, - усьмiхнуўся Алесь.
На бацькаўшчыне яны не сустракалiся. Алесь чуў пра Шпака i вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёмiлiся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар'ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскi падыход, добрыя адносiны, шчырасьць i запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнiм месцы "помач добрага сябры" размылi ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьцi. Пiсьменьнiк цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.